Піва замест гербалайфа
Рэгулярнае ўжываньне піва спрыяе добрай фігуры. Такую выснову зрабілі польскія навукоўцы ў выніку адмысловых досьледаў на пацуках.
Дасьледчыкі з варшаўскага Нацыянальнага інстытута грамадзкага здароўя правялі вопыты на двух групах пацукоў. У першую былі адабраныя звычайныя пацукі, а ў другую – з падвышаным артэрыяльным ціскам.
Палове пацукоў з абедзьвюх групаў штодзённа рабілі ін’екцыю сублімаванага піва, а другой такую ж колькасьць фізіялягічнага раствору. Да таго ж пацукам рэгулярна мералі ціск ды слухалі сэрца.
Праз пэўны час было высьветлена, што піва ня шкодзіць ды не падвышае ціск, паколькі ў пацукоў-гіпэртонікаў ён застаўся на ранейшым узроўні, а ў здаровых не падвысіўся.
У выніку вопытаў пацукі, якія жылі на піве, моцна згубілі вагу, а тыя, што атрымлівалі адмысловы фізыялягічны раствор захавалі яе.
Польскія навукоўцы тлумачаць, што піўныя жываты зьяўляюцца не ад піва, а ад ежы, якую зь ім ужываюць.