Indie Fest

Што можа вас прымусіць у чацьвер увечары кінуць хатняе заданьне, курсавыя, дыплёмныя, тэлевізійны пульт альбо ўрэшце кампутаровую мыш і выйсьці з хаты ў накірунку клюба «Арэна»? Вось і я не ведаю, што мяне туды панесла? :) Але загадкавая назва Indie Fest так і вабіла, так і клікала да сябе.

Урэшце, калі дайшоў, выявілася, што а ня будзе такі Індыгі – не завітаў я своечасова на іх гасьцёўню. А куды ж тут гурт без гітарыста!

Але ж фэст распачаўся. Гуртом «Мытарства». Аднак... Вось выраз ёсьць такі «Начали за здравие...» Тут неяк наадварот выйшла. Маю на ўвазе настрой музыкі, настрой на сцэне. Ну сапраўдныя «Мытарства». Хоць навешай на сябе кайданоў пудкоў з 10 і вый на месяц. Якасна, зладжана... але як па мне дык – людцы, калі ўрэшце мы пачнем радавацца жыцьцю? :)

Аптымістычны настрой мне вяртае Iris7, якія ішлі пасьля. Во гэта прыемна, станоўча. Гармонія, хараство, мэлёдыя, рух... ніякіх табе загонаў... слухай, атрымоўвай асалоду, скачы альбо сядзі з бутэлькай... чаго-небудзь. Усё адно: душа і цела адпачываюць. Дзякуй. І ўсё бачна па публіцы, што ўсё бліжэй і бліжэй падбіралася да сцэны.

Lilith працягнулі канцэрт. 4 дзяўчыны, 1 хлопец (цікава ўсё ж, як яму там?). Але бываюць у каманды і лепшыя выступы. Падалося, што гэта быў не зусім іх дзень. Аднак публіку разварушылі, жывая стала, голас падала. Адзін хлопец, які адрываўся дай бог, атрымаў у падарунак ад вакалісткі сьпеў «Хлопчык». 

Канцэрт працягваўся. І ўжо напрыканцы – вось яны, хэдлайнэры вечара – Naka. Не... NAKA! Што хаваць, сёньня іх чакалі, сустракалі авацыямі – наколькі дазволіла гэта колькасьць людзей. А яно адчуваеш, што Анастасія акторка, і тут: выступ – спэктакль, дзе кожная песьня – асобны акт са сваім месцам і часам дзеяньня. Кожны крок на сцэне – кожная нота ў песьні: паўтораныя 150 разоў і на 151 – новыя зноў. Што тут дадаць. Толькі тое, што гледачы доўга патрабавалі біс, а, атрымаўшы, усё ж няспынна скандавалі «Naka!».

Вялізная, прыемная музычная кропка для фэсту. Уздым пачуцьцяў і сьвежых сіл мне забясьпечаны, спадзяюся, як і ўсім астатнім, хто такі дайшоў у чацьвер ўвечары да «Арэны».

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0614 seconds.