Community Studenty.by у Нясьвіжы

Людзі, якія пабывалі ў гэтай вандроўцы, а значыць сталі носьбітамі пэўных нясьвіскіх таямніцаў: Tarka, @ptymist, Baj, Jurkas, Svaboda, Ada, Jadzia, Bazyk, Яўген_менскі , а таксама мясцовыя Паша, Міхал Асмыковіч з Воляю і іншыя.

РатушаРаніца, поўная працы, дала зразумець, што выехаць у Нясьвіж да абеду, як плянавалі раней, не атрымаецца. Ну нічога, думалі. Частка народу паедзе раней, частка пазьней, мы з @ptymistam дзесьці а 14-й выедзем. У любым выпадку, дзяўчаты ўвогуле плянавалі выехаць дзесьці а 19-й. Гэта нас абнадзейвала, што мы будзем не апошнія :).

Але настрой усё адно быў сьвяточны. Ня дзіва – вандроўка, якая пачала плянавацца яшчэ ўвесну, нарэшце пачнецца сёньня! Хуценька залажу на сайт (у форум аб вандроўцы), каб прааналізаваць дакладней, хто і калі едзе. Народ ужо кінуў разьвітальныя паведамленьні.

Ну чаму як бы мы не зьбіраліся, усё адно прыходзіцца бегчы на цягнік/электрацыю/аўтобус, які вось-вось мусіць сысьці? Пляны паехаць на 15:35 разьбіліся ўшчэнт. Наступная электрацыя ў 16:10. У 16:03 вылётаем з дому, на хадзе закідаючы ў заплечнік спальнікі (лепш бы ня бралі – аб гэтым пазьней). Пасьпелі!.. Паўгадзіны тэлефанаваньняў – і мы разумеем, што мы едзем апошнія. Дзеўкі зьехалі ў Нясьвіж яшчэ ўчора.

На пад'езьдзе да Гарадзеі сэрца пачынае грукаць часьцей – шмат успамінаў зьвязана зь Нясьвіжам і гарадзейскай вакзаляй.

Сядаем у аўтобус і пра сябе пачынаем падганяць час. Бо народ ужо дзесьці бадзяецца па горадзе, а мы толькі пад'яжджаем. Надвор'е сонечнае – усе ўмовы для заплянаваных шашлыкоў (сасісак, сала – у каго што).

Усю сытуацыю ўскладняе тое, што Baj, да якога мы і едзем, на днях страціў мабільны тэлефон – з усімі кантактамі, нават зь нясьвіскімі знаёмымі. Таму сыстэма ў нас такая: Baj тэлефануе з хатняга і просіць камусьці патэлефанаваць, а я зь ім зьвязваюся праз Jurkasa, каторы ўжо прыехаў, мае мабільны тэлефон і часта знаходзіцца побач з Baj'ем... Эх, бывай мой плюсавы балянс на тэлефоне!

На знаёмай нясьвіскай вакзалі нас сустракае (!) ...Baj. Усе іншыя сапраўды пайшлі гуляць па горадзе. Мы ж з @ptymistam гатовыя да прыгодаў, бадзяньня па начным парку, смажаньні сасісак, цікавых размоваў на беразе возера...

Дачакаўшыся ўсіх іншых, мы былі моцна зьдзіўленыя, наколькі стомлены народ. Усе нашы аптымістычныя задумкі адносна таго як мы зараз рванем у лес на вогнішча, сустракалі стомленыя позіркі прыежджых студэнтаў і ня толькі... Яны ўжо некалькі гадзінаў бадзяліся па парку і марылі толькі аб тым, каб адпачыць. Але мы ўсё ж прымусілі іх падняцца! Праўда, пакуль мы ўсе пазьбіраліся, было ўжо цёмна. А мы яшчэ ня ведалі дакладна, дзе мы раскладзем вогнішча, у нас ня было дроваў да вогнішча... Ну, карацей, мала што ў нас было. Але! Было галоўнае – кампанія! А кампанія людзей, якіх яднае пэўная ідэя, моцная сіла! Гэтак мы з @ptymistam суцяшалі сябе, чакаючы каля ратушы Svabodu, і гледзячы ў сьпіны людзей, што накіраваліся ў цемры шукаць у парку дровы.

