Глябалізацыя з чалавечым тварам

У эпоху глябалізацыі адлегласьць значна скарачаецца. Гэты артыкул-інтэрвію пра маладую дзяўчыну, што вырашыла праверыць гэта на сабе і выправілася ў падарожжа вакол сьвету.

Са школьных падручнікаў гісторыі запомніліся расповеды пра вялікія эпохі ў разьвіцьці чалавецтва – каменны век, сярэднявечча, новы час... У 20-м і тым больш 21-м стагодзьдзі ход гісторыі паскорыўся і тым самым даў шанец людзям, што жывуць зараз, назіраць і ўдзельнічаць ня проста ў гістарычных, а эпахальных падзеях. Ці не самым важным і вызначальным фактарам сучаснасьці зьяўляецца глябалізацыя.

У маёй сьвядомасьці, сфармаванай усё яшчэ даволі моцна ізаляванай ад астатняга сьвету беларускай рэчаіснасьцю, глябалізацыя доўга асацыявалася з глябальным тэрарызмам і змаганьнем зь ім; злымі транснацыянальнымі кампаніямі, якія эксплюатуюць разьвіваючыяся краіны; НАТА; экалягічнымі катастрофамі; рухам антыглябалістаў і г.д. Чамусьці націск занадта часта ставіцца на адмоўных рысах гэтай зьявы. Тым ня менш, глябалізацыя – гэта новая рэчаіснасьць, у якой мы жывем і будзем жыць, і ў якой неабходна навучыцца існаваць, каб быць пасьпяховым.

Уладальнік пулітцэраўскай прэміі, журналіст «The New York Times» Томас Фрыдман у кнізе «Плоскі сьвет. Кароткая гісторыя 21-га стагодзьдзя» вылучае ў гісторыі чалавецтва наступныя этапы разьвіцьця глябалізацыі:

  • 1600 – 1800 гг, калі адзінкай глябалізацыі была нацыя
  • 1800 – 2000 гг, калі адзінкай глябалізацыі стала фірма
  • 2000 – зараз, калі глябалізацыя перайшла на ўзровень асобы.

Глябальнасьць асобы можна адчуць і паназіраць за ёй і самому. Я ўпершыню пра гэта задумалася, седзячы ў агульнай залі моладзевага хостэлу ў Хэльсынкі. У той жа залі сядзелі дзьве дзяўчыны зь Японіі, хлопец з Аўстраліі, расейская дзяўчына з амэрыканскай сяброўкай, міма прайшла група нямецкіх байкераў, што прыехалі на шоў у сталіцу Фінляндыі...

Усе займаліся сваімі справамі: хто чытаў кнігу, хто сядзеў у інтэрнэце, хто глядзеў міжнародныя навіны па тэлебачаньні. Але ж у тым, што такія розныя людзі з розных канцоў сьвету на пэўны момант апынуліся ў адным месцы, было нешта хвалюючае, адчуваньне новага сьвету, дзе ўжо няма межаў. Жывым увасабленьнем гэтай новай эпохі для мяне стала дзяўчына Кэйт, зь якой мы некалькі дзён жылі ў адным пакоі. На яе гісторыі хочацца спыніцца падрабязьней.

«Я добра навучылася працаваць з кнігамі, але не з людзьмі»

Кэйт Фрэйжэр (Kait Fraser) – 22-хгадовая амэрыканская дзяўчына з Каліфорніі. У мінулую вясну Кэйт скончыла каледж з выдатным дыплёмам бакаляўра марской біялёгіі. Перад тым, як працягнуць адукацыю ва ўнівэрсытэце, Кэйт вырашыла ўзяць год на адпачынак. Гэты час яна магла аддаць на тое, каб дзесьці папрацаваць і зарабіць трохі грошай і працоўнага досьведу; альбо заняцца навуковай працай. Тым ня менш Кэйт вырашыла правесьці гэты год па-за межамі сваёй краіны. Праз тыдзень пасьля заканчэньня каледжу Кэйт набывае квіток у адзін канец у Эўропу – а дакладней Прагу, Чэхія.

«З каледжу я выпусьцілася з выдатнымі адзнакамі, але я не навучылася там камунікацыям. Я добра навучылася працаваць з кнігамі, але не з людзьмі. Таму замест працы альбо навукі, я вырашыла паглядзець сьвет і пазнаёміцца з рознымі людзьмі.»

