Ельскі ўнівэрсытэт выкладзе відэазапісы лекцыяў у інтэрнэт

У хуткім часе Ельскі ўнівэрсытэт (ЗША) выкладзе ў інтэрнэце лічбавыя відэазапісы некаторых курсаў навучаньня, а таксама іх сьцеграмы на некалькіх мовах. Экспэрымэнтальны праект коштам 775 тысячаў даляраў ЗША разьлічаны на 18 месяцаў.

Сродкі на яго рэалізацыю выдзяліў фонд William and Flora Hewlett Foundation.

Ельскі ўнівэрсытэт зьяўляецца адным з самых дарагіх ВНУ у ЗША. За навучаньне ў Елі студэнты плацяць каля 46 000 даляраў у год. Новы праект дазволіць зрабіць лекцыйныя матэрыялы даступнымі для тых, хто ня мае фінансавых магчымасьцяў навучацца ва ўнівэрсытэце.

Заўзятары інтэрнэту здолеюць праглядаць відэазапісы, канспэкты і сьценаграмы сямі курсаў, сярод якіх “Асновы фізыкі”, “Уводзіны ў палітычную філязофію” і іншыя, якія пачнуцца ў 2007 навучальным годзе. Аднак выкладчыкі ўнівэрсытэта адзначаюць, што гэтыя курсы не залічваюцца як навучаньне ў Елі і ня могуць замяніць фактычнага навучаньня.

Многія іншыя амэрыканскія ўнівэрсытэты таксама выкладаюць у інтэрнэт матэрыялы курсавых праграмаў, доступ да якіх бясплатны, але пакуль яны абмяжоўваюцца толькі канспэктамі.

У Беларусі ўнівэрсытэты ня маюць традыцыі выкладаць на сваіх афіцыйных сайтах лекцыі для агульнага доступу. Але ёсьць асобныя выкладчыкі, якія самі практыкуюць сыстэму раздачы лекцыйных матэрыялаў у электронным выглядзе для студэнтаў, якім выкладаюць. Таксама ёсьць факультэты, дзе некаторыя матэрыялы даступныя праз інтэрнэт, але толькі пры ўмове навучаньня на адпаведным факультэце і адпаведнай рэгістрацыі на сайце ўнівэрсытэту.

Як адначаюць некаторыя беларускія выкладчыкі, ёсьць пэўнае хваляваньне, ці будуць студэнты наведваць заняткі, калі й так будуць мець матэрыялы лекцыяў. Але студэнты настойваюць: “Задача выкладчыка ня проста даць сухія тэарэтычныя веды, а патлумачыць і зацікавіць.” Зрэшты выкладчыкаў можна супакоіць – наведваньне лекцыйных заняткаў у Беларусі абавязковае.

tarka 09:00, 26/09/2006 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1788 seconds.