Прабіраліся ўтрох праз ноч, мінулі стары парк, выйшлі да плаваючага востраву, прайшлі японскі парк, выйшлі за браму – а там, як кажуць мясцовыя, праходзіць мяжа Нясьвіжа. Дайшлі да львоў – помнік у выглядзе двух каменных ільвоў на беразе возера, прайшлі яшчэ крыху... А там нас ужо сустрэлі. Галоўнае – верыць у народ! ;) Вогнішча было раскладзена і ўсе акуратненька сядзелі вакол.

Чорная панна НясьвіжуПазьней да вогнішча падышлі Аda са сваім нясьвіскім знаёмым – Пашам, а таксама мясцовыя Міхал і Воля. Перадаць усе нашы тэмы размоваў немагчыма! Ад пачатку мы даведаліся, што вогнішча мы расклалі на Папоўскай горцы. А называецца яна так, бо там калісьці жыўцом закапалі папоў.... Таксама дзякуючы jurkasu мы даведаліся, што на тое, каб мы дазволілі сабе ціхім цёплым вечарам паесьці сасісак на вогнішчы, на нас працавала безьліч людзей па ўсім сьвеце. Перадаць ўвесь гэты лягічны шэраг не магу, бо баюся быць непасьлядоўнай. Пэўную інтрыгу нашым пасядзелкам надала ня хто іншая, як Чорная панна Нясьвіскага замку. Сядзім сабе ля вогнішча – весялімся, а з боку лесу ўсё нейкія крокі чуваць – але мы не зьвярталі ўвагі. У выніку, калі я проста вырашыла пафоткаць людзей ля вогнішча (на жаль, фотакамэру з сабой ня брала, таму прыйшлося рабіць фоткі на мабілку), на адным фота, дзе дакладна былі толькі Jadzia i Svaboda, зьявілася ледзь бачная выява твару трэцяга чалавека!.. Мы некалькі разоў яшчэ пераглядалі здымак, заглядалі за дзяўчатаў, але нікога там не было. Ліхтароў там таксама ня было. І няхай гэта будзе на нашым сумленьні, але мы лічым, што гэта Чорная панна Нясьвіскага замку... ;)

Літар грыбочкаў ад Bajа разышоўся вельмі хутка. І я прыняла ў гэтым самы непасрэдны ўдзел. Jurkas заводзіў беларускія сьпевы, якія разносіліся над усім возерам, хлопцы падпявалі. Найбольш запомнілася “Купалінка” у выкананьні хлопцаў... ;).

Вяртаньне да месца начлегу было запамінальным. Па-першае, напачатку дзяўчаты (на той час нас засталося чацьвёра), вырашылі папужаць хлопцаў і схаваліся непадалёк, разумна паставіўшы мабілкі на вібру. Карацей, мы іх разводзілі ажно пакуль не падышлі да старога парку, але там нас выкрылі. @ptymist знайшоў нас ужо на самым падыходзе. А ў нас быў такі плян!.. Мы яшчэ прагуляліся па начным парку, прайшліся да помніку сабаку, якія закрыў сабою гаспадара ад мядзьведзя, таксама пабачылі помнік русалцы. Народ, калі гуляў па парку ўдзень, даў ёй назоў “Двухвостая русалка”. Насамрэч, яна проста вельмі цікава выкананая мастаком. Яна мае дзьве нагі, якія плаўна пераходзяць у плаўнікі. А звычайна русалак паказваюць без ног – проста з рыбіным хвастом... Потым мы ўсе разам правялі дадому svabodu, а затым рушылі ночыць да baja.

Ужо на кватэры мы з @ptymistam зразумелі, як мы памыліліся, схапіўшы з сабою спальнікі… Вядома, што такую колькасьць людзей цяжка пакласьці на ложкі – ложкаў проста не хапае. Было прынятае простае рашэньне – хто мае спальнік – сьпіць на падлозе… Мы і былі гэтымі шчасьлівымі людзьмі…

Заплянаваная на нядзельную раніцу экскурсія крыху адцягнулася па прычыне нашай нявыспанасьці. Але моцна інтрыгавала пабачыць менскіх студэнтак Adu i Svabodu у якасьці экскурсаводак па іх родным горадзе Нясьвіжы. Пачалі мы наш шпацыр ад Ратушы, дзе, дарэчы, вельмі цікавая акустыка. Будзеце ў Нясьвіжы, пахлопайце ў далоні на ратушным пляцы – і самі ўсё пачуеце. Мы даведаліся пра гісторыю горада, прайшліся да будынка, дзе са словаў дзяўчатаў насамрэч была надрукаваная кніга Сымона Буднага. Зараз у гэтым будынку знаходзіцца простая крама, а афіцыйныя экскурсаводы распавядаюць, што кніга была надрукаваная ў іншым месцы, дзе зараз месьціцца друкарня. Мы пабывалі ў вельмі цікавым месцы. Вакол нас стаялі: каталіцкі касьцёл, праваслаўная царква, помнік пратэстанту Сымону Буднаму, габрэйскія забудовы старых часоў...

