Help

 

 
 

Дапамажыце зарэгістравацца!

 

Каб зарэгістравацца, націскайце на спасылку «Далучыцца» ў шапцы сайту, а там усё будзе зразумела. Пазначаеце імя карыстальніка (нікнэйм) і мэйл. Пароль будзе згенэраваны для Вас сайтам і адасланы на e-mail, які Вы пазначылі. Пасьля аўтарызацыі яго можна будзе зьмяніць на больш зручны. Будзьце ўважлівыя – на адзін мэйл можа быць зарэгістраваны толькі адзін карыстальнік.

Рэгістрацыя на generation.by дае магчымасьць дасылаць свае матэрыялы, камэнтаваць публікацыі, камунікаваць у форумах, дасылаць прыватныя паведамленьні і шмат іншых магчымасьцяў.

 

Як аднавіць свой пароль?

 

Калі так атрымалася, і пароль ня памятаеце, пры ўвядзеньні няправільнага паролю і спробе патрапіць на сайт зьявіцца спасылка «Узгадаць пароль». Пазначайце імя карыстальніка і пароль дашлецца на мэйл, які Вы пазначалі пры рэгістрацыі на сайце.

 

Як мне зьмяніць сваё апісаньне, пароль ці спасылку на ўласны блог?

 

Кожны зарэгістраваны карыстальнік мае свой прафайл. Калі Вы ўвайшлі на сайт, то ў правым баку шапкі адлюстроўваецца Вашае прыватнае мэню (Імя карыстальніка | наладкі | выхад). Асабістая інфармацыя рэдагуецца праз форму па спасылцы «Наладкі», а там – «Асабістыя дадзеныя». Там можна зьмяніць усю асабістую інфармацыю – ад подпіса пад паведамленьнямі да пароля.

 

Што гэта за аранжавы квадрацік у вас у правым кутку адраснага радка?

 

Гэта не квадрацік, а пімпачка падпіскі на RSS-стужку generation.by. Націснуўшы на яе, Вы атрымаеце магчымасьць падпісацца на RSS-стужку нашага сайту і такім чынам атрымліваць усе гарачыя навіны, не праглядаючы сайт лішні раз.

 

Што такое RSS і як на яго падпісацца?

 

RSS —XML-фармат, прызначаны для апісаньня стужак навінаў, анонсаў артыкулаў, аднаўленьняў у блогах і г.д. Інфармацыя з розных крыніцаў, прадстаўленая ў фармаце RSS, можа быць сабраная, апрацаваная і прадстаўленая карыстальніку ў зручным для яго выглядзе спэцыяльнымі праграмамі-агрэгатарамі.

Мы выкарыстоўваем RSS дзеля перадачы загалоўкаў навін і іх лідаў (кароткіх апісаньняў - пачаткаў), а таксама спасылак на іх поўную вэрсію падпісчыкам нашай RSS-стужкі.

Падпісаўшыся на RSS Вы атрымаеце магчымасьць знаёміцца з загалоўкамі навінаў сайту праз адзін з RSS-рыдэраў (убудаваныя маюць браўзеры Safari, Mozilla Firefox, Opera, Microsoft Internet Explorer) ці праграм-агрэгатараў.

Каб падпісацца на RSS-стужку generation.by, проста націсьніце на аранжавы квадрацік, які знаходзіцца ў правым кутку адраснага радку Вашага браўзэра ці, калі вам цяжка цягнуць мыш так далёка, націсьніце тут, а пасьля пацьвердзіце падпіску, націснуўшы «Падпісацца».

 

Хачу зрабіць і зьмясьціць тут свой матэрыял! З чаго пачаць?

 

Любы зарэгістраваны карыстальнік можа даслаць свой матэрыял.

Лягічна пачытаць іншыя публікацыі сайту — тады будзе больш відавочны стыль і тэматыка матэрыялаў на generation.by. З агульных правілаў — кіруйцеся прынцыпам, што публікацыя мусіць быць цікавая ня толькі Вам, але й прынамсі частцы іншых карыстальнікаў сайту, а гэта аўдыторыя актыўных маладых людзей.

Матэрыял мусіць адпавядаць як мінімум двум, а пажадана тром і болей цэтлікам на generation.by. Сярэдні памер для навіны ці цікавосткі — 1,5-2 тысячы знакаў, для артыкула — 4 тысячы. Калі публікацыя гатовая, дасылайце яе на team@generation.by.

Не забывайце пазначаць загаловак публікацыі і аўтара — тут ужо як вам зручней, імя альбо нік.

Найперш generation.by зьмяшчае ўнікальныя публікацыі. Калі ў Вашым матэрыяле выкарыстоўваюцца цытаты з матэрыялаў іншых сайтаў ці спасылкі на нейкія іншыя факты — прастаўляйце, калі ласка, гіперспасылкі. Але памятайце, што проста рэклямныя матэрыялы ці іншыя абвесткі ў публікацыі не зьмяшчаем. Для іх можна скарыстацца форумам.

