Дапаможнік па гісторыі сканфіскавалі за «неадпаведнасьць дзяржаўнай ідэалёгіі»
Адміністрацыя Беларускай Дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі (БДСГА) сканфіскавала на катэдры гісторыі і культуралёгіі дапаможнік для студэнтаў-завочнікаў па гісторыі Беларусі, як “неадпаведны дзяржаўнай ідэалёгіі”, паведамляе belngo.info. Дапаможнік быў выдадзены калектывам аўтараў на сродкі Акадэміі і выраблены ў акадэмічнай друкарні накладам у 500 асобнікаў.
Выпуск падобных выданьняў – шэраговая падзея для ВНУ, але празь некалькі дзён пасьля таго, як брашура паступіла на катэдру, туды зьявіліся прадстаўнікі рэктарату і забралі з сабой амаль увесь наклад.
Выкладчыкам, якія ўдзельнічалі ў падрыхтоўцы дапаможніка і атрымалі так званыя аўтарскія асобнікі, было прапанавана здаць іх дабраахвотна. Двое з аўтараў, Валеры Шчэрбаў і Аляксандар Каданьчык, адмовіліся гэта рабіць, заявіўшы, што па Закону аўтарскі асобнік ёсьць уласнасьцю аўтара. У адказ ім прыгразілі прыцягненьнем да крымінальнай адказнасьці за крадзёж дзяржаўнай маёмасьці, пасьля чаго абодва выкладчыкі прапанавалі адміністрацыі ВНУ выкупіць свае брашуры па любым кошце.
Пасьля гэтага інцыдэнту прафэсар гісторыі і дацэнт адпаведнай катэдры БДСГА Аляксандр Каданьчык быў выкліканы да прарэктара па выхаваўчай рабоце Аляксандра Чачоткіна, які патрабаваў здаць дапаможнік. Прарэктар таксама заявіў, што падручнік не адпавядае патрабаваньням дзяржаўнай ідэалёгіі і выказаў прэтэнзіі да прафэсара, які “не прытрымліваецца ідэялягічных нормаў ў выкладаньні гісторыі”. Аналягічны выклік атрымаў і сп. Шчэрбаў.
Дарэчы, Аляксандар Каданьчык, які шмат гадоў узначальвае грамадзкую асьветніцкую ініцыятыву “Далягляд”, а таксама раённае аддзяленьне ТБМ, не ўпершыню падвяргаецца ціску з боку адміністрацыі БДСГА. У студзені гэтага года яго таксама выклікалі ў рэктарат і патрабавалі выйсьці з ініцыятыўнай групы Аляксандра Мілінкевіча, пагражаючы датэрміновым скасаваньнем кантракту. Прафэсар, якому да пэнсіі засталося менш за год, катэгарычна адмовіўся ад такой прапановы.