Фарны касьцёл. Дзяўчаты распавялі цікавыя гісторыі пра яго, як у час ВАВ мясцовыя хавалі там ад немцаў арган, прадстаўляючы несапраўдныя даведкі аб тым, што яны ўжо яго здалі на каштоўныя мэталы... Час падціскаў, і мы рушылі да замку.

Нясьвіскі палацДворык

Замак рэстаўруюць. Таму выглядае ён даволі страката. Вежы не пасуюць адна да адной. Нам усё ж удалося трапіць унутр, але ахоўнік на ўваходзе папярэдзіў – гуляць толькі па ўнутраным дворыку! Але мы б былі ня мы, калі не папоўзалі нават там, дзе ў прынцыпе гэта рабіць немагчыма. Размах рэстаўрацыі ўражвае – сярод старое цэглы валяюцца пустыя бутэлькі “Беларусі сінявокай”, за вокнамі замку на падваконьнях стаяць пустыя плястыкавыя бутэлькі ад піва... Мы абышлі ўвесь замак, прайшліся па “лесьвіцы каханьня”, пабачылі лядоўню, якую многія, хто яе бачыць упершыню, лічаць канюшняй. Пабадзяўшыся яшчэ колькі часу па замку і калязамкавых ваколіцах, мы рушылі зноўку да Фарнага касьцёлу.

Каля сьценаў палаца

Касьцёл ужо быў зачынены. Але для беларускіх студэнтаў зь Менску ветлівая бабулька адчыніла дзьверы. Больш таго, пасьля размовы са Svabodaj, яна дазволіла нам прайсьці ў сутарэньне з трунамі Радзівілаў!.. Для мяне гэта самае моцнае ўражаньне з вандроўкі! Апошняе пахаваньне адбывалася ў 1999 годзе! Тады ў Нясьвіжы ўсе стаялі на вушах – падзея ну вельмі высокага ўзроўню. Хавалі прадстаўніка роду Радзівілаў, які жыў у Брытаніі, але завяшчаў, каб яго пахавалі менавіта ў Нясьвіжы, ля сваякоў. Паколькі цела везьці не дазволілі, то прывезьлі ягоны прах і ўмуравалі ў сьцяну, а побач паставілі сымбалічную труну. А ўвогуле знаходжаньне ў гэтым сутарэньні прабірае да касьцей. Там ёсьць пакойчык, дзе пахаваныя муж з жонкаю і іх 12 дзяцей – 12 маленькіх трунаў... На жаль, за савецкім часам некаторыя труны адчынялі для дасьледаваньняў. І там, напэўна, ужо нічога не захавалася.

Наагул у экскурсіі найбольш спадабалася нефармальнасьць, наяўнасьць у дзяўчатаў сваіх куміраў зь гісторыі Радзівілаў, пра якіх яны распавядалі зь неверагодным захапленьнем. Запомнілася гісторыі пра Пана Коханку, які ладзіў у Нясьвіскім замку круцейшыя вечарыны.

Вандроўка ўдалася! І найбольш радуе, што было цікава ня толькі нам, прыежджым, але і самім нясьвіскім. Найбольш прыемна было пачуць уражаньні Svabody: “Я за 17 год не пабачыла ў Нясьвіжы столькі, колькі пабачыла за адну вандроўку са studenty.by”... Адказна падышоў чалавек ;).

Вандроўка ўдалася!

Ад сябе хачу шчыра падзячыць Baju, Adzie i Svabodzie за арганізацыю прыемнага адпачынку і файнай экскурсіі, а Jurkasu – за файныя фотаздымкі зь Нясьвіжа. Наперадзе новыя прыгоды і вандроўкі! І памятайце, Community Studenty.by адкрытая да новых людзей, новых уражаньняў і новых прапановаў! Да сустрэчы!

tarka 15:00, 24/09/2005 | Артыкулы |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0618 seconds.