Маладыя таленты аддаюць перавагу цяжкай і агрэсіўнай музыцы
Цяжкай і агрэсіўнай музыцы аддаюць перавагу самыя адораныя прадстаўнікі моладзі. Новае дасьледаваньне брытанскіх навукоўцаў абяцае выратаваць гэты жанр ад рэпутацыі неінтелектуальнай музыкі для аматараў папіхацца перад сцэнай. Вынікі дасьледаваньня былі прадстаўленыя ў аўторак на канфэрэнцыі Брытанскага псыхалягічнага таварыства ў Ёрку.
Апытаньне, праведзенае сярод студэнтаў Нацыянальнай акадэміі для таленавітай моладзі, якія ўваходзяць у 5% самых адораных маладых людзей у краіне, паказала, што цяжкі мэтал (heavy-metal, death-metal, trash) займае трэцяе мейсца ў сьпісе любімых стыляў. Дасьледчыкі са зьдзіўленьнем прызнаюць, што “інтэлігентныя” жанры, якія традыцыйна асацыюцца з маладымі талентамі, напрыклад, клясыка і джаз, апынуліся самымі непапулярнымі” - піша The Independent.
Дасьледчыкі вызначылі, што моладзь, наадварот, аддае перавагу выпускаць пару пад цяжкую музыку, асабліва калі гэтая музыка з моцнай эмацыйнай афарбоўкай або палітычнай скіраванасьцю. Адзін з рэспандэнтаў сказаў так: “Пад іншую музыку нельга па-сапраўднаму паскакаць і выплюхнуць свой гнеў”.
Апытаньне паказала, што агрэсыўная музыка – добры спосаб выплюхнуць незадаволенасьць і злобу. Сцюарт Кэдуаладэр з Ворвікскага ўнівэрсытэта, які праводзіў гэтае апытаньне, гаворыць, што хэві-мэтал дазваляе перажыць нешта кшталту “катарсіса” асабліва людзям з нізкай самаадзнакай.
Па словах Кэдуаладэра, прадстаўнікі інтэлектуальнай эліты часта сутыкаюцца з праблемамі і пытаньнямі, якія не знаёмыя меней адораным студэнтам. “Быць можа, з дапамогай музыкі ім атрымоўваецца на час сысьці ад ціску, якому падвяргаюцца адораныя і таленавітыя людзі” – гаворыць ён.