Колькі «каштуе» беларускі студэнт?

Ежа, матэрыялы для навучаньня, інтэрнат ці зьняцьцё пакоя, праезд і іншае – у сярэднім атрымаецца ля 2.3 – 3 млн. бел. рублёў у год. Колькі каштуе бясплатная адукацыя ў Беларусі студэнтам і іх бацькам і на што сыходзяць грошы – дасьледвала Ганна Краснова.

Агульнадаступная і бясплатная беларуская адукацыя

Пра беларускую адукацыю кажуць, што яна агульнадаступная і бясплатная. Але з кожным годам колькасьць студэнтаў, якія заключаюць дамовы з унівэрсытэтам пра аплату сваёй адукацыі, расьце. У гэтым годзе, напрыклад, большасьць першакурсьнікаў БДУ будуць вучыцца за кошт сваіх сродкаў. А ці толькі тыя студэнты, што кожны сэмэстар пералічваюць на рахункі ўнівэрсытэтаў немалыя сумы, плацяць за сваю адукацыю?

Адзін мой знаёмы згадаў свой першы курс і ўводную лекцыю з намесьніцай дэкана. Яна адказвала і на турбуючыя першакурсьнікаў пытаньні, адно зь якіх тычылася месцаў у інтэрнаце. Намесьніца дэкана папярэдзіла, што месцаў на ўсіх ніколі ня хопіць, паспачувала студэнтам, што здымаюць кватэры і заўважыла, што, у прынцыпе, калі бацькі аддаюць сваё дзіця вучыцца, то павінны быць падрыхтаваныя да сур’ёзных матэрыяльных выдаткаў. Ці адлюстроўваюць такія словы прадстаўніка кіраўніцтва ўнівэрсытэта агульнадаступнасьць вышэйшай адукацыі ў Беларусі?

Сьціпла-сярэдне “каштуе” беларускі студэнт 2.3–3 млн. бел. рублёў у год

Беларусь сёньня, на жаль, ня тая краіна, дзе студэнт можа сам зарабляць на сваё навучаньне ці хаця б часткова кампэнсоўваць выдаткі. Але, канешне, не без выключэньняў. Рэчаіснасьць сьведчыць аб тым, што збольшага забясьпечваюць судэнтаў пад час навучаньня бацькі.

А ці спрабавалі студэнты і іх бацькі падлічыць гэтыя выдаткі?

Студэнтам, якія жывуць са сваімі бацькамі зрабіць гэта складаней, бо няма пэўнай дыфэрэнцыяцыі ў выдатках асобна на студэнта. Зь іншагароднімі студэнтамі ўсё значна прасьцей. Апытаныя мною студэнткі і студэнты былі зьдзіўлены сумам, якія яны ў выніку налічылі. Атрымоўваецца, што за навучальны год сьціпла-сярэдні пражытковы ўзровень беларускага студэнта складае 2.300.000 – 3.000.000 бел. рублёў. Варта адзначыць, што гэтая сума будзе яшчэ вагацца ў межах +/- 400.000 – 600.000 бел. рублёў. Збольшага, канешне, плюс гэтыя тысячы.

Студэнту трэба ня толькі есьці, але яшчэ і апранацца. Некаторыя возяць ад бацькоў вялікія торбы з харчамі, ці ім пастаянна пасылаюць “перадачкі” з аўтобусамі, праваднікамі цягнікоў ці знаёмымі з той жа вёскі ці горада. Тут трэба ўлічыць кошты на праезд у грамадзкім транспарце, міжгародніх цягніках і аўтобусах. Іншыя студэнты ўжо адыйшлі ад гэтай традыцыі і кажуць: “Навошта цягаць на сабе з дому тое, што можна набыць і тут”. Невялікая колькасьць іншагародніх студэнтаў штомесяц плаціць за свой інтэрнат, гэта каля 15.000, усе астатнія ад 35 у.а за пакойчык, ці ад 60 у.а за кватэру, якую дзеляць зь іншымі студэнтамі, бо каб самастойна здымаць трэба працаваць, што і часу на навучаньне не застанецца.

Дзе застаюцца студэнцкія грошы?

Большасьць студэнтаў у сьпісе сваіх выдаткаў у першую чаргу называюць ксэракопіі і кніжкі. Як студэнтка, выдатна разумею, што ў XXI стагодзьдзі па кніжках 60-х, 70-х гадоў вучыцца складанавата. Бібліятэкі “разарвацца” на ўсіх ня могуць, ці ня хочуць. Не заўсёды ратуюць і чытальныя залі. І там кніжкі разьбіраюцца. Часам натхненьне павучыцца прыходзіць як раз позна ўвечары ці ўначы, калі аніякая чытальная заля на дапамогу ня прыйдзе.

