Большасьць першакурсьнікаў БДУ будзе навучацца на платнай аснове

Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт 12 ліпеня распачынае прыём дакумэнтаў ад абітурыентаў на дзённую і завочную формы навучаньня. Большасьць месцаў выдаткаваных сёлета для першакурсьнікаў – платныя.

У мінулым годзе на першы курс БДУ на бюджэтную форму дзённага навучаньня плян прыёму складаў 2006 студэнтаў. На платную ж форму навучаньня тады было залічана крыху меней – 1954 чалавекі.

У гэтым годзе плянуецца большую частку месцаў і на дзённай і на завочнай форме выдаткаваць пад платную аснову. Так на першы курс дзённай формы навучаньня прымуць 1936 студэнтаў на бюджэтнай аснове, а на платнай – 2030. Плян прыёму на завочнае аддзяленьне – 450 (бюджэтная форма) і 1105 (платная форма) чалавек.

У гэтым годзе на завочную форму навучаньня БДУ і ўсіх іншых беларускіх ВНУ на бюджэтную аснову могуць паступаць толькі асобы, што маюць сярэдне-спэцыяльную адукацыю, альбо вопыт працы па абранай спэцыяльнасьці. Звычайныя выпускнікі школаў цяпер маюць магчымасьць паступаць на завочнае аддзяленьне толькі на платную форму.

Кошт навучаньня ў мінулым навучальным годзе ў БДУ складаў на розных факультэтах ад 800 да 1500 даляраў на дзённай форме і ад 500 да 750 на завочнай форме навучаньня. 

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0602 seconds.