Першы новы цягнік Вільня-Менск: праверана на сабе
Чарговае скарачэнне часу вандроўкі з Менску да Вільні не абмінула ўвагаю сацыяльныя сеткі. Вялікім попытам у апошнія два гады карысталіся хуткія цягнікі на Вільню, што хадзілі два разы на дзень. Ад сёння іх адмянілі, а на іх месцы прыйшлі дзве — беларуская і літоўская электрычкі. Едуць яны хутчэй, але памежная праверка будзе адбывацца толькі ў Вільні.
«Мадэрнізавалі-мадэрнізавалі, і вымадэрнізавалі», — прыкладна гэткай рэакцыяй карыстальнікі сацсетак сустрэлі словы прадстаўніка беларускай чыгункі Андрэя Кашко пра тое, што цяпер на віленскі вакзал трэба прыходзіць за 2 гадзіны да адпраўлення менскага цягніка.
Ад 26 мая, паводле сумеснага праекту літоўскіх і беларускіх уладаў, цягнік Менск-Вільня едзе не 3 гадзіны, як раней, а толькі 2 з паловай. Аднак скарачэнне часу вандроўкі адбылося не за кошт падвышэння хуткасці, а дзякуючы адмене прыпынкаў у літоўскай Кяне на шляху ў Менск, і скарачэнні стаянкі ў беларускім Гудагаі.
Цяпер літоўскія памежнікі правяраюць дакументы на самім вакзале. З-за гэтага і заклікаюць пасажыраў прыходзіць на цягнік раней, каб паспець прайсці ўсе працэдуры.
Праверана на сабе
Насуперак устаноўцы Андрэя Кашко, на віленскі вакзал я заходжу роўна за 40 хвілін да адпраўлення. Менскі цягнік ужо звыкла стаіць на апошнім шляху, да якога па падземным пераходзе ісці яшчэ хвіліны 3.
У самым канцы пераходу мяне сустракаюць аўтаматычныя дзверы, за якімі стаяць два мытнікі і некалькі жанчын, што па-літоўску жыва абмяркоўваюць новаўвядзенні. Літоўскі мытнікі мной не цікавяцца: максімум, што яны могуць зрабіць для мяне, гэта паставіць пячатку на квітанцыю такс-фры, якой у мяне няма.
Я хутка пераадольваю мытную зону і аказваюся перад яшчэ аднымі шклянымі дзвярыма. На гэты раз даводзіцца троху пачакаць. У чатыры вакенцы пашпартнага кантролю, толькі два з якіх прызначаныя для беларусаў (іншыя два — для грамадзян Еўрасаюзу), чарга з аднаго-двух чалавек. Праз пяць хвілін я ўжо выходжу з пераходу. Такім чынам, на ўсе працэдуры сыходзіць максімум 10 хвілін з улікам перасоўванню па вакзале. Афіцыйна «рэгістрацыя» на цягнік сканчаецца за 10 хвілін да адпраўлення. Але зайсці ў цягнік можна і пазней. Прыкладна за 8 хвілін да адпраўлення ў цягнік — і вухам не вядзе — заходзіць жанчына з вялікімі торбамі.
Але хуткасць кампенсуецца адсутнасцю камфорту.
Я выходжу на платформу і бачу… звычайную літоўскую чырвоную электрычку (дызель) з трох вагонаў. Такія ходзяць у Трокі і іншыя недалёкія ад Вільні гарады. Крэслы мяккія, але тып рассадкі — звычайны, як у нашых электрычках. Я імкнуся зразумець, які з гэтых трох вагонаў першы, заўважаю маладога літоўскага правадніка, які нервова бегае туды-сюды па платформе:
«Сядайце, дзе жадаеце», — з раздражненнем кажа ён. Выглядае, за апошнія дзве гадзіны ён не раз чуў гэта пытанне, але дзе які вагон, сам не ведае. Адзіная функцыя правадніка — праверыць квіткі ўжо ў час руху.