Сям'я Кэйт напачатку жыла ў маленькім гарадку адкуль яны пераехалі ў Сан-Францыска, калі дзяўчынцы было пяць гадкоў.  Бацькі-праграмоўцы вырашылі адаслаць яе ў Эўропу, каб «дзіця паглядзела сьвет». І ў выніку Кэйт правяла пяць год у парыскай школе.

«Калі прыехала з Эўропы, то моцна не любіла Амэрыку і амэрыканцаў. Тады якраз быў скандал вакол Клінтана і Монікі Лівінскі, усё падавалася такім брыдкім. Я ў прынцыпе проста ненавідзела вандроўкі, але хацелася зрабіць штосьці незвычайнае. Плянавала тур, але вельмі складана было заплянаваць усё дакладна, таму напачатку быў толькі квіток і тры дні ў хостэле ў Празе.»

Наагул Кэйт даволі звычайная сучасная дзяўчына. Займаецца бальнымі танцамі. Таксама падабаецца бас-гітара, хоча граць у гурце. Музычныя густы: рок-н-рол 60-70х, рэгі, фолк – амэрыканскі, ірляндзкі, кельцкі, вугорскі; рускі ансамбль.

Маршрут вакол сьвету

На момант, калі я сустрэла Кэйт, яна ўжо была ў дарозе больш за 3 месяцы. Ейны маршрут выглядае прыкладна так:

З Прагі яна праехала праз усю Чэхію, пасьля Славакію. Правёўшы тыдзень у Будапэшце, яна выправілася ў Румынію, пасьля ў Баўгарыю на марское ўзьбярэжжа. У Баўгарыі ў яе скралі дакуманты і ў выніку прыйшлося правесьці там дадатковыя 3 тыдні, каб зрабіць у амбасадзе новы пашпарт.

Заехаўшы ў Белград, Кэйт адправілася на поўнач – Польшча, пасьля праз усе балтыйскія краіны да Таліну, адкуль на пароме трапіла ў Хэльсынкі, дзе і перакрыжаваліся нашыя шляхі.

Натуральна, я запыталася, ці не плянуе Кэйт заехаць на Беларусь.

«Мяне цікавяць розныя краіны. І хацелася б трапіць на Беларусь, асабліва калі я зараз пазнаёмілася з чалавекам адтуль. На жаль, мой амэрыканскі пашпарт хоць і дазваляе вандраваць у большасьць краінаў без візы, але зь візавым бар'ерам я таксама сутыкаюся. Так, напрыклад, зараз яшчэ дзесяць дзён прыйдзецца чакаць расейскай візы. Расея – наступны этап маёй вандроўкі і будзе даволі доўгім і, думаю, складаным.»

Такім чынам, не заяжджаючы ў Менск, Кэйт плянавала праз Расею трапіць у Азію, там наведаць Манголію, Індыю. Пераляцець у Аўстралію.

«Мне падаецца, Аўстралія – гэта ідэальнае месца для навучаньня для мяне. Я хачу там пажыць трохі болей і пашукаць для сябе ўнівэрсытэт. У Каліфорніі вада даволі халодная, а ў Аўстраліі мусіць быць сама тое, каб вывучаць падводны сьвет. Пасьля Аўстраліі хачу трапіць яшчэ ў Паўднёвую Амэрыку, дзе дамовілася сустрэцца з маімі сябрамі наступным летам. Да хаты ў Каліфорнію, калі хопіць грошай, траплю напрыканцы наступнага лета.»

Практычныя пытаньні

Сярод відаў транспарту Кэйт аддае перавагу аўтобусам, хаця таксама часта едзе на цягніках. Часам атрымоўваецца і бясплатна – аўтаспынам, як напрыклад у Баўгарыі яе падабраў аўтобус з харвацкімі дзецьмі, якія ехалі ў манастыр.

«У Манголіі, думаю, будзе складана як з аўтобусамі, так і зь цягнікамі. Магчыма, прыйдзецца наняць мула», – жартуе Кэйт.

Ужо апісаньне аднаго маршруту неверагодна ўразіла мяне. Мая аднагодка выправілася адна ў ваколсьветнае падарожжа! Любоў да авантурных вандровак даволі распаўсюджана зьява сярод моладзі, але ж звычайна ў дарогу выпраўляюцца групамі ці прынамсі парамі. Кэйт жа вырашыла скарыць сьвет адна!

