Прыватная зона: вечарына ў Катакомбах

Пакуль іншыя адпачывалі пасьля Дня ўсіх закаханых-улюблёных, пяклі бліны і рыхтаваліся да Масьляніцы, Partyzone, Тарпач і Гістэрыка ладзілі сумесную вечарыну ў Катакомбах.

Беларускія стратэгі ламаюць свае сьветлыя галовы над вырашэньнем дэмаграфічнай праблемы. Ня хочуць нараджаць – адна праблема, больш сур’ёзна другая – ад каго? Алкагалізм, наркаманія, паленьне…

Падчас канцэрту ў клюбе Катакомбы гуртоў Гістэрыка, Тарпач і Partyzone у галаву прыйшла ідэя, як дапамагчы ўратаваць беларусаў ад зьнікненьня. У Тарпача ёсьць класная і мною вельмі любімая песьня пра згубнае ўзьдзеяньне алькаголю на малады арганізм. Больш таго – зялёны зьмій шкодзіць прыватнаму жыцьцю. Гледзячы на прывабна апранутую, а дзе трэба – распранутую, Волю, мужчыны мусяць забыцца на моцныя напоі. Такім чынам вырашаем праблему алькагалізму. Яшчэ дзьве-тры песьні на злабадзёные тэмы – і захочацца сьветлага-чыстага… 

Падняўшы галовы ад келіхаў, народ пачне шукаць сабе пару. У маленькім клюбе, кшталту Катакомбаў, вельмі зручна знаёміцца. А калі якая сэнтыментальная асоба вырашыць закахацца ў чалавека нялёгкага лёсу - у музыку, то лепш абіраць гурты ўжо вядомыя, але ня надта раскручаныя, што выступаюць не ў вялікіх залях, а ў клюбах з спрыяльнай хатняй атмасфэрай. Стаіш сабе ля сцэны – вочы ў вочы, ніхто не замінае, да і музыкам прасьцей…

Хаця, абмовіцца трэба наконт таго, што ніхто не замінае: была там дзяўчына, гнуткасьці і прыгажосьці безумоўнай, і так яна растаньчылася пад гіт Partyzone «Маё сэрца», што ў чарговым па так моцна далбанула мяне рукою – казала мне мама, што прафэсія журналіста небясьпечная, але ж не настолькі!

Мы ня надта апантаныя дэмаграфічнымі праблемамі, таму проста файна бавілі час… Першымі былі Гістэрыка, а першымі быць заўсёды цяжка – пакуль народ падцягнецца, пакуль півам заправіцца… Хлопцы стараліся даць максімум харду – на шчасьце, пасьля Гістэрыкі ніхто валяр’янку не шукаў.

Не хапае нашаму року жаноцкасьці-жаночасьці. Таму Тарпач – сьвята для прыхільнікаў жаночага вакалу. Ну і ўвогуле – класна Воля выглядала. Дзьве новыя песьні прагучалі: «Прыватная зона» і «Ахвяры лібіда» («які гурт – такі назоў», - зазначыла Воля). Адметна, што адрываліся пад Тарпач збольшага дзяўчаты – хлопцы з задавальненьнем назіралі.

А пад Партызон некаторыя натхнёныя пачалі актыўна таньчыць і махаць галовамі. Але атмасфэра для слэму была не спрыяльнаю – народу малавата. А так, Партызон – малайцы. Эмацыйна і напружана. І клявішы – рызынка гучаньня. А пад «Маё сэрца» і я б патаньчыла, але канкурэнцыя была непераадольная.

Карацей, атрымалася такая цёплая, амаль хатняя вечарына ў стылі «для сваіх». Можна было б назваць яе як новую песьню Тарпача - «Прыватная зона».

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0599 seconds.