«А гарбата ў вас ёсць?» — пытаецца сонная вандроўніца з вялікім чамаданам і пакетам Maxima у правадніка.
«Неее, толькі папіць!» — загадкава адказвае літовец і адпраўляецца ў іншы вагон. Якая ў электрацыі гарбата?
Вольныя месцы ў вагоне ёсць, добраапранутыя пасажыры з вялікімі гэтаксама добравыглядаючымі валізкамі займаюць кожны па вялікім трохмясцовым крэсле. У чаканні адпраўлення яны адкрываюць на смартфонах «Беларускі партызан» (віленскі вакзал абяцаў правесці бясплатны wi-fi, але ён пакуль не надта добра працуе), студэнты нешта чытаюць у ноўтах.
У памежным Гудагаі цягнік сустракаюць два дзясяткі беларускіх памежнікаў. Некаторыя з іх паедуць з намі да Маладзечна.
Адчуванне, што ў памежнікі і мытнікі, якія вандруюць разам з цягніком да Маладзечна, — прызначылі найбольш адказных з супрацоўнікаў Гудагаю. Памежнікі свабодна размаўляць па-ангельску, мытніцы неяк надзвычай ветлівыя. А вось вусаты старшыня памежнага атраду — пазыўны «Першы» — хмурыцца. У Гудагаі памежнікі разам з сабакам залятаюць у вагоны, але, выглядае, не ведаюць, што рабіць. Нехта выбягае назад на вуліцу, сабаку хутка праводзяць па вагонах, і цягнік рушыць у бок SMRSGN — гэтак у літоўскамоўным раскладзе закадаваны наступны горад, у якім, праўда, ён ужо спыніцца толькі на адваротным шляху у Вільню.
У Маладзечне, гэтак сама як і ў Гудагаі, новых пасажыраў у цягнік не сядае. На пустой платформе ў шэраг стаіць шмат памежнікаў — і адкуль яны ўзяліся тут? Адчуванне не з прыемных. Памежнікі нагадваюць вайсковы канвой. З’яўляецца думка: «Навошта нашаму маленькаму чырвонаму цягнічку такая вялікая мілітары-ўвага?»
На 30 тыс. рублёў болей
Новы цягнік будзе хадзіць тры разы на дзень, а не два, як раней. Праўда, дзённы цягнік, які адпраўляецца з Менску ў раёне 10 гадзін раніцы, больш марудны за ранішні і вячэрні. Кошты таксама даволі значна адрозніваюцца: калі месца ў гэтай літоўскай электрацыі каштуе 44 літы (каля 150 тыс. рублёў), то вандроўка на беларускіх цягніках «гарадскіх ліній» па тым самым маршруце абыдзецца ад 120 да 260 тыс. у залежнасці ад класу вагону. Беларускі цягнік і літоўскі ў бліжэйшым часе будуць дубляваць адзіна аднаго на маршруце. Беларускі варыянт выглядае троху больш камфортным за літоўскі.
Такім чынам, у рэшце мы маем прыкладна той самы час, які неабходна затраціць на дарогу з Менску да Вільні: на памежную праверку ў Вільні можна смела прыходзіць за 30–40 хвілін да адпраўлення. Праўда, на шляху з Менска да Вільні, верагодна, троху болей давядзецца прастаяць у чэргах на дагляд на вакзале. Пры гэтым кошт квітка вырас значна (у сярэднім на 20%), а камфорт прыкладна ў гэтай самай прапорцыі зменшыўся (у выпадку літоўскага цягніка).
Што праўда, літоўцы ўжо абвясцілі, што набылі ў Польшчы два хуткія сучасныя цягнікі, падобныя да тых, якія ходзяць у віленскі аэрапорт. Яны мусяць быць больш камфортнымі за электрацыі. Але калі іх пусцяць, пакуль няясна. Можа быць, у момант пачатку рэалізацыі апошняй стадыі літоўска-беларускага плану: скарачэння дарогі з Менску да Вільні да 2 гадзін?