«Калі вандруеш адна, то ўсё залежыць толькі ад мяне. Таксама такім чынам, я не занятая камунікацыямі з партнэрам па вандроўцы, а магу сфакусавацца на тым, што вакол мяне. Можна пабачыць сьвет вакол мяне глыбей. Хаця часам хацелася б, каб хтосьці быў побач, з кім можна падзяліцца ўражаньнямі.»

Запыталася я ў Кэйт і пра праблемы, зь якімі яна сутыкаецца падчас вандраваньня ў адзіноце:

«Асабліва цяжка было прызвычаіцца напачатку, бо трэба знайсьці і ежу, і месца, дзе пераночыць. Моўны бар’ер часам адчуваўся даволі моцна. З-за таго, што я вандрую адна, часам бывае страшнавата. Калі выяжджала з Баўгарыі з новым пашпартам мяне высадзілі пасярод ночы зь цягніку. Памятаю, у галаве былі толькі дзьве думкі – «Мамачкі, дзе я» і «Што ж зараз рабіць?». Але ўсё абыйшлося.»

А што неабходна браць з сабой у падарожжа вакол сьвету?

«Калі шчыра, то па дарозе я проста выкідвала непатрэбныя рэчы, што ўзяла з сабой. Не патрэбна мець з сабой так шмат, як падаецца. Людзей бачыш толькі 1 дзень, таму можна насіць адно і тое ж кожны дзень. Важна мець кнігу, журналы і музыку, якая нагадвае пра дом. Я ня маю нават тэлефона з сабой. Кампутар таксама не патрэбны. ВЕЛЬМІ важна ўзяць спальнік. Я пра яго ўзгадала ў апошні момант, калі шчыра. Але пасьля вельмі радая была, што не забылася. Спальнік адкрывае столькі магчымасьцяў і моцна не абмяжоўвае ў выбары начлегу.»

Эўропа з амэрыканскага погляду

Ці спраўдзіліся чаканьні ад вандроўкі? Якія ўражаньні ад стасункаў з эўрапейцамі?

«За гэтыя месяцы я сустрэла вельмі шмат прыемных і цікавых людзей. Шмат дзе людзі былі зьдзіўленыя маёй вандроўкай. Большасьць бачыць турызм адрозна ад таго, якім яго разумею я. З-за таго, што я адна, то людзі часта лічаць, што я мясцовая і хутка ідуць на кантакт.»

У Эўропе шмат жартуюць пра амэрыканцаў. Падзеі на міжнароднай арэне за апошнія гады толькі павялічваюць «нелюбоў» да гэтай краіны. І Кэйт таксама прыходзілася адказваць на пытаньні пра пралітыку ЗША.

«Я не падтрымліваю палітыку ўраду маёй краіны, і часам складана падбіраць словы пра тое, што яны робяць.

У Белградзе хостэл, дзе я ночыла, знаходзіўся якраз побач з домам, які быў разбураны падчас НАТАўскіх бамбардзіровак у 2000-м. Вельмі шмат думала пра тое, што там здарылася.»

«Я - аптымістка»

Кэйт вядзе дзёньнік сваёй вандроўкі куды запісвае свае ўражаньні, тое што яна бачыць, да таго ж робіць шмат фота.

«Па натуры я – аптымістка. Таму ўсе складанасьці вандроўкі мяне не пужаюць. Наадварот,  я атрымоўваю асалоду ад таго, што на сваім досьведзе перажываю тое, што сьвет стаў іншым, больш адкрытым. Думаю, што сьвет становіцца лепшым месцам для жыцьця. Думаю пасьля гэтай вандроўкі жыцьцё дома будзе прасьцей. Прасьцей будзе праходзіць інтэрвію пры атрыманьні працы. Я разьвітаюся з многімі маімі комплексамі.»

Напэўна, прыклад гэтай амэрыканскай дзяўчыны і не зьяўляецца простым пацьверджаньнем новай эпохі, якую звычайна асацыююць з кампутарамі, інтэрнэтам і праграмным забесьпячэньнем, якое ўдасканальвае эфэктыўнасьць працы шматлікіх кампаніяў і зьвязвае ў хвілінны працэс аказаньня паслугі розныя паўшар'і плянэты, нягледзячы на часавую розьніцу. Аднак ёсьць нешта бясспрэчна натхняльнае ў тым, што «спазнаць сьвет» сёньня можна ў прамым сэнсе. І гэта не здаецца ўжо такім немагчымым, як калісьці.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0623 seconds.