NRM у горадзе M

У горадзе M, у час X адбыўся канцэрт гурта Y. Фэны легенды беларускага року – NRM – ужо прызвычаіліся да кансьпіратыўных умоваў. У маленькім клюбе маленькага гораду было ну вельмі горача. Але галоўнае – было цёпла і душэўна. NRMаўцы часткова прэзэнтавалі свой новы альбом, які чакаем ужо праз тыдзень. Было шмат старых, дарагіх сэрцу кампазіцыяў. Гэтым разам, дарэчы дарма, амаль не было гаварыльні, але два разы музыкі выходзілі на біс. Народ слэміўся не па-дзіцячы – цяжка прыйшлося ахоўніку.

Падчас канцэрту шукалі пашпарт і студэнцкі, на сцэну вылецеў адзін кед, па частках (корпус і батарэя) – мабільны самсунг. На шчасьце, абышлося без ахвяраў, дзеці ды каханыя не губляліся ;)

Па ўжо добрай традыцыі адбылася ратацыя кадраў: Вольскі перасеў за бубны, а Алезіс выканаў ужо добра вядомую аматарам песьню пра пляны эміграцыі ў Кітай. Таксама ўсім фотааматарам Лявон зрабіў адмысловы «падарунак» – стужка-флікер на папругу ад гітары (гітара, дарэчы, новая, амэрыканская, выступала ўпершыню). Таму на ўсіх, нават самых цёмных здымках, лёгка вызначыць, дзе Лявон. Мяркуем, некалькі здымкаў можна выкарыстаць у кампаніі ДАІ «Стань заўважным». Такога пешахода, як Вольскі, нават нецьвярозы кіроўца ўбачыць.

 

Музыкі ўпарта прасілі гарачую моладзь адысьці на некалькі крокаў назад: каб не падавіць тонкіх дзяўчатак. Лявон гразіўся, што калі хлопцы ня будуць іх берагчы, то музыкі пазабіраюць усіх сабе. Што выклікала бурную і радасную рэакцыю жаночай паловы – супраць такіх пэрспэктываў ніхто не выказаўся.

 

Стомленыя менчукі рушылі ў бок вакзалы – іх чакаў доўгі шлях дахаты, некаторыя плянавалі паспаць гадзінку-другую. Але не давялося. На гукі песьні, што завяла невялікая купка людзей, у вагон нумар пяць спаўзьліся ўсе аматары беларускае высокае культуры. За час падарожжа быў выкананы амаль увесь канцэртны рэпэртуар NRM і нават штосьці рарытэтнае, не забыліся і на «Мрою». Добра пайшоў «Народны альбом» і «Я нарадзіўся тут». Міліцыянты толькі далікатна праходзілі па вагоне. «Міліцыя з народам» – ды і што ім заставалася рабіць? Як па камандзе ўсе падрыхтавалі квіткі на праезд, але кантралёры, відаць, не аматары беларускага року, таму наш вагон абмінулі. Хаця, мы выконвалі і «Дзеда-Барадзеда».

 

Сам Вольскі ня ведаў, як весела народ вяртаўся з канцэрту. Была б я музыкай з NRM – пакацілася б па шчацэ сьляза замілаваньня. Нават новыя кампазыцыі сьпяваліся – ці то народ так хутка падхоплівае, ці то ўжо спампавалі зь Сеціва. Да апошняга варыянту, а хутчэй за ўсё, так яно і ёсьць, Лявон ставіцца кепска. Адкуль альбом зьявіўся ў Сеціве, для гурта – загадка.

«Лепш набыць якасны альбом па ня вельмі высокім кошце ў нармальнай краме, у прыгожай вокладцы, пасьля афіцыйнага рэлізу, інтэрнэт ня мусіць быць перад выхадам дыску – гэта не цывілізавана», – адзначыў generation.by Лявон.

Шмат файных фотаздымкаў з канцэрту ў lj карыстальніка ingi. У многіх дзёньніках на Livejournal фэны дзеляцца ўражаньнямі пасьля канцэрту. Натхніцца можна ў дзёньніках koziel і warkus.

Прыемна, што гады бягуць, а аўдыторыя NRM не старэе – заўсёды маладыя ды натхнёныя твары. Лявона гэта не зьдзіўляе, бо так заўсёды было: да дваццаці год – самая актыўная публіка.

«Людзі ў гэтым узросьце найбольш актыўна ўсмоктваюць музыку, тэкставыя ідэі… А потым к трыццаці гадам чалавек стамляецца ад гэтага, займаецца сям’ёй, кар’ерай», – кажа Лявон.

Пазытыўных эмоцыяў засталося вельмі шмат – хопіць надоўга. Усім вялікі дзякуй!

P.S. Мо ў складзе вагона нумар пяць адправіцца на гастролі? Ці ладзіць штогадовы фэст «Вагонішча»? (на назоў ставім капірайт :)=

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0603 seconds.