«Мова ці кава»: фотарэпартаж з першага занятку новага сезону

Каманда пад кіраўніцтвам Кацярыны Кібальчыч працягнула курсы «Мова ці кава», аднак з новым фарматам – новае месца, розныя вядучыя, анансаваныя вострыя дыскусіі і моладзевы фармат.

Падыход да кластэру «ЦЭХ» традыцыйна інтрыгуе цёмнымі завулкамі з шынамантажамі, у глыбіні якіх навісае шэры змрочны будынак, які па-моладзеваму ўспрымаецца хутчэй як модны сквот. Не заблукаць дапамагаюць указальнікі, а ўрачыстага настрою дадае чаканы першы снег у гэтым годзе.

Тут свабадней, вялізны будынак з высачэзнымі столямі для такіх натоўпаў дакладна больш выйгрышны. Людзей таксама безліч, пераважна моладзь, знаёмыя-незнаёмыя. Адразу ў залі кавярня, дзе можна ўзяць кавы-гарбаты-капучына, чым многія і карыстаюцца. Тут вядоўцамі сёння Алесь Залеўскі, які таксама «засвяціўся» на менскай «Мова ці кава» да Новага году, і Васіль Дранько-Майсюк. Тут жа і сама Кацярына Кібальчыч, і вядучыя наступнага занятку Валярына Кустава і Франак Вячорка. Агульная атмасфера найперш гэтым і розніцца – у імпрэзе, бо заняткам назваць неяк вузка, удзельнічаюць усе. Жарсці накаляюць дэбаты з удзелам беларускіх рэстаратараў. Што рабіць, каб афіцыянты не крывілі твар пры замове ў іх «кубачка гарбаты і рахунка»? І што рабіць рэстаратарам, для якіх мову дыктуе кліент, які рускамоўны? 

Тым часам у галерэі «Ў» праходзіў першы занятак новых курсаў «Мова нанова», ініцыяваных Глебам Лабадзенкам і Алесяй Літвіноўскай, якія вялі «Мовуцікаву» ў мінулым сезоне, а ад сёння распачалі свае заняткі. Пра тое, як Generation.by за вечар паспеў патрапіць на абодва курсы і што ён там пабачыў — чытаем і глядзім у матэрыяле «Шчодры вечар: з аншлагам пачаўся новы сезон курсаў беларускай мовы».

Юра Сідун 14/01/2014

Камэнтары праз FACEBOOK

 
In 0.0397 seconds.