Рэктарам Гарварда ўпершыню стала жанчына
Супрацоўнікі Гарварда ўпершыню абралі на пост рэктара жанчыну - дэкана аднаго зь інстытутаў, прыналежных унівэрсытэту, Дру Фаўст.
Абраньне доктара Д.Фаўст на пост рэктара выклікае адмысловую увагу ня толькі з-за яго гістарычнага значэньня, але і з-за паводзін яе папярэдніка.
Лоўрэнса Самэрса практычна вымусілі сысьці ў адстаўку пасьля яго заявы аб тым, што прыродныя здольнасьці могуць часткова растлумачыць, чаму жанчыны граюць такую малаважную ролю ў сьвеце навукі. Камэнтары, зробленыя ім у студзені 2005 года, выклікалі цэлую буру. У сакавіку таго жа года факультэт мастацтваў і натуральных навук унівэрсытэта вынес яму вотум недаверу, і з гэтага моманту адстаўка Л.Самэрса была толькі пытаньнем часу.
У якасьці рэктара Гарварда 59-гадовая Д.Фаўст, гісторык грамадзянскай вайны ў ЗША, будзе узначальваць 11 школ і каледжаў з 24 тысячамі службоўцаў.
У Беларусі рэктараў дзяржаўных ВНУ прызначае прэзыдэнт. А ў праекце новага закона аб вышэйшай адукацыі нядаўна зьявіўся пункт, паводле якога рэктараў прыватных ВНУ будзе прызначаць Міністар адукацыі.
Фота - www.harvard.edu