Дэ-жа-вю
Баўгарскія ўнівэрсытэты ў роспачы патрабуюць рэформаў. Па 17 гадох незалежнасьці яны ўсё яшчэ нясуць на сябе адбіткі камуністычнага мінулага.
«Гэта было жудасна! Самы прэстыжны ўнівэрсытэт краіны, а ў кампутарным лабе – 20 кампутараў розных узростаў ды канфігурацый, паламаныя сталы, аблупленая атынкоўка, прафэсура, якая размаўляла толькі тэорыяй ды ніколі не каштавала практыкі», – узгадвае Асэн Цонаў, які атрымаў свой першы досьвед баўгарскае адукацыі ў сакавіку, запісаўшыся на курс Інтэрнэт-тэхналёгій ў Сафіійскім унівэрсытэце.
Сп. Цонаў, які зараз працуе ў амбасадзе Японіі ў Баўгарыі, атрымаў дыплём майстра ў Лёнданскім City College.
Больш за ўсё, паводле яго словаў, яго ўразіла рэмарка прафэсара, які выкладаў электронны гандаль:
«Вы набываеце празь Сеціва? Я асабіста не, бо я досыць кепска ладжу з кампутарамі, але Вы павінны, бо будучыня за электронным гандлем».
Такія рэчы – ня дзіва ў Баўгарыі. Івайла Васільлеў, які скончыў Сафійскі ўнівэрсытэт з дыплёмам па эканоміцы, кажа:
«Прафэсура адсутнічала на траціне лекцый. Ніводзін зь іх нават і не намагаўся запомніць імёны студэнтаў. Падручнікі, што нам выдалі, былі надрукаваныя дзесяць год таму. Ніводзін з прафэсараў не намагаўся выйсьці за межы тэорыі ды прывесьці нешта з рэальнага жыцьця. На восемдзесят адсоткаў лекцыі ўяўлялі сабой простыя дыктоўкі. Самае каштоўнае, што я вывучыў за гэтыя гады – гэта тое, што калі я не праяўлю ўласнае ініцыятывы, ніводзін з прафэсараў не дасьць мне досьведу з рэальнага жыцьця».
Апроч спсп. Цонава ды Васільлева шмат выкладчыкаў, студэнтаў, працадаўцаў ўпэўненыя, што баўгарская сыстэма адукацыі знаходзіцца ў глыбокае крызе. Прапанаваная міністэрствам адукацыі рэформа можа быць першым крокам на шляху да новага жыцьця.
Welcome to the real world!
Вельмі цяжка параўноўваць баўгарскія ўнівэрсытэты – у краіне адсутнічае статыстыка па працаўладкаваньню ды заробках выпускнікоў ВНУ. Але дакладна адно: аніводны з баўгарскіх унівэрсытэтаў ня ёсьць прысутным у сьпісе 500 найлепшых ВНУ сьвету, складзеным Інстытутам вышэйшае адукацыі шангайскага ўнівэрсытэту Джы Тон.
Агульная скарга ўсіх працадаўцаў – тое, што нават выпускнікі з самых прэстыжных ВНУ краіны, якія маюць некалькі ступеняў у розных дзядзінах, вымагаюць on-the-job адукацыі да іх спэцыяльнасьці.
«Некампэтэнтнасьць моладзі, што выпускаецца з ВНУ – я маю на ўвазе працоўную некампэтэнтнасьць – падмывае падмурак эканамічнага буму ў краіне», – заявіў Іва Пракоп’еў, прэзыдэнт баўгарскае канфэдэрацыі працадаўцаў ды прамыслоўцаў.
«Большай частцы выпускнікоў баўгарскіх ВНУ, што прыходзіць працаваць да нас, бракуе ведаў, і мы мусім іх рэадукоўваць. Уявіце сабе мярыла гэткага марнаваньню рэсурсаў», – кажа Саша Бэзуханва, мэнэджэр НР Баўгарыя ды кіраўнік управы кадраў.
Паводле дадзеных UNESCO, у 1999 годзе ў замежных унівэрсытэтах навучалася 10024 маладых баўгарчукоў. Зараз іх стала 54000.
У чым жа прычына занядбанасьці баўгарскіх унівэрсытэтаў?
Тыя, хто працуе ў сыстэме адукацыі, зазвычай называюць недахоп дзяржаўнага фінансаваньня. У кожным годзе ўрад Баўгарыі выдаткоўвае грошы ўнівэрсытэтам ў адпаведнасьці з колькасьцю студэнтаў, што навучаліся летась. У 2006 годзе супольнае фінансаваньне 53 унівэрсытэтаў краіны складала 131 мільён эўра. Колькасьць студэнтаў у сыстэме на той час складала 260000 чалавек, або 3.4% насельніцтва.
Баўгарыя выдаткоўвае 0,8 адсоткі СУП (супольнага ўнутранага прадукту) на адукацыйныя мэты. Сярэдні паказчык па ЭЗ – 1,2 адсоткі, 2,3 адсоткі ў Канадзе, 2,6 – у Злучаных Штатах. Штогод на студэнта выдаткуецца 1100 эўра, у параўнаньні з €8600 ў іншых краінах ЭЗ ды €20000 ў ЗША.
