Беларускія студэнты могуць стаць адзінымі без ільготаў на праезд

Беларускія парлямэнтары зьбіраюцца разгледзець пытаньне пра ўпарадкаваньне (чытай — адмену) цэлага шэрагу льготаў. Цяпер галоўнае пытаньне для маладых беларусаў — ці адмовяць студэнтам і школьнікам у 50%-ай зьніжцы на праезд?

У красавіку міністар адукацыі Аляксандар Радзькоў сказаў:

— З аднаго боку, у нас заўжды былі льготы на праезд для студэнтаў і мы да гэтага прызвычаіліся. Зь іншага — нідзе ў сьвеце гэта не распаўсюджана.

Мы дазволілі сабе ўсумніцца ў словах міністра. Няўжо нідзе, апроч Беларусі, няма льготаў на праезд для навучэнцаў? Пачалі мы з суседніх краін.

У Расеі льготы для школьнікаў, студэнтаў і пэнсіянэраў пераглядалі ня раз. Але езьдзіць таньней студэнты не перасталі.

— Праз студэнцкі прафсаюз яны могуць купляць праязныя білеты з значнай зьніжкай, — расказалі нам у расейскім пасольстве. — Напрыклад, калі білет каштуе 300 рублёў, то студэнту ён абыдзецца ў 180. Ёсьць зьніжкі і на чыгуначны транспарт, яны дзейнічаюць увесь час, акрамя лета.

Літва — сапраўдная раскоша для студэнтаў. Ільготны праязны на месяц для студэнта ў Вільні каштуе каля 12 літаў, па цане — як два куфлі піва! Зьніжка на праезд у гарадзкім транспарце — 50%‑ая на «аднаразовы» білет, і ажно 80%‑ая на праязны! За чыгуначны транспарт студэнты плацяць на 50% меней, за аўтобусы — на 30%. За час навучаньня літоўскі студэнт пасьпявае аб’езьдзіць усю сваю невялікую радзіму, пабачыць на ўласныя вочы гістарычныя мясьціны і адметнасьці.

У Польшчы студэнты таксама эканомяць на транспарце.

— Зьніжкі ёсьць у студэнтаў і школьнікаў, — расказалі нам у пасольстве Польшчы. — Іх дакладны памер залежыць ад гміны, то бок ад мясцовага органа самакіраваньня. У сярэднім гэта ўсё ж 50% на гарадзкі транспарт і 30% на падарожжы па краіне.

У далёкіх ад Беларусі краінах зьніжкі ў студэнтаў ня меншыя.

— У Лёндане, як толькі ты паступаеш у ВНУ і рэгіструешся як студэнта, атрымліваеш зьніжку, — расказала былая ангельская студэнтка Алена Касько. — Гэта мінус 30% на ўсе віды публічнага транспарту плюс розныя льготы на паездкі па краіне.

У Ірляндыі праязны на месяц на аўтобусы і цягнікі (электрычкі, мэтро) каштуе для студэнтаў 80 эўраў, а для дарослых — 113 эўраў. У Нямеччыне кожны студэнт атрымлівае права зьніжкі на праезд адначасова з студэнцкім білетам.

У Галяндыі рай ня толькі для растаманаў, але і для студэнтаў. У іх ёсьць зьніжкі ня толькі на квіткі і праязныя, але і на білеты на культурныя мерапрыемствы кшталту дыскатэк і выстаў. Больш за тое, у Галяндыі вынайшлі адмысловы «праязны для выдатнікаў» — студэнтаў, якія вучацца на «добра » і «выдатна», увогуле вызваляюць ад платы за праезд! Адмысловы праязны дае права катацца бясплатна ва ўсе дні тыдня ці на выходных — прычым ня толькі езьдзіць па горадзе. але і пракаціцца ў прыгарад. Больш за тое, з вамі бясплатна могуць езьдзіць да чатырох сяброў!

У Швэцыі ёсьць ільготы на праезд ва ўсёй моладзі да 18 гадоў. Студэнты карыстаюцца зьніжкамі і ў сваім горадзе. Пры паездках па краіне ім прадаюць білеты таньней на 25‑50% у залежнасьці ад транспарту.

Мы вырашылі праверыць і больш далёкія тэрыторыі! У ЗША таксама ёсьць зьніжкі на праезд для студэнтаў. Яны залежаць ад штату і гораду, але ёсьць паўсюль. Напрыклад, у горадзе Портлэнд штату Мэн зьніжка стандартная — 50% на праезд у гарадзкім транспарце. Паездкі па краіне тут вельмі вітаюць, таму цэны для студэнтаў зьніжаны і пры паездках на самалётах ці аўтобусах.

Погляд з 6‑га паверху

У сьвеце студэнтаў практычна прымушаюць падарожнічаць і ўвогуле рухацца. Лічыцца, што чым больш чалавек падарожнічаў, тым шырэйшы ў яго кругагляд. Студэнтам даюць зьніжкі на праезд — галоўнае, зьезьдзі! Робяць таньнейшымі білеты ў тэатар, на выставу, нават на дыскатэку. Схадзі, паглядзі! Бо студэнт — будучыня нацыі і мусіць на свае вочы пабачыць прыгажосьць Парыжу, вечны горад Рым, ды хаця б старадаўнюю царкву ў суседнім мястэчку. Ды што там, у Ірляндыі студэнтаў‑іншаземцаў абавязкова селяць у інтэрнатах і не дазваляюць здымаць кватэру. Каб усе паперазнаёміліся!

І толькі ў нас у краіне думаюць, а можа, ня трэба студэнту езьдзіць? Ну хіба што па Менску. А не менчуку да роднага гораду дабрацца, дык бацькі заплацяць…

У выніку студэнт «падарожнічае» раз на месяц да мамы-таты за бульбай. Ён не палюбуецца на Мір і Нясьвіж, не пабачыць Косаўскі палац, Гальшаны, ня кажучы ўжо пра Сафійскі сабор у Полацку… Яму дорага катацца! А мы празь пяць гадоў атрымаем чалавека, які ня ведае ўласную краіну, не адчувае розьніцы ў мэнтальнасьці жыхароў з Горадні і Гомелю, ня бачыў балатоў Палесься, азёр Браслаўшчыны і віцебскіх лясоў. Навошта? Ён лепей піва пап’е. На зэканомленныя…

Вольга Шастакова, «Комсомольская правда» в Белоруссии»;
пераклад «Наша Ніва»

12:42, 22/05/2007 | Артыкулы |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0582 seconds.