Cтаршыня Саюзу пісьменьнікаў звольнены з БДУ

Кіраўніка Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Алеся Пашкевіча звольнілі з пасады дацэнта на філялягічным факультэце Белдзяржунівэрсытэту.

Пагроза звальненьня над Пашкевічам вісела даўно, яшчэ з таго часу, як ён актыўна заангажаваўся ў палітычную кампанію А.Казуліна. На факультэце, як кажа Пашкевіч, вакол яго пачала штучна стварацца нэгатыўная атмасфэра. Каб не працягваць гістэрыі, кіраўнік СБП прапанаваў «мірнае пагадненьне»: ён напісаў заяву на звальненьне «па ўзгадненьні бакоў» (бо працуе на кантракце), але не праставіў даты. У кіраўніцтва філфаку ён папрасіў магчымасьці дачытаць да канца навучальнага году курсы, якія вядзе ў студэнтаў, а зь верасьня 2006 г. меўся сысьці. 

Аднак 17 красавіка Пашкевіча выклікалі ў аддзел кадраў БДУ і прапанавалі прыкласьці подпіс пад загадам пра звальненьне і забраць працоўную кніжку. На заўвагу Пашкевіча, што заява не аформленая належным чынам і ніякага «ўзгадненьня бакоў» не было, кадравічка толькі сьцепанула плячыма.

Куды цяпер падавацца на працу, Алесь яшчэ ня ведае. Кажа, што падумаць пра гэта не пасьпеў, бо ўвесь час забірае падрыхтоўка да судовага працэсу: Мін’юст зьбіраецца ліквідаваць найстарэйшы творчы саюз Беларусі. (Пачатак працэсу – 28 красавіка а 10.00 ў Вярхоўным судзе.) Аднак здавацца Пашкевіч не зьбіраецца і разглядае магчымасьць суду супраць БДУ за незаконнае звальненьне. 

kastus 01:00, 28/04/2006 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0615 seconds.