Выстава ў пад’ездзе

Малады фатограф Максім Сарычаў адкрыў уласную выставу ў сваім пад’ездзе звычайнага шматпавярховіка ў Малінаўцы. Цяпер на шэрых сценах поруч з паштовымі скрынямі распавядаецца гісторыя гарадскіх прытулкаў для бяздомных жывёлаў.

Хлопец вывесіў здымкі на першым паверсе свайго пад’езда, а на дзвярах суседніх пад’ездаў расклеіў абвесткі пра выставу, праўда, большасць з іх адразу зніклі. На адзін вечар просты пад’езд ператварыўся ў арт-пляцоўку. Здымкі правіселі ўвесь вечар каля паштовых скрыняў у звычайным малінаўскім доме.

«Ёсць прастора прыватная, ёсць публічная, а пад’езд — прастора нічыйная, гэта прастора дыфузіі, яна ўжо і не прыватная, але яшчэ і не публічная. У гэтым праекце мы імкнемся прасачыць за рэакцыяй публікі. Трапляецца, безумоўна, і абыякавая рэакцыя, але адсутнасць рэакцыі — гэта таксма цікавая тэма», — кажа куратарка выставы Вольга Сазыкіна. 

«Трэба рабіць такое як мага больш, бо нам сапраўды не стае альтэрнатыўных выставачных прастораў», — кажа мастак і пісменнік Аляксей Талстоў, што не прамінуў такую незвычайную выставу.

Выстава распавядае пра дапамогу бяздомным жывёлам, а здымкі рабіліся ў двух менскіх сабачых прытулках, якія існуюць выключна на валанцёрскіх пачатках.

«Сабачы прытулак — гэта добры прыклад салідарнасці людзей, іх самаарганізацыі, як людзі аб’ядноўваюцца на глебе любові да жывёлаў. Часцяком гэтага вельмі не стае, і мы нават не ведаем, як клічуць нашых суседзяў», — лічыць фатограф.

Некаторыя мясцовыя жыхары, пабачыўшы абвесткі, прыйшлі паглядзець на фота, і часцяком не самі, а са сваімі сабачымі гадаванцамі.

«Выдатна зроблена! Напэўна, будзе хоць крыху меней бязлітаснасці. Бо шмат людзей да жывёлаў ставяцца жорстка, і гэта вельмі дрэнна», — адгукнуўся адзін з такіх наведвальнікаў.

Максім Сарычаў не ўпершыню займаецца сацыяльнымі тэмамі, у 2011 годзе ён зладзіў праект пра маладзёнаў, якіх затрымалі «па справе анархістаў», некаторыя здымкі выстаўляліся у Інстытуце імя Гётэ ў межах выставы «Штодзённасць». А сёлета Макс атрымаў узнагароду за трэцяе месца на «Прэс-фота Беларусі» ў катэгорыі «Прырода» са здымкамі з палявання. Бяздомных жывёлаў Сарычаў пачаў здымаць у межах аднаго майстар-класа, тэма яго зацікавіла, і ён працягнуў займацца ёй. 

«Не хацелася здымаць абы-што, хацелася закрануць сацыяльную праблему. А праходзіць выстава ў пад’ездзе, таму што тут амаль ува ўсіх жыхароў ёсць сабакі і гэта тэма іх закранае. Справа ў тым, што большасць жывёлаў, якія апынуліся на вуліцы — іх выкінулі самі гаспадары», —тлумачыць Сарычаў.

Фатограф рыхтуе буйны праект, і гэтая выстава ў пад’ездзе з’яўляецца ягоным пачаткам.

«Гэта толькі пачатак вялікага праекту пра бяздомных жывёлаў. Тут адлюстараваны толькі адзін бок: як можна дапамагаць жывёлам. Ёсць яшчэ некалькі бакоў: што для гэтага робяць улады, можна таксама падрабязней распавесці пра людзей, якія гэтым займаюцца».

Фотаздымкі: Юля Fox

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0609 seconds.