У Іране працягваецца хваля студэнцкіх маніфэстацыяў пратэсту

Студэнцкія маніфэстацыі пратэсту ў Іране узмацняюць спрэчкі ў Вашынгтоне наконт амэрыканскай палітыкі адносна Тэгерану. Разам з тым, міжнародная супольнасьць узмацняе ціск на Тэгеран, каб прымусіць яго адмовіцца ад сваёй ваеннай ядзернай праграмы.

Цяперашняя хваля студэнцкіх выступаў, што працягваецца ўжо тыдзень – самая сур’ёзная і масавая ў Іране з 1999 году. На гэты раз удзельнікі маніфэстацыяў выступаюць супраць ня толькі клерыкальнага кіраўніцтва Ірану, але і супраць рэфарматараў на чале з прэзыдэнтам Хатамі. На думку студэнтаў, рэфарматары зрабілі вельмі мала дзеля дэмакратычных пераменаў. У нядзелю прэзыдэнт ЗША Джордж Буш выказаў падтрымку ўдзельнікам акцыяў пратэсту, заявіўшы: “Людзі самі пачынаюць выказвацца за свабодны Ірак і я мяркую, што гэта добра”.

Іранскія ўлады абвінавацілі Вашынгтон ва ўмяшальніцте ва ўнутраныя справы Ірану. Тэгеран заявіў, што ЗША дапамагаюць дэманстрантам. Амэрыканскі бок абвяргае гэтыя абвінавачаньні.

Маніфэстацыі студэнтаў у Іране абвастрылі спрэчкі ў Вашынгтонге паміж прыхільнікамі жорсткай і гнуткай палітыкі адносна Ірану. Інфармацыя пра тое, што ваенная ядзерная праграма Ірану прасунулася значна далей, чым меркавалася раней, зьяўляецца адным з самых небясьпечных міжнародных выклікаў. Акрамя таго, амэрыканскія перамогі ў Афганістане і Іраку стварылі новую палітычную сытуацыю ў рэгіёне. Прыхільнікі жорсткай лініі заклікаюць прэзыдэнта Буша ўзяць курс на зьмену рэжыма ў Тэгеране.

Гаворыць Райманд Тантэр, прафэсар Мічыганскага ўнівэрсытэту, які ў свой час працаваў у адміністрацыі прэзыдэнта Рэйгана:

(Тантэр: ) “Я ня думаю, што дыпляматычны ціск будзе працаваць. Таму мэтаю адміністрацыі Буша мусіць быць зьмена іранскага рэжыму. Студэнты маюць патрэбу ня толькі ў маральнай падтрымцы. Яны маюць патрэбу ў тайнай падтрымцы іх дэманстрацыяў. І калі вы не забясьпечыце іх сродкамі, дэманстрацыі спыняцца”.

Шэраг амэрыканскіх заканадаўцаў разглядаюць магчымасьць прыняцьця Кангрэсам акту ў падтрымку дэмакратыі ў Іране, які б прадугледжваў фінансавую дапамогу апазыцыі.

На думку былога дарадцы прэзыдэнта Рэйгана Майкла Ледына, падзеньне іранскага рэжыму мулаў ужо пачалося. Паводле Ледына, цяперашнія падзеі ў Іране нагадваюць апошнія дні Гарбачова. Таму, паводле яго, Амэрыка мусіць спыніць усялякі дыялёг з Тэгеранам.

У той жа час прадстаўнікі Дзярждэпартамэнту і ЦРУ выказваюць перасьцярогі наконт наўпроставай амэрыканскай падтрымкі студэнцкіх маніфэстацыяў у Іране. Уільям Біман, адмысловец па Ірану з Род-Айленду, мяркуе, што любое зьнешняе ўмяшальніцтва было б контрапрадукцыйным. Ён падкрэсьлівае, што на вуліцах Тэгерану зараз гучыць лёзунг: “Мы – студэнцкі, а не амэрыканскі рух”. Аднадумцы сп. Бамана гавораць, што амэрыканская падтрымка маніфэстантаў дае магчымасьць іранскім кансэрватарам апраўдаць свае рэпрэсіі супраць удзельнікаў акцыяў пратэсту.

Прэсавы сакратар Дзярждэпартамэнту Рычард Баўчар падкрэсьлівае, што ў дадзены момант пра якую б то ні было матэрыяльную амэрыканскую падтрымку акцыяў пратэсту ў Тэгеране няма гаворкі.

(Баўчар: ) “Я магу сказаць вам, што ўсё, да чаго мы маем дачыненьне – гэта выражэньне нашай маральнай падтрымкі, нашай салідарнасьці з дэманстрантамі”.

Апошняя праверка, праведзеная ў Іране МАГАТЭ, паказала, што Тэгеран не выканаў сваіх абавязкаў, не паведаміў пра колькасьць ядзерных матэрыялаў, якімі валодае, пра іх прызначэньне і месцы вытворчасьці. Паводле ацэнак экспэртаў, ужо праз тры гады Іран можа стаць уладальнікам ядзернай зброі. Каб прадухіліць гэта, МАГАТЭ заклікала Тэгеран падпісаць адмысловы пратакол да дамовы пра нераспаўсюд ядзернай зброі, які прадугледжвае больш жорсткія праверкі. З аналягічнымі заклікамі да Ірану зьвярнуліся Эўразьвяз і Расея. Папярэджаньне Эўразьвязу найбольш адчувальнае для Тэгерану, бо аб’яднаная Эўропа – галоўны гандлёвы партнэр Ірану. Тым ня менш, пакуль Іран пагаджаецца падпісаць пратакол толькі пры ўмове зьняцьця забароны на доступ краіны да ядзерных тэхналёгіяў.

Ядзерная праблематыка мае наўпроставае дачыненьне да дыскусіяў ў Вашынгтоне наконт стаўленьня да антыўрадавых дэманстрацыяў. Шэраг экспэртаў адзначаюць, што нават калі Злучаныя Штаты іх падтрымаюць, то цяпершні рэжым наўрад ці абрынецца да 2006 году, калі Іран можа стаць ядзернай дзяржаваю. Таму, на думку адмыслоўцаў, ЗША мусяць быць гатовыя да нанясеньня ўдараў па іранскіх сакрэтных вытворчасьцях ядзернай зброі.

Радыё "Свабода" 

00:00, 18/06/2003 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0626 seconds.