Адбылося паседжаньне суда выкладчыка супраць БДПУ

Сёньня адбылося паседжаньне суда Маскоўскага раёна па справе выкладчыка пэдунівэрсытэту Юрася Бачышча - выкладчык падаў скаргу на ўнівэрсытэт у суд з-за звальненьня з працы. Юрась Бачышча лічыць сваё звальненьне незаконным і абгрунтаваным ягоным удзелам у прэзыдэнцкіх выбарах у якасьці назіральніка. Адміністрацыя БДПУ за дзень да суда падала на выкладчыка скаргу ў пракуратуру. 

Юры Бачышча працаваў дацэнтам катэдры славянскай гісторыі й мэтадалёгіі гістарычнай навукі пэдунівэрсытэту, чытаў курс лекцый па гісторыі ўсходніх славян. Выкладчыку пагражалі звальненьнем пасьля таго, як кіраўніцтву ўнівэрсытэту стала вядома, што ён зьяўляецца назіральнікам на прэзыдэнцкіх выбарах. Юрасю прапанавалі звольніцца з уласнага жаданьня, калі ж той адмовіўся - 23 сакавіка яго звольнілі з унівэрсытэта. Больш таго, за дзень да суда, куды зьвярнуўся выкладчык са скаргай, кіраўніцтва ВНУ падало скаргу на самаго выкладчыка ў пракуратуру.

 

У судзе загадчык аддзела кадраў пэдунівэрсытэта Валеры Пятровіч Алавянікаў разам зь юрыстам сп. Ігнаценка ад самага пачатку хадайнічалі аб прыпыненьні судовай справы, матывуючы гэта тым, што дзень таму, 16 траўня яны падалі заяву ў пракуратуру на Юрася Бачышчу. Прадстаўнікі ўнівэрсытэта вінавацяць Юрася ў распаўсюджваньні сярод студэнтаў дыскаў зь інфармацыяй, што зьневажае годнасьць прэзыдэнта.

Судзьдзя Сяргей Станіслававіч Нікалаеў абвесьціў перапынак, каб вырашыць ці працягваць справу, ці прыпыніць, як таго патрабуюць прадстаўнікі пэдунівэрсытэта. Пасьля пятнаццаціхвіліннага перапынку юрыст спадар Ігнаценка папрасіў у судзьдзі слова і заявіў: “Адна з абставінаў, якая не дазваляе нам працягнуць справу тая, што рэчавыя доказы, матэрыялы былі перададзеныя намі ў пракуратуру і на дадзены момант мы ніякіх доказаў ня маем”. 

Пракурор Натальля Случынскіх, якая прысутнічала на паседжаньні суда абвесьціла: “Падставы, каб адкласьці справу адсутнічаюць, аднак калі рэчавыя доказы знаходзяцца ў пракуратуры раёна, то мы не можам працягваць справу”. 

Пасьля чарговага перапынку, які цягнуўся больш за гадзіну, судзьдзя быў нешматслоўным. Справа прыпыненая на тэрмін разгляду заявы ўнівэрсытэта ў пракуратуру, наступная сустрэча з судзьдзём адбудзецца 1 чэрвеня. Тады і будзе прынятае рашэньне ці распачынаць справу наноў.

Юрась Бачышча лічыць, што галоўнай прычынай заявы ў пракуратуру зьяўляецца адсутнасьць у прадстаўнікоў унівэрсытэта абгрунтаваных доказаў на звальненьне выкладчыка, а таксама нежаданьне студэнтаў даваць паказаньні супраць выкладчыка. Юрась адзначае, што ніколі не хаваў ад студэнтаў таго, што адбываецца. Студэнты ў сваю чаргу абураліся ціску на свайго выкладчыка й па ўласнай ініцыятыве сабралі 146 подпісаў у яго падтрымку.

Юрась Бачышча спадзяецца, што суд усё ж прыме справядлівае рашэньне і ён вернецца на працу ў пэдунівэрсытэт. У выпадку адмовы суда і ўзбуджэньні справы супраць выкладчыка, Юрась не зьбіраецца зьяжджаць з Беларусі: “Я заўсёды хацеў жыць у сваёй краіне, працаваць у сваёй краіне і паляпшаць жыцьцё ў сваёй краіне. Але заўсёды могуць зьявіцца абставіны, якія прымусяць зьехаць. Аднак я спадзяюся, што змагу знайсьці працу па сваёй спэцыяльнасьці” .

“Гэта звычайная юрыдычная працэдура, ніякай палітыкі тут няма" – запэўніў прадстаўнік унівэрсытэта спадар Алавяньнікаў на пытаньне, чаму звольнілі выкладчыка і зьвярнуліся са скаргай у пракуратуру.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0595 seconds.