Таму і вырашаюцца студэнты на набыцьцё патрэбных, добрых і, мякка кажучы, ня зусім танных кніжак ці іх ксэракапіяваньне. Добрая кніга, на маю думку, у жыцьці ніколі не перашкодзіць. Проста ў студэнцкі час на такія кніжкі прыходзіцца падкапліваць грошы задоўга да набыцьця, эканоміць на чым-небудзь ці пазычаць, каб раздаць пазыкі са стыпэндыі...

Не абыйсьціся ў наш час студэнту і без кампутара, кошты на якія пачынаюцца ад 400 у.а. Лабараторныя, курсавыя, дыплёмныя ўжо даўна ня пішуцца ад рукі ці на машынках. Ня кожны другі і нават чацьверты беларускі студэнт можа на сёньняшні дзень ганарыцца наяўнасьцю свайго асабістага, нават можа і зусім просьценкага, кампутара.

А для некаторых спэцыяльнасьцей кампутар – галоўны сродак навучаньня. І праграмістам, дызайнэрам ці інжынэрам абыйсьцься кампом сярэдняй магутнасьці складана. А чым лепей, тым даражэй.

Студэнт на студэнта і ўнівэрсытэт на ўнівэрсытэт не прыходзіцца. Студэнтам лінгвістычнага прыходзіцца амаль штодзень рабіць стос ксэракопіяў, аддаючы за адзін аркуш каля 100 бел. рублёў. Але яны пазбаўленыя неабходнасьці набыцьця пяльчатак і масак, што робяць студэнты-мэдыкі.

Тое, што набываюць студэнты-мэдыкі для навучаньня, можа сабе ўявіць ня кожны чалавек. Мэдыкам 3 курса трэба мець пры сабе халат, зьменныя тапачкі, шапачкі, маскі, пальчаткі. Пакунак пальчатак каштуе каля 15.000, пакунак масак – 10.000. Студэнты цешацца, што хоць пакунка на год хапае. Мэдыкі старэйшых курсаў раяць мець свой фанэндаскоп і таномэтр. На практыцы ў паліклініцы такія рэчы можна атрымаць у карыстаньне, але ніхто не гарантуе іх спраўнасьць і якасьць.

Яўгенія, студэнтка-стаматоляг, распавяла пра сваё нятаннае студэнцкае жыцьцё:

“Калі студэнт прыходзіць на практычныя заняткі, ён можа і проста пасядзець і паназіраць. Варта, канешне, паспрабаваць сябе ў справе і папрацаваць самаму. Стаматалягічны матэрыял ў паліклініках разьлічаны на рэгістратурных пацыентаў. Нам для практыкі трэба мець свой. Стаматалягічны матэрыял каштуе ад 200-400 у.а. Платнікі на нашым факультэце плацяць за сваё навучаньне каля 2500 у.а, па дамове яны павінны забясьпечвацца матэрыяламі і  інструмантамі. У рэальнасьці гэта ня так.”

Студэнтам факультэта графічнага дызайна Акадэміі мастацтваў бясплатна прадастаўляецца памяшканьне і натура. Раздрукоўка фотаздымкаў, набыцьцё аркушоў, фарбаў, алоўкаў і шмат чаго вельмі спэцыфічнага ляжыць на студэнцкіх гаманцах. На адзін прагляд ці сэмэстар патрэбна ад 100 у.а. Студэнты заўважаюць, што выдаткі на кожным курсе зьмяняюцца, таму што мяняюцца прадметы. 

“Можна сказаць, што выдаткі залежаць і ад ініцыятывы студэнта. Калі хочаш паспрабаваць якую-небудзь новую тэхніку, напрыклад са сьвежымі акварэльнымі алоўкамі, навучыцца новаму, то ўсё, канешне, трэба набываць самаму,”- распавядае студэнта 1 курса Акадэміі мастацтваў Маргарыта.

Быць беларускім студэнтам ня лёгка і ня танна. Крэдытаваньне навучаньня, пра якое пачыналі размовы, да нашых беларускіх і матэрыяльных ўмоваў прыжываецца з цяжкасьцямі. Таму і прыходзіцца бацькам плаціць падаткі дзяржаве ў тым ліку за бюджэтнае навучаньне дзяцей, думаць, як пражыць самім, як аплаціць навучаньне, калі яно платнае, і як падкапіць грошы на пяць год навучаньня сваіх дзяцей.

Самому студэнту, калі пашчасьціць знайсьці добрую працу, трэба думаць і спрабаваць спалучаць гэтую працу з абавязковым наведваньнем заняткаў. А калі ня зусім пашчасьціць, то знаходзіцца ў доўгім пошуку падпрацовак і іх пастаяннай зьмене.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0631 seconds.