Вецер пераменаў над эўрапейскімі ўнівэрсытэтамі
Чым сёньня жывуць эўрапейскія ўнівэрсытэты, якія праблемы і пытаньні вырашаюць? Нямецкія ўнівэрсытэты спрабуюць увесьці плату за навучаньне, Парыскія школы аддаюць перавагу конкурсу замест адкрытага набору вучняў, Грэцыя хоча ўвесьці забарону на прыватныя ўнівэрсытэты. У паветры запахла зьменамі.
У Эўропе пачынаецца жорсткі супраціў “амэрыканізацыі” (альбо камэрцыялізацыі) вышэйшай адукацыі. Але эканамічныя рэаліі перамагаюць над тымі, хто сьцьвярджаюць, што ўнівэрсытэты павінны даваць усебаковыя веды, а не брукаваць дарогу да працы. Эўрапейскія ўнівэрсытэты не забясьпечваюць навыкамі, неабходнымі для паступовага разьвіцьця і здольнасьці супернічаць з хутка разьвіваючыміся эканомікамі краінаў Азіі.
Па дадзеных Арганізацыі Эканамічнага разьвіцьця і супрацоўніцтва (OECD) Нямеччына, Францыя ды Італія выдаткоўваюць толькі 1,1 % ад ВУП на вышэйшую адукацыю, пры гэтым большая частка сродкаў належыць да дзяржаўных. Тады як ЗША выдаткоўваюць 2,6%, і большасьць сродкаў – гэта прыватныя ўклады. Больш таго, OECD сьцьвярджае, што Кітай ды Індыя адаптуюцца хутчэй за ЗША і ЭЗ, і рыхтуюць больш высокакваліфікаваных працаўнікоў для патрэбаў 21-га стагодзьдзя.
Лекцыйныя залі ў найстарэйшым унівэрсытэце Эўропы ў Балёніі (Італія) трэскаюцца ад старасьці, унівэрсытэцкія бібліятэкі ў Францыі ўтрымліваюць састарэлыя фонды, зьяўляюцца мала даступнымі і ўсё больш і больш ігнаруюцца студэнтамі. Адно з дасьледаваньняў паказала, што больш за 1/3 дарослых у ЭЗ ня могуць выканаць простых кампутаровых заданьняў, такіх, напрыклад, як выкарыстаць мышку, каб увайсьці на інтэрнэт-сайт альбо працаваць з праграмамі апрацоўкі тэксту.
“Шмат хто ідзе ва ўнівэрсытэты, бо лічыць, што гэта прэстыжна. Але большасьць сярод нас ведае, што нават пасьля выпуску усё роўна можа застацца працаваць у краме”, - кажа Фаціма Бузіанэ студэнтка сацыялёгіі ўнівэрсытэта Сэн-Дэні, якая падпрацоўвае ў кафэ.
Лідэр самага вялікага французскага прафсаюза Лаурэнс Парысо кажа, што Французскія ўнівэрсытэты – гэта “ганьба нашай нацыі”.
“Гэта цуд, што Францыя яшчэ уваходзіць у пяцёрку мацнейшых эканомік сьвету, якой, тым не менш, наступае на пяты Кітай, і гэта пры такім слабым фінансаваньні вышэйшай адукацыі. Як доўга яшчэ гэта можа працягвацца?” - піша ў сваёй кнізе рэктар Сарбонны Жан-Рабэрт Піттэ.
Вялікая колькасьць ў гэтым годзе амэрыканцаў-ляўрэатаў Нобэлеўскай прэміі толькі завострыла дэбаты.
Большасьць Эўрапейскіх унівэрсытэтаў – грамадзкія і большасьць зь іх патрабуе платы за навучаньне, толькі ў выглядзе невялікіх унёскаў. Напрыклад, студэнты Парыскіх унівэрсытэтаў мусяць плаціць ад 125 да 250 дяляраў у год.
Апанэнты рыначнаарыентаваных рэформаў, што былі прапанаваныя Эўропай, заклапочаныя тым, што студэнты стануць таварам для ўнівэрсытэтаў, зацікаўленых ў атрыманьні прыбытку. Яны таксама асьцерагаюцца, што дысцыпліны з абмежаваным рынкавым коштам увогуле зьнікнуць.
Дзяржаўныя ўнівэрсытэты Брытаніі сталі ўводзіць плату за навучаньне напрыканцы 1990-х гадоў. Сёньня навучаньне можа каштаваць каля $5,500 за год. Гэтая сума накопліваецца як студэнцкая пазыка, якая павінна быць выплачаная, калі выпускнікі будуць мець стабільны заробак.
Толькі два Эўрапейскія ўнівэрсытэты патрапілі ў топ-сьпіс дваццаці ўнівэрсытэтаў сьвету. Сьпіс ствараўся сыходзячы з колькасьці выкладчыкаў-ляўрэатаў Нобэлеўскай прэміі, колькасьці іх публікацый у вядучых часопісах сьвету і ўзнагарод.
Абодва гэтыя ўнівэрсытэты Брытанскія – Оксфард і Кэмбрыдж. У сьпіс таксама патрапіў Такійскі ўнівэрсытэт, а рэшта – гэта ўнівэрсытэты ЗША.
Брытанскія ўнівэрсытэты таксама ўсё больш і больш крытычна падыходзяць да выбару студэнтаў. Яны актыўна прымаюць замежнікаў, якія могуць аплочваць высокія кошты адукацыі.
Іншая прычына чаму Брытанскія ўнівэрсытэты зьяўляюцца канкурэнтаздольнымі – гэта ангельская мова. Шмат студэнтаў ЭЗ і Азіі абіраюць Брытанію, якая зьяўляецца радзімай мовы сусьветнай глябалізацыі.
У Нідэрляндах унівэрсытэты экспэрымэнтуюць з платай за навучаньне, якая вяртаецца студэнтам назад пасьля заканчэньня імі ўнівэрсытэта. Ідэя гэтага заключаецца ў тым, каб перашкодзіць студэнтам зацягваць сваё навучаньне і зьменшыць колькасьць тых, хто не заканчвае навучаньне.
Кіраўніцтва ЭЗ падштурхоўвае краіны да павелічэньня фінансаваньня вышэйшай адукацыі і забесьпячэньня стыпэндыямі і крэдытамі ўсіх студэнтаў ЭЗ у незалежнасьці ад іх нацыянальнасьці.
Кіраўнік адукацыйнага аддзелу OECD Андрэас Шлейхер кажа, што зьмены ў эўрапейскай адукацыі непазьбежны:
“Посьпеху дасягнуць тыя індывіды і краіны, якія хутка адаптуюцца, мала скардзяцца і адкрытыя да пераменаў.”