Аляксей Мінчонак: «Галасы будзе падлічваць галоўны каардынатар «Басовішча», то бок я»

Сябры журы «Адборышча-2007» прыступілі да праслухоўваньня дэма-запісаў 53 гуртоў, якія ўдзельнічаюць у першай частцы адборачнага туру на фэстываль «Басовішча-2007». 6 чэрвеня ў наступны тур пройдуць 20 камандаў. Як будзе ажыцьцяўляцца адбор?

Аляксей Мінчонак: «Крытэры такія ж, як і ў мінулыя гады. Кожны сябар журы падыходзіць да гэтага вельмі пэрсанальна й абірае тыя гурты, якія яму найбольш пасуюць. Мы імкнуліся стварыць такое журы, каб улічыць розныя меркаваньні. У склад журы ўваходзяць людзі, якія маюць розныя музычныя густы, розныя погляды.»

Па якой сыстэме і хто будзе падлічваць галасы?

«Галасы будзе падлічваць галоўны каардынатар «Басовішча», то бок я. Кожны сябар журы абірае дваццаць гуртоў і разьмяркоўвае паміж імі балы ад аднаго да дваццаці. Напрыклад, лепшы гурт атрымлівае 20 балаў, а горшы – 1 бал. У выніку, усе галасы будуць падсумаваныя, й, такім чынам, вызначыцца тая дваццатка, якая прыме ўдзел у «Адборышчы».

53 гурты – гэта шмат. А як будзе тэхнічна ажыцьцяўляцца падлік галасоў?

«Падлік галасоў будзе ажыцьцяўляцца па прынцыпе «Эўрабачаньня». Зьлева пішацца сьпіс гуртоў, а справа – балы ад кожнага ўдзельніку журы. Напрыклад, першы ставіць тры балы, другі – чатыры, наступны – 10 і г. д.»

Аляксей запэўніў, што год вывучаў ва ўнівэрсытэце Excel, з дапамогай якога і будзе лічыць галасы. А сам працэс, на ягоную думку, зойме каля гадзіны.

Басовішчу сёлета ўжо 18 год. У гісторыі фэстывалю сярод арганізатараў як з польскага так і зь беларускага боку шмат імёнаў. Фэстываль музыкі маладой Беларусі «Басовішча» заснаваны і ладзіцца Беларускім аб’яднаньнем студэнтаў у Польшчы (БАС), якое сёлета ўзначаліў студэнт зь Беластоку Радаслаў Дамброўскі – ён жа займаецца і каардынацыяй «Басовішча».

Зь беларускага боку адказнымі за падрыхтоўку да фэстывалю ў розныя гады былі Віталь Супрановіч (БMA), Аляксандар Памідораў і інш. У мінулым годзе – Воля Кузьміч (Generation.by), а сёлета – Аляксей Мінчонак (Тузін Гітоў).

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0558 seconds.