Сёньня пачынаецца Адборышча-2006

У 17.00 у Палацы мастацтваў пачнецца першы дзень адборачнага туру на Басовішча. 10 маладых камандаў, а таксама госьці IQ48 і B:N. адыграюць 5 гадзінавы канцэрт. Заўтра па заканчэньні другога дню журы назаве 9 гуртоў, што паедуць 21-22 ліпеня на фэстываль у Польшчу.

На сцэне Палацу мастацтваў кожны з маладых гуртоў будзе мець па 20 хвілінаў на свой выступ разам з наладкай і падлучэньнем (аналягічна з умовамі на Басовішчы). Чарговасьць выступу гуртоў пакуль не вядомая, яна будзе вызначаная за некалькі гадзінаў да канцэрту лёсаваньнем.

Сёлета адборачны канцэрт будзе праведзены ў два дні, арганізатары абяцаюць таксама шмат іншых навінак і прыемных сюрпрызаў. Вядучымі Адборышча-2006 будуць Алег Хаменка і каардынатарка сёлетняга Басовішча зь беларускага боку Воля Кузьміч.

Традыцыйным для адборачнага канцэрту будзе галасаваньне сярод гледачоў. Пры спрэчных момантах сябры журы будуць зьвяртацца да яго вынікаў.

Сьпіс камандаў, якія выступаюць сёньня:
Авангардшкола, Parason, S.D.M., SKA!RB, Sok, Termin X, Vodar Susviet, Wanted!, ZigZag

Раней анансаваная Голая MаNашка, на жаль, з-за стану здароўя вакаліста ўчора вымушаная была адмовіцца ад свайго удзелу. Яе месца верагодна зможа заняць адзін з гуртоў, якія ішлі па рэйтынгавым сьпісе журы ніжэй (у тым выпадку, калі будзе адпавядаць умовам удзелу і будзе гатовы да выступу).

Калі вы яшчэ не пасьпелі замовіць сабе квіток, то майце на ўвазе, што квіткі на два дні (па 13 тыс.) ужо скончыліся. Але ў вас яшчэ пакуль застаецца магчымасьць набыць квіток за 8 тысячаў, каб прыйсьці сёньня на Адборышча і на свае вочы ўбачыць пэрспэктывы беларускай альтэрнатыўнай музыкі. А таксама проста добра адпачыць пад выступы IQ48 і B.N.

Да сустрэчы! ;)
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0603 seconds.