Кінуў горад, каб жыць у гарах з коньмі

Андрэй, ён жа Макс-маўчун, спрабаваў жыць у горадзе і трымацца цывілізацыі, аднак ня вытрымаў ды сышоў вандраваць у горы. А 10 гадоў таму былы хіпі набыў кавалак зямлі ў падножжа крымскага Чатыр-Дага, дзе ўласнаруч збудаваў сабе юрту ды жыве з маці і сваімі вернымі сябрамі — коньмі ды козамі. Цяпер гэты горны чалавек плянуе новую вялікую вандроўку ў горы, а нам пашэнціла пабываць у яго ў гасьцях акурат напярэдадні. Шмат швэндаліся па гарах, слухалі-запісвалі яго расповеды ды пазнаёмілі зь Сецівам.

* * * * * * * *

Першыя дні восені ўгаворвалі на дарогу! Доўга ня думаючы – пляцак на плечы і раньнім ранкам за дзьверы, на шашу. І вось ужо трэці сьвітанак распачаўся бліз мора. Гэтым разам сіняга гарызонту было значна менш, таму будуць горы, і тыя, хто зь імі. Па шчасьлівай выпадковасьці мне патрапіла ўпісацца ў чалавека, які жыве ў гарах за 20 км ад Сімфэропаля з усялякай жыўнасьцю. Пакуль ехала да яго ў тралейбусе, думала ранкам накіравацца ў бок Судака, а там і Кактэбель побач.

Аднак на прыпынку Зарэчнае нашыя шляхі з тралейбусам разышліся: мяне чакалі горы, а яго — горад. Да мэтавай кропкі мне заставалася 5 км пешшу ці колькі хвілінаў з нахабным таксістам. Выбар прынцыпова паў на першае.

Мяне чакала дарога, абапал якой з аднаго боку парос жоўтай травой стэп, а з другога, нясьмела, але велічна вымалёўваліся горы. Ціха-мерна тут ішло жыцьцё: пасьвіліся кароўкі, авечкі ды ганарліва трэсьлі грывай коні. Неўзабаве наблізіўся той узгорак, на якім прызначана была сустрэча. Калі перад вачыма ўзьнік карыявокі, усьмешлівы ды й яшчэ з пляцёнай стужкай ў курчавых чорных валасах Андрэй – пляны ў долі сэкундаў зьмяніліся. Вось ён, добры горны чалавек.

Адразу ж мы накіраваліся да яго апошняга дзецішча — юрты. Ён яе цалкам спраектаваў сам, і будаваў мэтадам, як кажуць, «навуковага тыку». Папярэдне, тры гады, ён выпрабоўваў лісьце чароту — высьветліў, што ні сьнег, ні дождж яго не бярэ! Таму гэта самы лепшы і пры гэтым танны матэрыял для пакрыцьця юрты.

Пад час гарбаты пад драўляным каркасам будучага дому, Андрэй крыху распавёў пра сябе, свае пляны і пра сваіх блізкіх — каней. Тут, бліз гары Чатыр-Даг (адна з найвышэйшых гор Крыма), ён жыве 10 год з маці. Чаму? Проста аднойчы зьнянацку прынялі рашэньне — набыць зямлю. Да гэтага часу ён шмат вандраваў і нейкі час жыў на Мангупе, дзе яму далі другое імя — Макс-маўчун, яно яму таксама блізка. І зараз ён думае аб заўчасным падарожжы з канямі, мажліва на той жа Мангуп – цягне яго туды. Пра сваё «цывілізаванае» жыцьцё ўзгадвае мала — болей гаворыць пра горы ды будучыя вандроўкі.

Тут пад Чатыр-Дагам ён прыйшоў да ўзаемаразуменьня з канямі. Ёсьць у яго і іншая жыўнасьць, але коні — гэта яго асноўнае захапленьне. Так атрымалася, што яны сталі настаўнікамі адно аднаго.

Цяпер у яго дзьве сталыя кабылы, іх жарабяты, конь, дзьве казы і кошка-сабакі. Уся кампанія пражывае ў мястэчку Мармуровае, Крым, падножжа Чатыр-Дага.

Знаёмцеся:

Пра сябе ён гаворыць:

«У гісторыі майго жыцьця ёсьць пяцігадовы кавалак быцьця хіпі і трохгадовы — жыцьцё на гары Баба-Даг (Мангуп-Кале).
Я проста шчасьлівы хлопчык. Шмат усьміхаюся.
Яшчэ я суровы, дзікі, але далікатны зь дзецьмі.
Нядрэнна арыентуюся ў чыньніках, вывучаю сьледзтвы.
Мае настаўнікі далі мне набор ведаў, шматлікае зразумеў сам.
Зьвяртайцеся да мяне на «ты». Мне так лепш».

З усьмешкай распавядае пра сваіх фаварытаў:

«Марта, Мартушка, Марціна.

Кабыла. Прыгажуня. З простага роду, башкіра-тарпанскага нейкага. Ва ўзросьце. За плячамі шмат чаго.

