Паглядзець на зімовыя сьвяты па-іншаму
"Што ж гэта за зіма амаль без сьнегу!" – бухцяць сябры і знаёмыя. Адсутнасьць сьнегу аднак не пазбаўляе іх самай яскравай зімовай рысы – каляднай і навагодняй мітусьні. Але стварыць сьвяточны настрой можна і безь яе. Побач з таямнічасьцю і чаканьнем цудаў, зь якімі мы прызвычаіліся сустракаць Каляды і Новы год, шмат каго апаноўваюць фобіі******. Як раз іх можна вельмі хутка пазбавіцца.
Фобія* Deadline толькі ў гэтым годзе
Cамая заўважная фобія – зрабіць у гэтым годзе ўсё заплянаванае, і ні ў якім разе не пераносіць ў новы год, бо ён можа прайсьці няўдала.
Галоўнае ў гэты час - расставіць прыярытэты. Дакладна, ёсьць рэчы, якія можна выканаць і ў наступным годзе. Істотна ад гэтага нічога ня зьменіцца. Канешне, перанос гадавых справаздачаў на працы, здача замоўленых праектаў і г.д, залікі, іспыты могуць паўплываюць на вашу прагную гармонію ў пераднавагодні час не самым лепшым чынам. Варта хіба не забыцца на камунальныя службы :), якія навязьліва-ветліва запрашаюць аплаціць паслугі да 25-ага і “ сустрэць новы год без пазыкаў”!
Фобія** Вярні не сваё
Грамадзтва, у якім мы жывем прызвычаілася ствараць міты, а пасьля аддана ім верыць. “Трэба да пачатка новага года вяртаць усе рэчы, якія ты ў кагосьці пазычаў”. Цікава, што стане з вамі і, напрыклад, з кніжкай, якую вы пазычылі пачытаць, калі яе не аддаць да 00.00 першага студзеня. Мне падаецца – нічога. У вас нават зьявіцца у новым годзе больш часу, каб не толькі запыхваючыся забегчы і аддаць кнігу яе ўладальніку, але і знайсьці час на сяброўскую сустрэчу за півам/гарбаткай!
Фобія *** Shopping
У часе зімовых сьвятаў эканамічныя стасункі паміж пакупнікамі і прадаўцамі дасягаюць свайго апагею. Чэргі ў крамах і выдаткі кожнага чалавека таксама растуць. Ежа, навагоднія ўпрыгожваньні ды падарункі/падаруначкі зьяўляюцца амаль для кожнага прыярытэтнымі таварамі ў гэты час. Ад гэтага і нікуды не схавацца. Ужо за тыдні два да сьвятаў, зайшоўшы на кірмаш, каб набыць чаго паесьці на пару бліжэйшых дзён, можна прастаяць у чарзе добрых хвілін 10-15, пакуль мужчыншчыны і жанчыншчыны ня выберуць сабе мандарынаў і памідораў, якія не сапсуюцца за два тыдні і “будуць так жа сама прыгожа выглядаць на сьвяточным стале”.
Трапіўшы пару разоў ў такія гісторыі, я вырашыла наведваць крамы і кірмашы пасьля адкрыцьця ці ў апошнюю гадзіну закрыцьця. Ціха, спакойна і ненапружана. Атрымоўваецца, праўда, выкарыстаць такі час даволі рэдка. :) Але ў Вас можа ўсё атрымацца!
Разабраўшыся з доўгімі чэргамі ў крамах, можа паўстаць пакутлівае пытаньне, а што ж набываць, каб грошаў хапіла на ўсё задуманае. Хочацца нікога не пакрыўдзіць зь вялікай сяброўскай кампаніі/сваякоў у навагоднюю ноч і пакласьці кожнаму падаруначак пад ёлку. Тут пытаньне вырашаецца неадназначна.
Хапае сілаў, грошаў, часу, выбару – дык займайцеся падарункамі зь індывідуальным падыходам, чагосьці з пералічанага не хапае – у ідэйны бой пускайце сваю бязьмежную фантазію і вынаходніцтва. І, наагул, цудоўны эфэкт можа зрабіць “калектыўны” падарунак. І зусім не абавязкова матэрыяльны ;)
Фобія**** Нікога б не забыць
Віншаваньні – адказная частка ўсіх сьвятаў, асабліва зімовых. Тут хочацца павіншаваць большасьць знаёмых і сяброў. Такія грандыёзныя сьвяты, цудоўная нагода, сабрацца сіламі і “дагрукацца” са шчырымі словамі да тых, з кім атрымоўваецца кантактаваць кантактаваць рэдка.
Нечаканасьць і Вашая ініцыятыўнасьць можа быць добрым бонусам да сьвятаў! Пажадаць добрых словаў і пачуць ў адказ ня менш добрыя ад любімых сяброў і блізкіх знаёмых заўсёды прыемна.
Досьвед мінулых гадоў паказвае, што пакідаць віншаваньні, тэлефонныя і, асабліва, смс, на саму навагоднюю ноч і нават вечар перад ёй – непажадана. Па-першае, вялікі адсотак зь іх ня дойдзе, а якія і дойдуць, то толькі праз N гадзін і хвілін, а можа і дзён. Па-другое, праз смс прыйдзецца перадаваць свае віншаваньні даволі сьцісла.
Насамрэч, яшчэ ёсьць дастаткова часу, каб абдумаць стыль і сродкі для сваіх віншаваньняў і не забыцца іх спраўдзіць!
…
Кожны знойдзе, што б яшчэ ўпісаць ў перадсьвяточныя “фобіі”. Але заўжды магчыма знайсьці дзейснае выйсьце з гэтага стану. Але можа быць Вам і прыемна адчуваць на сабе і ў сабе навагоднюю паніку і ёй падпарадкоўвацца. :)
Будзем жыць проста ў гэтыя дні і новым 2007 годзе так, каб нам і тым, хто з намі побач, было ўтульна, весела і бесклапотна!