У Мэксыцы амаль паўгады страйкуюць настаўнікі
Мітынгоўцы выйшлі на вуліцы горада Оахака, утварыўшы сымбалічнае расьпяцьце. Такім чынам настаўнікі дэманструюць уладам Мэксыкі, што патрабаваньні павысіць заробак пераўтварыліся ў кровапраліцьце.
Пратэсты пачаліся яшчэ ў траўні. За гэты час у сутычках паміж паліцыяй і ўдзельнікамі акцыі загінулі ўжо пяцёра настаўнікаў. Патрабаваньні незадаволенага боку напачатку былі проста эканамічнымі, але з улікам разьвіцьця падзеяў пачалі насіць палітычны характар.
Нядаўна настаўнікі штату Оахака стварылі адмысловую арганізацыю “АППО” – яна кіруе пратэстамі. Прадстаўнікі АППО заявілі, што яны пагодзяцца на дыялёг з уладамі толькі ў тым выпадку, калі чыноўнікі краіны падвысяць заробак настаўнікам, а дзейны губэрнатар пойдзе ў адстаўку.
Артуро Пэрэз, Лідэр АППО, адзначыў карэспандэнту "5 каналу" Украіны:
"АППО ня мае намеру здавацца. Тым часам мы адкрытыя да дыялёгу, калі ўлада пагодзіцца абмеркаваць умовы АППО."
Страйк настаўнікаў дзяржаўных школаў у штаце Оахака цягнецца з 22 траўня 2006 года. У пратэстах прымаюць удзел каля 70 тысяч людзей. У гарадах штата не працуюць ня толькі дзяржаўныя, але і прыватныя школы.