Калі ж вы ладзіце культурніцкую імпрэзу (канцэрт, тэатар, выстава і інш.) і хочаце, каб інфармацыя зь яе анонсам зьявілася на Generation. BY, то дасылайце на info@generation.by. Праўда, больш шанцаў, што яна зьявіцца ў стужцы публікацыяў, калі вы далучыце лягатып Generation.bY на вашу рэкляму як інфармацыйны партнэр, а таксама прапануеце акрэдытацыю двум чалавекам з каманды праекту. У асобных выпадках, на Generation.bY можна разьмясьціць і рэклямны банэр імпрэзы, але пра гэта лепей дамаўляцца прыватна — пішыце прапановы на мэйл.

 

 

Чаму мой матэрыял не стаіць на сайце?

 

Напачатку яго патрэбна даслаць на team@generation.by­.­ ;).

Калі ж пасьля дасыланьня матэрыял так і ня бачны ў стужцы публікацыяў, значыць ён альбо яшчэ апрацоўваецца альбо не адпавядае правілам публікацыі матэрыялаў на generation.by. У такім выпадку можаце скантактавацца з рэдакцыяй праз мэйл.

 

Куды падзеўся Studenty.by?

 

Без панікі! Studenty.by застаўся тут. Можна лічыць, што праект generation.by вырас на/з studenty.by, увабраў у сябе ўвесь ягоны кантэнт, досьвед і нават каманду :), аброс новымі ідэямі, людзьмі, прыапрануўся і рушыў на новыя прыгоды.

А ўсе матэрыялы на студэнцкую тэматыку цяпер (і будуць зьяўляцца там надалей!) па цэтліку «студэнты».

Таму можна лічыць, што Studenty.by цяпер працуе ў межах generation.by, а сам дамэн вядзе на галоўную старонку сучаснага праекту.

 

Хто робіць generation.by?

 

Добрыя людзі робяць. Увесь сьпіс – па спасылцы «Людзі». Любы зарэгістраваны карыстальнік робіць generation.by, калі камэнтуе публікацыі, размаўляе ў форумах, далучаецца да аўторкавых сустрэчаў добрых людзей і, тым больш, дасылае свае матэрыялы.

Таксама ёсьць каманда праекту, сябры якой розьняцца ад іншых зарэгістраваных карыстальнікаў хіба большай адказнасьцю за праект. Яны ж праглядаюць дасланыя карыстальнікамі публікацыі і ўрачыста ставяць гачык у форме «паставіць публікацыю online». Альбо ня ставяць :).

 

Моўная палітыка

 

Няма тут ніякай палітыкі. Публікацыі на сайце зьмяшчаюцца па-беларуску – тарашкевіцай. Кірыліцай. Камэнтары пад матэрыяламі і ў форумах – на любой зручнай для аўтара камэнтара мове.

Адзінае, што можам параіць з досьведу працы праекту – калі Вы аматар лацінкі, то карыстайцеся беларускай лацінкай, а не трансьлітам. Тады шанцаў, што вашае паведамленьне прачытаюць іншыя карыстальнікі і зразумеюць сэнс адназначна, нашмат болей ;).

А наагул – галоўнае зьмест, а ня форма.

 

Чаму мяне забанілі?

 

Адказы можа быць два. Першы. Праверце, ці правільна вы пазначылі імя і пароль пры ўваходзе. Бо бан – рэч тут рэдкая.

Варыянт другі. Калі ўсё ж забанілі, то за лаянку, абразы і няспынны флуд, дзе толькі можна.

Калі так атрымалася і вы нязгодныя, альбо ўсё адно хочацца выказацца – пішыце мэйл адміністратарам з тлумачэньнем сытуацыі.

 

Перадрукоўка нашых матэрыялаў.

 

Што рабіць, калі Вы жадаеце разьмясьціць матэрыял з нашага сайту дзе-небудзь?

Калі Вам вельмі моцна спадабаўся якісьці матэрыял ці фотаздымак на нашым сайце і Вы жадаеце выкарыстаць яго ў сваіх карысных і ня вельмі мэтах (разьмясьціць яго цалкам ці частку яго на сваім сайце, надрукаваць у газэце, часопісе, у іншым СМІ, ці проста напісаць на сьцяне), калі ласка, абавязкова пазначайце спасылку на наш рэсурс (generation.by) і імя аўтара дадзенага матэрыялу ці фотаздымка. У выпадку перадрукоўкі ў Сеціве – актыўная спасылка на наш матэрыял абавязковая!

Будзьце людзьмі. Шануйце аўтарскія правы!

 

Чаму вожык?

 

Гэта наш талісман. Мусіць жа быць у любога чалавека нейкая слабасьць. Вось у нас гэта любоў да вожыкаў. Але гэта хутчэй нашая моц. Бо вожык – самая жывучая, разумная, мілая і хітрая, мэтаскіраваная і пасьпяховая жывёлінка. І ён добра аберагае сайт ;).

Што тут пісаць? Падабаецца нам вожык і ўсё тут.

 

 

 

Help пастаянна аднаўляецца, паколькі сайт дынамічна разьвіваецца і зьяўляюцца новыя магчымасьці. Калі адказ на хвалюючае Вас пытаньне тут не знайшоўся – паспрабуйце задаць яго ў форуме «Разьвіцьцё праекту». Адтуль жа многія пытаньні і адказы на іх патрапляюць на старонку хэлпа. Альбо можаце  скантактавацца праз мэйл.


 
In 0.0331 seconds.