Як у вёсках цяпер выглядае абрад, што з'явіўся з міфу індаеўрапейцаў пра стрэлы Бога-Грымотніка

У канцы траўня беларусы адзначалі свята Стралы. Спярша яе «водзяць» некалькі тыдняў, а ўрэшце закопваюць у жыце. Там жа весела качаюцца парамі. На пытанне «Нашто хаваць стралу?» бабулі адказваюць: «Штоб не было бяды ў доме».

Ушэсце адзначаецца на саракавы дзень па Вялікадні. Сёлета свята прайшло 21 траўня. Этнавандроўнікі у гэты дзень заехалі ў Веткаўскі раён. У вёсках Стаўбун, Неглюбка, Казацкія Балсуны, Пералёўка праходзяць абрады «пахавання стралы». «Хаваюць» і ў вёсцы Валосавічы Чачэрскага раёна. Для аматараў заехаць падалей – Страла ў Верашчаках, Віхолцы, Кацічах і Старых Бабонічах (па чарзе, кожны год у адной з вёсак) Навазыбкаўскага раёна Бранскай вобласці Расіі. Абрады ваджэння і пахавання стралы характэрныя для тэрыторыі рассялення племені радзімічаў (Пасожжа), а таксама сустракаюцца ў Брэсцкай вобласці.

«Вадзіць стралу» пачынаюць у першы ці другі дзень Вялікадня, а дзе-нідзе ўжо на Благавешчанне. «Хаваюць» на Ушэсце (праз 40 дзён). Па народных павер’ях, у гэты час нібыта Бог ходзіць па зямлі. У той жа час сустракаюцца аповеды і пра прыход Бога падчас жніва, калі жанчына, занятая цяжкай працай, не знайшла часу паказаць яму дарогу. А муж яе пагаварыў з Богам, усё распавёў. Ад таго, быццам бы, у жанчын заўсёды шмат гаспадарчай працы, рабіць – не перарабіць. А мужчыне час ёсць і пасядзець, і пагаварыць…

«Ваджэнне стралы» складаецца з карагодаў пад адмысловыя «стрэльныя» песні.

Ты ляці, стряла, да ўздоўж сяла,

Ты забі, стряла, добра молайца…

Сустракаюцца, наадварот, словы «не бі». Смерць ад маланкі («стралы Перуна») лічылася ў дахрысціянскія часы знакам абранасці чалавека і з’явай станоўчай, пачэснай, як смерць на вайне.

Дзе маці плача, там рэкі цякуць,

Дзе сястрычаньканька – там крынічанька,

Дзе жана плача – там расы няма

Кроўная сувязь (з маці, сястрой) у родавым грамадстве мела большую моц, чым набытая ў выніку шлюбу. Вось такія старажытныя ўяўленні захоўваюцца праз стагоддзі ў народных песнях.

Карагоды водзяць звычайна ў пачатку вёскі, ля прыдарожнага крыжа, на скрыжаванні. Па вёсцы выканальніцы абраду ідуць, моцна счапіўшыся пад рукі, на ўсю шырыню вуліцы. У вёсцы Барталамееўка, што знікла з мапы Веткаўскага раёна пасля Чарнобыльскай катастрофы, гаспадары выносілі з хат сталы з пачастункамі для ўдзельніц абраду, што вялі стралу па іх вуліцы. Дайшоўшы да поля, там таксама вядуць карагод.

У якасці стралы хаваюць у жыце (зрэдку – на могілках) металічныя прадметы (капейку, шпільку), самаробную ляльку (з травы, кавалачкаў тканіны), кавалак хлеба, грабенчык, стужку, завушніцы, пярсцёнкі, каласкі... У Стаўбуне кожны закопвае нешта сам.

У Пералёўцы хаваюць ляльку з травы-пырніку, «апранутую» ў жаночае адзенне: кашульку, хустачку, фартушок. Адзенне белае, дапускаюцца чырвоныя палоскі «арнаменту». Вырабляючы адзенне для лялькі, тканіну не рэжуць, а рвуць рукамі, як на саван сапраўднаму нябожчыку. У ямку да лялькі кожны прысутны можа пакласці нешта ад сябе, лепш металічнае. Даўней клалі капейкі, а таксама грабенчыкі, стужкі. Зараз месца капеек занялі папяровыя грошы.

Па жыце качаюцца, пажадана парамі. Гэта спрыяе добраму здароўю і ўраджаю, і, канечне, дае мора пазітыўных эмоцый.

З поля бяруць з сабой пучок жыта, які захоўваюць цэлы год, а то і болей, на покуці. Навошта? Вось аповед жыхаркі вёскі Пералёўка:

«Ну вот я прыношаю, пасьвянцонай вадой іх папырскаю, і станаўлю к іконе сваей, штоб мне Бог усё асьвяшчаў, штоб ніхто мне нідзе ўрэду ні дзелаў, штоб усюдах… двор мой і скот вёўся. Во прыду дамоў, папырскаю. Каласкі – штоб жа ні ў пару было, штоб біз пары. Во ў міне – пяць штук. Каласкі – ат усяго… Ёсць людзі такія – зьмеі, што яны і вачамі з’ядзяць. Карова малака не дасць, дак я стаўлю етыя каласкі. І яны стаяць, пакуль… Во леташнія стаяць у міне, я і етыя пастаўлю, новыя. Яны стаяць і стаяць. Калі што станя, я іду тады, етымі каласкамі – у ваду пасьвяцонаю, папырскаю па скоту свайму: “Як етыя каласочкі стаяць, так штоб мая кароўка стаяла ціхенька, штоб ніхто яе не тронуў, штоб ніхто ні няў”

Сімволіка абраду пахавання стралы адсылае да касмаганічнага міфу індаеўрапейцаў, дзе Бог-Грымотнік сваімі стрэламі апладняе зямлю. На пытанне «Нашто хаваць стралу?» бабулі адказваюць: «каб ураджай быў», «каб дождж ішоў», «штоб пажараў не было», «штоб не было бяды ў доме». Нябесны агонь, што суправаджае дождж, абрадам сімвалічна накіроўваецца на карысць чалавеку, абясшкоджваецца.

Фота Валянціны Міронавай, Пятра Цалкі, Алены Ляшкевіч


Алена Ляшкевіч 21:00, 10.06.2015 | Этнавандроўкі |




Камэнтары праз FACEBOOK



 
In 0.113 seconds.