Беларусы на літоўскім музычным Галапагоскім востраве

А што гэта за краіна?» — памятыя, з голымі піўнымі торсамі, дабрадушныя літоўскія панкі тыкаюць пальцам на бел-чырвона-белы сцяжок на намёце. «Беларусь? Ды тут адныя беларусы! Мы з вамі!» Сапраўды, на жывапісным востраве сярод возера ў літоўскім мястэчку Зарасай, у гэтыя выходныя шчодра ўсеяным намётамі і сцэнамі, беларускіх сцягоў нямала.

Galapagai, штогадовы музычны фестываль на «літоўскіх браславах», гучаў сёлета і па-беларуску. На лясной сцэне, што як блізнец падобная да борыку Басовішча, літоўска-эстонска-латышска-беларускую моладзь весяліў жартамі і фізічнымі практыкаваннямі Віталь Артыст з «Без білета». А бліжэй да вечару галоўная сцэна фэсту выбухнула «Крамбамбуляй». Сэт гучаў настолькі моцна, што падпяваць пачалі і літоўцы, а самыя зацятыя наладзілі рэальны слэм. Беларусы ж і ўкраінцы, што дружным хорам спявалі ўсе крамбамбульныя хіты, крыху змаглі перадыхнуць хіба толькі на некалькіх новых песнях: узнёслая «Сэрца паўстанца», надзённая «Для чужых мы ўсе вар’яты» і баявая «Гэй ліцвіны, Бог нам радзіць!».

Невялікі востраў на возеры, што на сутыку Літвы, Латвіі і Беларусі, на некалькі дзён ператвараецца ў сапраўдныя Галапагосы, з яркай флорай і фаўнай: панкі, фрыкі, простыя людзі, гопнікі, хіпстары, сем’і з малечай, байкеры, раварысты, нават аматары 3D-друку. Тут неверагодна спалучаюцца поп-выступы на адной сцэне з алеяй забаваў як на звычайным свяце гораду, і маладыя інды-выканаўцы на іншай сцэне, дзе публіка каардынальна розніцца. Некалькі пляжаў, безліч гульняў, акцыі, конкурсы… З розных сцэнаў гучаць AC/DC, Nirvana, Элвіс Прэслі, Цой - сёлета кавер-гурты тут асабліва ў фаворы.

«Papai! Papai!» — раніца апошняга дня фестывалю праводзіла намётавы гарадок ужо знаёмымі галасамі вясёлых асіплых панкаў. «Papai!..» — падхоплівалі стомленыя сонныя галасы з розных намётаў. Галапагаі, папаі... Па вяртанні пагуглілі пераклад развітальных клічаў :)

Выдатны разняволены фестываль, які для кожнай кампаніі свой, абсалютна разнастайны, чым і інтрыгоўны, аднак аднолькава чаканы. Фотамоманты з Galapagai версіі 2014 — у рэпартажы Generation.by.

Юра Сідун 05/08/2014

Камэнтары праз FACEBOOK

 
In 0.1225 seconds.