Ківач Фуко
Інфармацыя пра гурт, падрыхтаваная ўдзельнікамі каманды:
Гурт «Ківач Фуко» нарадзіўся 16 чэрвеня злашчаснага 2006 году, ажыцьцявіўшы такім чынам прынамсі адну пазытыўную падзею глябальнага маштабу.
Як і любы жывы арганізм, гурт ня мог нарадзіцца зь нічога. Ягоны эмбрыён выношваўся доўга і клапатліва, аточаны любоўю і пяшчотай.
Творчыя рэсурсы гурта выцякаюць зь неўтаймаванага таленту Зьміцера Казлоўскага. Гэты апантаны майстар струны і вакалу досыць працяглы час выступаў у якасьці барда на шматлікіх вечарынах, сустрэчах, канцэртах па ўсёй Беларусі, Украіне і Польшчы (у тым ліку і на «Бардаўскай восені»), і нават запісаў свой дэма-альбом. Але з прычыны відавочнай рокавасьці ягоных тэкстаў і музыкі (хай сабе пад адну гітару) яго нават называлі – ня будзем сьціплічаць – беларускім Бобам Дыланам.
Пасьля такіх заяваў стварэньне гурта было толькі пытаньнем часу.
Свае «ударныя» паслугі адразу ж прапанавала Кася Бохан (гурты «я і джынджэр», «Жаба ў каляіне»). Неўзабаве сэрцы ўдзельнікаў «Ківача Фуко» былі навечна заваяваныя басісткай Стэфаніяй Анемпадыставай. А трохі пазьней да гурту далучыўся і Джымі Хендрыкс з суседняга пад’езду Аляксей Казлоўскі.
З тога часу гурт пачаў імкліва разьвівацца, вытрымаўшы некалькі кватэрнікаў, дачнікаў і гаражнікаў і перажыўшы безьліч так званых «канцэртаў» для сяброў на рэпэтыцыях. Суседзі па гаражах нават прэзэнтавалі гурту дзьве 50-ватныя калёнкі. Маўляў, калі цыркулярка працуе, песень не чуваць. Пасьля такога матар’яльна падмацаванага камплімэнту «Ківач Фуко» узяўся за справу зь яшчэ большым імпэтам, адчуўшы, што справа гэтая будзе жыць і зьмяняць наш недасканалы сьвет у лепшы бок.
На жаль, гурт пасьпеў зрабіць толькі адзін запіс, але ёсьць ужо дастаткова матар’ялу для альбому, і нават трохі застанецца на потым.
Мяркуючы па тым, што падчас выступаў ніхто не памёр, а фізіяноміі удзельнікаў ня зьведалі пратухлых яек і гнілых памідораў, спадзяемся, што гурт не безнадзейны і парадуе Вас, прынамсі, ня менш за нас саміх.
Склад:
- Зьміцер Казлоўскі - гітара, вакал
- Аляксей Казлоўскі - гітара
- Стэфанія Анемпадыстава - бас-гітара
- Кася Бохан - бубны
Трэк:
Раздрукаваць | Праглядаў 1915|
Камэнтары
Музыка нагадвае штосьці з клясыкі савецкага року...
"Я буду долга гнать веласіпед..." ))
ага, гэта быў першы запіс, які я бачыў на рэальнай студыі гуказапісу
толькі калі ж зьявіцца працяг, мы што, задарма Касю аддалі?
Камэнтаваць могуць толькі аўтарызаваныя карыстальнікі.
Зарэгіструйцеся і ўвайдзіце на сайт, калі ласка.