«Shutdownday» ці Дзень без кампутара

А ці здолееце і Вы не ўключаць свой кампутар 24 гадзіны? У інтэрнэце праводзяць унікальны экспэрымэнт, удзельнікам яго можа стаць любы чалавек, які мае гэты цуд тэхнікі! 24 сакавіка – Shutdownday.  

Лягатып

Колькі часу вы праводзіце перад кампутарам за свой дзень? Карыстаецеся ім толькі на працы? Ці калі вы вяртаецеся дадому, то ўвяціць сабе ня можаце, што ж вы будзеце рабіць, калі не праверыце пошту, ці не адыграеце адзін эпізод у любімай гульні?

Ужо даўна не сакрэт, што кампутары ня проста ўвайшлі ў нашае жыццё, яны сталі яго часткай! Менавіта таму, вынаходлівыя людзі прапануюць правесьці экспэрымэнт, каб паглядзець, што адбудзецца, калі вялікая колькасьць карыстальнікаў проста забудзе пра свой кампутар на адныя суткі. І ў іх ёсьць такая магчымасьць! Ужо зараз да праекту далучылася болей 50000 тысяч чалавек, а гэта ня мала.

Акцыя «Shutdownday» адразу атрымала вялікую папулярнасьць, і людзі пачалі прапаноўваць свае парады, як лягчэй правесьці дзень без кампутара. Напрыклад, вы можаце зрабіць налепкі ў выглядзе вашага працоўнага стала і расклеіць іх на часткі адзеньня ці вакол вас, каб не сумаваць па выявам свайго манітору. Ці заняцца спортам! Для гэтага прывяжыце «хвост» вашай мышкі сабе да нагі і рабіце пад'ёмы нагі 20 разоў па 4 падыходы!

Паступіла таксама прапанова фатаграфаваць сябе і тое, што вы робіце ў дзень экспэрымэнту, а потым гэтыя фатаздымкі выкласьці на сваім сайце, у галерэі ці блогу. Робіцца гэта дзеля таго, каб паказаць усім, што вы ўсё ж такі змаглі разьвітацца з «разумнай машынай».

Неаднойчы агучвалася ідэя сабрацца разам ды правесьці вясеньні суботні дзень разам. (Калі і вы вырашыце далучыцца, то на сайце стваральнікаў ёсьць форумы, якія дапамогуць вам знайсьці аднадумцаў у вашым горадзе).

А вось іншыя людзі знайшлі другі надзейны спосаб не ўключаць свой кампутар 15 дзён. Яны проста прапануюць перанесьці акцыю на наступны дзень, а ўсім, хто зьбіраецца далучыцца, прыйсьці на Кастрычніцкую плошчу Менска ў 12:00. Тады адразу будзе бачна, колькі людзей у Беларусі падтрымліваюць ідэю сусьветнай акцыі Shutdownday.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0061 seconds.