Гукі, якія лепей ня чуць - дасьледваньне аб 101 брыдкім гуку
23 студзеня завершылася дасьледваньне, якое працягвалася год, па высьвятленьні самага брыдкага гука. Першае месца – гук, які можна пачуць вечарком у парку – ён сыходзіць ад чалавека, які ванітуе. Гэты гук перамог нават шкрабаньне пазногцяў па школьнай дошцы і гук бормашыны.
Па ўсім сьвеце гук-пераможца набраў 1,1 млн галасоў.
Мікрафон, што фаніць, плач немаўляці і скрып цягніка падзялілі другое і трэцяе месца, а завываньні ката і гукі мабільнага тэлефона (пачатковых мадэляў) падзялілі 12-е.
Што дзіўна, храп атрымаў даволі нізкую адзнаку – усяго 26-ы радок.
У межах дасьледваньня, якое ладзіў Трэвар Кокс (Trevor Cox), прафэсар інжынэрнай акустыкі з Салфардзкага ўнівэрсытэта, было праведзенае апытаньне наконт 34 гукаў, разьмешчаных на адмысловым сайце "101 гук", з мэтаю высьветліць, чаму ж некаторыя гукі выклікаюць такую агіду ці раздражненьне.
Як высьветлілася, рэакцыя на гукі моцна залежыць ад полу. Да прыкладу, для мужчынаў гук плачу немаўляці ў ліку самых жахлівых гукаў. Выхаваньне, асяродзьдзе, мэнталітэт, узрост – усё гэта таксама ўплывае на стаўленьне да тых ці іншых гукаў.
Як кажуць навукоўцы, такое дасьледваньне можа дапамагчы наагул чалавецтву:
“Мы, інжынэры, можам высьветліць, што раздражняе людзей і ў шэрагу выпадкаў пазбавіцца ад гэтых гукаў ці зьменшыць іх узьдзеяньне.”
Лідуюць на сайце ў сьпісе агідных гукаў ванітаваньне, кашаль, плявок, чаўканьне і доўгі гук “пукаючай падушкі”. Дасьледваньне ўжо завершанае, але далучыцца да апытаньня на сайце яшчэ можа любы.
Калі хто хоча аднавіць у памяці гэтыя гукі – на сайце іх можна праслухаць і нават адзначыць ступень сваёй агіды да таго ці іншага гука праз адмысловыя смайлікі.