Zet i IQ48 выступяць разам 14 траўня

Вялікі супольны канцэрт Zet i IQ48 пройдзе 14 траўня а 18-й гадзіне ў клюбе «Арэна».

Zetаўцы нячаста радуюць сваімі выступамі сталічную ды і ўвогуле айчынную публіку, паколькі зараз упарта працуюць у сонечнай Вэнэсуэле ў складзе беларускага будатраду, вучаць лацінаамэрыканцаў правільна вырошчваць збожжа і лён, дапамагаюць у будаўніцтве аграгарадкоў. А паколькі вэнэсуэльскае надвор’е цёплае круглы год, то ня так лёгка хлопцам вырвацца ў адпачынак на Радзіму, завітваюць яны ў сінявокую літаральна на некалькі дзён.

На шчасьце, гэтым разам атрымалася дамовіцца з музыкамі адыграць эксклюзыўны канцэрт у горадзе-героі Менску. Гурт абяцае пацешыць прыхільнікаў гітамі з абодвух альбомаў ды падзяліцца ўражаньнямі, атрыманымі падчас знаходжаньня ў далёкіх цёплых краях...

Гурт IQ48 імкліва і заслужана ўвайшоў у вышэйшы эшалён беларускай альтэрнатыўнай музыкі. «Здаровыя лосі» пэрыядычна ўзрываюць танцпляцы розных гарадоў, даючы канцэрты, поўныя шалёнай энэргетыкі і пазытыву. Зараз упарта занятыя запісам новага альбому, але вырашылі адарвацца ад студыйнай працы дзеля гэтага выступу.

Разаграваць алдовых байцоў беларускага рок-фронту будзе малады, але таленавіты ска-панк гурт the naиSKAсок, які здабыў ужо станоўчую рэпутацыю ў менскіх альтэрнатыўных колах.

Такім чынам, раім не прапусьціць спатканьне зь любімымі музычнымі калектывамі і наведаць 14 траўня клюб «Арэна».

Даведкі і замова квіткоў па тэл.: 674-97-61.Кошт: 12000 – загадзя, 15000 - у дзень канцэрту.
13:45, 11/05/2007 | Анонсы |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0576 seconds.