Справядлівая. Ведае сваю сілу. Цягавітая. Яна любіць волю і чалавека. Аброць яна ведае, калісьці ў гісторыі было. Безумоўны лідэр, клапатлівы і строгі. Самадур(а). Усіх каней у табуне можа разагнаць, пакусаць, рыкнуць на іх, гнеўна хвастом махнуць, ежу забраць. Чалавека стукнуць — у лёгкую :) Самы часты ўдар — нізкі бакавы (усьміхаецца, відаць, узгадваючы), ён даводзіцца ў раён каленкі. Свавольная, хоць настойвае на сваім ня доўга.

Мой настаўнік. Я дазволіў ёй напачатку нашых зносін выяўляць свае пачуцьці адкрыта, выдаліўшы з ужываньня цуглі. Я шмат разоў валіўся, яна не чакае мяне, бяжыць далей. Ніколі ў нашай гісторыі не было, каб яна зрабіла мне гадасьць. Ні разу. Усе мае падзеньні і плясканьні капытоў былі або ад тупога няведаньня або па няўважлівасьці. У лесе яна ня пойдзе туды, дзе мяне падрапае, ну пойдзе, вядома, калі я папрашу :) Вельмі спакойная, працавітая кабыла, зь ёй лёгка дамовіцца, у бойку яна па мудрасьці ня лезе, проста спадзяецца на павагу».

Чарга малодшай:

«Лінда, Ліна, Лінка-Кабылінка, Лінушка-Прыгажуня.

Кабыла. Маладая, гадоў 6. Парода блізкая да башкірска-мангольскай-крымскай, тарпан выліты.
Вырасла ў мяне змалку. Даверлівая.
Лідэр па натуры. Звыкла казаць гучна і адкрыта. Правярае эмацыйны фон падыходнага да яе, перш чым дазволіць сесьці на сябе. Вельмі небясьпечная. Віртуоз. Дзіця, што не выпраменьвае страху — у бясьпецы. І ўпэўнены ў сабе чалавек. Астатнія таксама забіты ня будуць, але цікавасьць да іх у кабылы слабее.
Лагодная. Рызыкоўная. Клапатлівая. За жарабё пойдзе ў бой, не задумваючыся.
Любіць тыя моманты, калі ў яе ёсьць магчымасьць быць рулём табуна.
Слабей Марты значна, але цягавітасьць тая ж».

Пра сваіх коз адгукаецца:

«Йося, Каза-козанька, Нуказа.

Каза. У белым, пухнатым кажушку. Вясёлая сьцярвознасьць надае яе дзеяньням шарм і прывабнасьць. У досьвітку гадоў. Мангуп і дарогу да яго ведае.
Доўга намагалася лідэрства ў статку. Дамаглася зусім нядаўна, акрамя сяброўкі цяпер ёй кіраваць няма кім. Калі тая не вядзецца, гаруе сярод поля ў адзіноце.
Сабак не баіцца. Тых, што трапіліся, любіць падчапіць рогам ці заваліць на зямлю ілбом.
Парода малочная. У адзін год двойчы нарадзіла трайнят, пры гэтым рабіла малако ўвесь час.

Каця, Каценька, Кацюха, Рыжая Каза.

Каза. Паважанага ўзросту. Вандроўніца. Тысячу км за мной прайшла. Прывязана да чалавека. Любіць церціся пысай.
Трохі журботная, пасьвіцца ўвесь час без чалавека, шмат сьпіць.
У часы лідэрства ў статку з 30 галоў, у момант нападу сабак, узяла на сябе абарону. Білася зь дзьвюма аўчаркамі. Ёй парвалі вымя, людзі якія падасьпелі — выратавалі. Застаўся вялікі шрам.
У момант, калі пад Мангупам мянты, якія выгульваюць італьянцаў, сагналі сабакамі статак у адстрэлачны раён, кіравала групай веруючых у выратаваньне. Схаваліся ў храме на гротах у дзяўчыны-ведзьмы-чараўніцы.
З тых часоў нарадзіла, выкарміла і выхавала кучу дзяцей.
Цяпер у вандраваньнях ёй цяжка».

Астатняя дробная жыўнасьць збольшага існуе аўтаномна. Праўда, Андрэй назірае за іх паводзінамі і ўзаемаадносінамі. Напрыклад, Кошка на пачатку выгнала Ката. Усё лета той прабадзяўся ў выгнаньні, і вось пад час майго візыту вырашыў зазірнуць дадому. На дзіва, Кошка яго прыняла :)

Жучка (сабака) таксама недзе правяла лета, а ўвосень, калі ўжо ласунак раздабыць складаней — зьвярнулася да роднага ганку. Цяжарная :)

Весела і проста жывуць яны разам, адзін аднога ў крыўду не даюць!

З.Ы. Лінда пад час майго візыту была цяжарнай, і павінна была вось-вось на днях радзіць. На наступны дзень пасьля майго ад’езду яна нарадзіла маленькую кабылку :)

Дарэчы, у час майго побыту там Андрэй майстраваў цуда-антэну, якая будзе лавіць інтэрнэт. І хто ведае, можа хутка пабачым занатоўкі з маўклівых вандровак былога хіпі па крымскіх гарах ад уласнага імя і ў рэжыме онлайн.

Julia Fox 17/10/2011

Камэнтары праз FACEBOOK

 
In 0.0547 seconds.