«Вожык у тумане». Цяпер і плюшавы.
«И еще Ёжик думал о Лошади. Как она там, в тумане…"
Культаваму мультфільму «Вожык у тумане» ужо больш за 30 год. Зараз гэта сусьветная клясыка і ўзор мультыплікацыі. Колькасьць яго фэнаў толькі расьце. А японцы пранікліся Вожыкам настолькі, што зрабілі плюшавыя цацкі — выглядам адзін у адзін, як у мульціку.
Стварыў Вожыка Юрый Нарштэйн, які пачаў кар’еру мультыплікатара 45 гадоў таму. Пяць мультфільмаў майстра, які распрацаваў уласную тэхніку стварэньня карцінаў – шматярусная перакладка, былі адзначаныя шматлікімі міжнароднымі ўзнагародамі.
Вожык у тумане дамогся сусьветнага прызнаньня ня толькі сярод гледачоў, але й сярод прафэсійных аніматараў. А ў 2003 годзе «Вожык у тумане» названы самым лепшым мультфільмам у сьвеце. Апытаньне было праведзенае арганізатарамі мультыплікацыйнага фэстывалю ў Токіо.
Паўтары сотні мультыплікатараў і крытыкаў з розных краінаў паставілі Вожыка на першае месца самых лепшых мультфільмаў «усіх часоў і народаў». Усяго ў гэты сьпіс патрапіла паўтары сотні стужак. Другое месца – яшчэ адзін фільм Нарштэйна «Казка казак» (ад 1979 году), які яшчэ ў 1984 годзе на Лос-анжэлесскай мультыплікацыйнай алімпіядзе быў названая мультфільмам «усіх часоў і народаў». На трэцім месцы – мультфільм студыі Ўолта Дыснэя “Фантазія” 1940 года.
Вожык у тумане даўна палюбіўся японцам. А ў 2004 годзе Юрый Нарштэйн быў аб’яўлены кавалерам японскага ордэну Ўзыходзячага сонца, як адзін з мастакоў, якія зрабілі вялікі ўплыў на японскую мультыплікацыю.
«Нарштэйн зрабіў вялікі ўплыў на мастакоў японскіх фільмаў-анімэ, у тым ліку на такіх майстраў, як Хаяо Міядзакі… Вядучыя рэжысэры японскага анімэ выйшлі з школы Нарштэйна», — патлумачылі сваё рашэньне японскія ўлады.
Пасьля выпуску ў Японіі знакамітага вожыка ў «плюшавым фармаце» на многіх сайтах аматараў мультфільма пачаліся абмеркаваньні хутчэйшай схемы атрыманьня цацачных вожыкаў зь Японіі. Самыя заўзятыя ўжо афармляюцца ў віртуальныя чэргі.
фота - cube-works.co.jp