Празь некалькі гадзінаў журы абярэ выступоўцаў Адборышча-2006
На старт адборачнага туру падалі заяўкі 37 маладых камандаў з розных рэгіёнаў Беларусі. Але ўжо сёньня 17 зь іх сыдзе з дыстанцыі.
Судзьдзі, што ўваходзяць у журы “Адборышча-2006”, абяруць увечары 16 гуртоў, якія атрымаюць права выступіць на рынгу адборачнага туру “Басовішча-2006”. Кожны сябра журы галасуе самастойна і сладае свой сьпіс.Пасьля выніку складаюцца. Дадаткова будуць абраныя 4 гурты, якіх запросяць на лаўку запасных. У выпадку дыскваліфікацыі, альбо заўчаснага зыходу з дыстанцыі адной з камандаў, што уваходзіць у 16-ку, яе месца зойме першая па сьпісе з лаўкі запасных.
На фінішы адборачнага туру сёлетняга Басовішча не абыдзецца без сюрпрызаў. “Адборышча-2006” закончыцца паказальным выступам каманды-легенды, якую фанаты празвалі мамай беларускага року, але імя зоркі трымаецца ў сакрэце.
Па выніках “Адборышча-2006” судзьдзі абяруць 9 камандаў, якія будуць запрошаныя выступіць ў фінале, які традыцыйна ўжо 17-ы год будзе праходзіць ў Гарадку (Польшча) 21-22 ліпеня.
Але арганізатары Басовішча вырашылі ўлічыць пры адборы ня толькі думку дасьведчаных судзьдзяў, але таксама авацыі на трыбунах.
Да 8 чэрвеня на Тузіне Гітоў працягваецца інтэрнэт-галасаваньне, па выніках якога адзін з гуртоў атрымае права выступіць у фінале музычнага фэстывалю ў Польшчы. Ужо трэці дзень фанаты камандаў прыцягваюць усе свае рэсурсы, каб паспрыяць заўчаснаму выхаду свайго гурта ў фінал. Паўдзельнічаць у выбары аднаго фіналіста можа кожны, для гэтага трэба зайсьці на старонку галасаваньня, скачаць дэма-запісы гуртоў і прагаласаваць пасьля за адзін зь іх.
Уся інфармацыя пра каманды-ўдзельнікі адборачнага туру Басовішча-2006, склад журы і іншыя навіны пра фэстываль рэгулярна зьяўляюцца на старонках інфармацыйнага партнэру сёлетняга Басовішча інтэрнэт-рэсурса Studenty.by.
З усім пытаньнямі наконт адборачнага туру Басовішча-2006 можна зьвяртацца на тэлефон каардынатаркі сёлетняга Басовішча зь беларускага боку Волі Кузьміч: (029) 6530595