We Want More! - альбо як павялічыць грант на навучаньне

Учора ў самым цэнтры Хэльсынкі, на Сэнацкай плошчы прайшла вялікая дэманстрацыя студэнтаў з асноўным патрабаваньнем павялічыць памер гранту на навучаньне, які атрымоўваюць фінскія студэнты. Тацяна Хома паведамляе зь месца падзеяў.

Справа ў тым, што навучальны грант застаўся хіба адзіны з сацыяльных грантаў, памер якога не павялічваўся ў Фінляндыі ўжо вось як 15 год. Стабільная паўночна-эўрапейская эканоміка, тым не менш, не выключае інфляцыю, і за гэты час кошты ў краіне павялічыліся прынамсі на 20%. Дзьве фінскія агульнанацыянальныя студэнцкія арганізацыі SYL i SAMOK аб'ядналіся некалькі год назад у кампаніі за павышэньне навучальнага гранту. Тым ня менш, кампанія, што ідзе ўжо больш за год, не прывяла пакуль да жаданага выніку.

У сярэдзіне кастрычніка фінскі парлямэнт будзе разглядаць дзяржаўны бюджэт на 2007 год. Таму гэты час зьяўляецца лепшым для тых, хто хоча прыцягнуць ўвагу да сваіх патрэбаў.

Вось студэнты і вырашылі паказаць кіраўніцтву краіны на што здольныя “гарачыя фінскія хлопцы і дзяўчаты”. Мітынг пачаўся у 13.30. Уся плошча перад будынкам сэнату, а таксама частка лужайкі была занятая студэнтамі з транспарантамі. З прыступак сэнату прагучалі выступы лідэраў студэнцкага руху, а таксама некаторых палітыкаў і грамадзкіх дзеячаў, у тым ліку прадстаўнікоў акадэмічных колаў Фінляндыі. Студэнты гучна падтрымоўвалі выступоўцаў, гучалі лёзунгі, адным словам усё прайшло пры добрым настроі і вельмі актыўна. Шмат хто са студэнтаў прыйшоў на акцыю адразу з заняткаў. Такія акцыі масавага сыходу з заняткаў вельмі рэдкія для дысцыплінаваных нордыкаў і гэта яшчэ больш павялічыла важнасьць учорашняй акцыі.

Тым ня менш, самі арганізатары дэманстрацыі не маюць вялікай надзеі на тое, што пляны на бюджэт-2007 будуць зьмененыя на карысьць студэнцкіх грантаў. Акцыя мела таксама і больш доўгатэрміновую мэту. Увесну ў Фінляндыі адбудуцца мясцовыя выбары і студэнты спадзяюцца, што ў гонцы за выбаршчыкамі партыі ўключаць у свае праграмы таксама і пункт аб павелічэньні студэнцкіх грантаў на 15%.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.063 seconds.