Адной левай, альбо Left Is Right!

Упершыню сваю ўнікальнасьць я ўсьвядоміла, як толькі патрапіла ў школу. Раптам апынулася, што ўся кляса – усе дваццаць тры маленькіх чалавекі – трымаюць асадку ў правай руцэ. Адна толькі я нэрвова сьціскала яе ў левай. Хвіліна няёмкасьці – і мая асадка, як і ва усіх, – у  «правільнай» руцэ. Настаўніца нават і не здагадвалася, чаму мае каракулі ў сшытку горшыя за усіх – а я, 100%-ая сямігадовая ляўша, самастойна вучылася пісаць, як і ўсе – праваю рукою. Урэшце навучылася – тады гэта было маёй маленькай перамогай, і толькі праз пэўны час, паскардзіўшыся маці на «каравасьць» маёй пісаніны, Нэльлі Міхайлаўна даведалася пра гэты маленькі подзьвіг  :).

Шчыра кажучы, пісаць і трымаць відэлец – адзінае, што я навучылася рабіць правай рукой. Ва ўсім астатнім я засталася ўнікальнай. Па статыстыцы нас ажно 15% ад усёй колькасьці людзей. Як жывецца ляўшам у сьвеце праварукай большасьці?

Наша гісторыя

Пачнем з таго, што ляўшы – ніякія не мутанты і ня вынік тэхналягічнага прагрэсу. Мы існавалі яшчэ 1,4 мільёна гадоў таму – пра гэта сьведчаць некаторыя старажытныя прылады працы. Зараз наша колькасьць расьце – ад дурной практыкі гвалтоўнага перавучваньня ў Саюзе адмовіліся ў 80-ых гадох, а да гэтага, што толькі не прыдумлялі – і лінейкамі калашмацілі, і прывязвалі руку да крэсла. Афрыканскія зулусы апынуліся яшчэ больш вынаходлівымі – яны апускалі левую руку «няправільнага» вучня ў кіпень. Стагодзьдзямі нас лічылі ня проста дзівакамі, а людзьмі з дурнымі схільнасьцямі, псыхічна няўстойлівымі і нават ведзьмакамі.

Кажуць, што «леварукасьць» легендарнай Жаны Дарк сталася апошнім аргумэнтам, каб адправіць яе на вогнішча. У Японіі муж меў права разьвесьціся з жонкай, калі пасьля вясельля высьвятлялася, што гаспадыня – ляўша. У Расеі іх было забаронена прыводзіць да прысягі. А італьянскі псыхіятар Чэзарэ Ламброза заўзята даводзіў, што ўсе без выключэньня ляўшы маюць крымінальныя схільнасьці.

Увогуле слова «левы» у большасьці эўрапейскіх моваў мае нэгатыўнае значэньне, а з лаціне перакладаецца «злы» ды «дрэнны». У Амэрыцы прадаюцца налепкі з надпісам «Бярыце на працу ляўшэй. Вы не пашкадуеце! Вельмі весела назіраць за тым, як яны пішуць:)»

Навуковы погляд

Неяк я прачытала камэнтар аднаго, відаць, вельмі разумнага псыхоляга. Прадраўшыся праз гушчар мэдыцынскіх тэрмінаў, я зразумела галоўнае: мозг ляўшэй куды больш складаная штука за мозг «правы». А усё таму, што ў праўшэй у большасьці выпадкаў дамінуе левае паўшар’е, што адказвае за апрацоўку вэрбальнай інфармацыі. У ляўшэй асноўныя функцыі паміж паўшар’ямі разьмеркаваныя куды больш складана. Ляўшам прасьцей перапрацоўваць інфармацыю аналітычна, у іх лепей атрымоўваецца паэлемэнтавая праца з матэрыялам, але складаней выконваць візуальна-прасторавыя заданьні. Ляўшы маюць больш высокія паказчыкі нэрвова-псыхічнай дзейнасьці і большымі адаптацыйнымі магчымасьцямі, чым праўшы, бо ім увесь час трэба прыстасоўвацца да «правабаковага» сьвету.

Мы, ляўшы, у большасьці сваёй – крэатыўшчыкі, якія на сёньня надзвычай запатрабаваныя ў разнастайных сфэрах жыцьця: кіно, тэатры, музыцы, рэкляме, PR, дызайне. Перадусім мы вельмі эмацыйныя натуры :)

Сярод творчых асобаў з «мазалямі» на левай руцэ – Пол Макартні, Чарлі Чаплін, Мэрылін Манро, Фрыдрых Ніцшэ, Ісаак Ньютон, Льюіс Кэрал, Нікаля Паганіні, Марк Твэн...

Шанцуе – не шанцуе

Не магу сказаць, што мне, як і астатнім ляўшам, не шанцуе ў жыцьці. Але шмат якія рэчы, элемэнтарна простыя для праўшэй, для нас складаныя. Напрыклад, ляўшы часта размазваюць чарніла, калі пішуць. Нам нязручна карыстацца кампутаровай клявіятурай і мышшу, пакуль не прызвычаімся. А фотаздымачы? Вы калі-небудзь заўважалі, што усе самыя патрэбныя кнопкі на іх зьмешчаны з правага боку? Я ужо не кажу, наколькі нязручныя для нас нажніцы, штопары і адкаркаркачы!

Тым ня менш, ня усё так дрэнна. Прынамсі, у боксе, тэнісе ды фэхтаваньні ляўшы маюць пэўныя перавагі. Большасьць іх супернікаў – праўшы, таму левы флянг у іх амаль безабаронны! Цікава, што ў выбарах прэзыдэнта ЗША 1992 года прымалі удзел ажно тры ляўшы: Біл Клінтан, Джордж Буш і Рос Пера.

Во як!

А ці ведалі вы, што 13 жніўня 1984 года Міжнародная канфэдэрацыя ляўшэй вырашыла абвесьціць Сусьветным Днём Ляўшэй! Праўда, шырока адзначаць мы пачалі яго толькі з 1992-га. Дэвіз сьвята даволі амбіцыйны: «Ляўшы усяго сьвету, яднайцеся і пакажыце гэтым праўшам!» Тады праўшам прапануецца цэлы дзень карыстацца толькі левай, каб з усім смакам адчуць сябе ў скуры ляўшэй, а пасьля выказаць сваю салідарнасьць да «левай» меншасьці. У Вялікабрытаніі, да прыкладу, салідарнасьць выказваюць продажам і набыцьцём вопраткі з надпісам «Left is right!».

І апошняе...

Ёсьць людзі, што аднолькава добра карыстаюцца абедзьвюма рукамі. Гэта амбідэкстры. А прыкладу, падчас працы над Сыкстынскай капэлай Мікеланджэла маляваў і правай, і левай. Сьціпла зазначу, што і мне пашанцавала практычна з аднолькавым посьпехам выкарыстоўваць абедзьве рукі :)

А некаторыя ўладальнікі буйной фантазіі ўвогуле лічаць, што праз наш мозг час цячэ не ад мінулага да будучыні, а наадварот. Праўда гэта ці не, хай гэта застаецца нашым маленькім – «левым» – сакрэцікам.

Падзяка  за падрыхтоўку матэрыяла Кацярыне Ракавай


Кася Сарокіна 12:30, 07.05.2007 | Ёсьць такія людзі |




Камэнтары праз FACEBOOK



 
In 0.0653 seconds.