Аднак вялікая частка працадаўцаў ды эканамістаў упэўнена, што да заняпаду спрычыняецца ня толькі брак грошаў, але й тое, якім чынам яны разьмяркоўваюцца між унівэрсытэтамі. Маўляў, цэнтралізаванае вызначэньне, колькі атрымае кожны ўнівэрсытэт, усталяваньне платы за адукацыю таксама дзяржавай зьнішчаюць канкурэнцыю між ВНУ.
«Унівэрсытэтам патрэбная фінансавая аўтаномія», – кажа Гэоргы Ангэлаў, эканаміст Адкрытага Інстытуту ў Сафіі. – «Яны самі павінны несьці адказнасьць за свае выдаткі ды страты, а не скардзіцца дзяржаве, маўляў, пазычце нам на ацяпленьне лабаў. Яны павінныя ўкладаць у прафэсуру, якая ведае, што выкладае, у новы рыштунак для лабараторыяў, у новыя расклады, запрашэньні замежных адмыслоўцаў. Лепшыя заробяць грошы, а благія проста зьнікнуць».
Solution found?
Пачынаючы з 1996 года Закон аб адукацыі быў папраўлены болей за 20 разоў. У выніку зараз у ім адсутная выразная агульная візія разьвіцьця.
За 17 год незалежнасьці ніводзін урад не падвысіў выдаткі на адукацыю, аргумэнтуючы гэта тым, што няма чаго ўкладацца ў пустую рудню.
Даніэль Валчаў, міністар адукацыі, неаднаразова заклікаў да рэформаў. Гэтым сакавіком ён прапановаў сваё бачаньне.
Сп. Валчаў кажа, што ўсе пункты яго прапановы можна абгаворваць, але на адным ён стаіць жорстка: «Вышэйшая адукацыя вымагае кардынальных зьменаў у прынцыпах фінансаваньня». Паводле яго словаў, унівэрсытэтам патрэбнае дадатковае фінансаваньне, але яно мае прыйсьці не ад дзяржавы, а ад студэнтаў (у выглядзе платы за адукацыю) ды ад новых праектаў унівэрсытэтаў.
На дадзены момант памер платы за навучаньне вызначаецца міністэрствам адукацыі. Для эканамістаў ён роўны 100 эўра на год, для юрыста – 125 эўра. Прапанова сп. Валчава палягае ў тым, каб унівэрсытэты самы вызначалі памер платы за навучаньне ў межах рэальных выдаткаў на навучаньне аднаго студэнта ўнівэрсытэтам. На дадзены момант, паводле статыстыкі МА, яны складаюць ад 500 да 4000 эўра штогод.
Увядзеньне платы за навучаньне (вышэйшай за тую намінальную, што зараз выплочваюць студэнты) выклікала хваляваньні ў некаторых Эўрапейскіх краінах. Пратэсты выбухнулі ў тым ліку і ў Славаччыне ды Расеі; апытаньні паказваюць апазыцыю большасьці чэхаў магчымым новаўвядзеньням. Аднак у Баўгарыі плян сп. Валчава пакуль што не справакаваў пратэстаў. Можа таму, што ён знаходзіцца ў стадыі чарнавіка ды яшчэ не выносіўся на абмеркаваньне парляманту.
Сп. Ангелаў, эканаміст, лічыць, што сапраўды ўзважаная сыстэма будзе ўсталяваная рынкам адукацыйных паслуг, як толькі ўнівэрсытэтам дадуць аўтаномію у гэтых пытаньнях. Акрамя таго, ён прапаноўвае, каб субсыдыі для студэнтаў выплачваліся наўпрост – не інстытуцыям, а самой моладзі.
Крытыкі мяркуюць, што сучасная сыстэма правакуе стагнацыю: колькасьць студэнтаў застаецца на тым жа ўзроўні, бо субсыдыі выдаткоўваюцца постфактум на падставе колькасьці студэнтаў у мінулым годзе, тым самым не даючы магчымасьці ВНУ пашыраць кола навучэнцаў. Улічваючы рост насельніцтва, нават пры захаваньні безкаштоўнасьці (ужо не зважаючы на якасьць адукацыі) будуць існаваць «выкінутыя» з працэсу. Такім чынам, існуе выбар: або частка не пойдзе ўва ўнівэрсытэт праз адсутнасьць месцаў, а ўзровень адукацыі застанецца «ніжэй плінтусу», або ня пойдзе праз адсутнасьць грошаў. Затое для астатніх, у любым выпадку, будзе гарантаваная якасьць. Натуральна, зь цягам часу.
Рэктар Сафійскага ўнівэрсытэту назваў прапанову сп. Валчава «лепшым, што здаралася ў баўгарскае адукацыі ад пачатку 90-х».
Зараз свае слова павінен сказаць парлямант.