Аб'яўлены прыём заявак ад маладых гуртоў на ўдзел у "Басовішчы-2006"

Прыём заявак ад маладых гуртоў на ўдзел у конкурснай праграме "Басовішча-2006" працягнецца да 28 траўня. Да гэтай даты вядзецца прыём дэма-запісаў ад гуртоў, лепшыя зь іх паводле рашэньня журы будуць удзельнічаць у адборачным канцэрце, па выніках якога  каля дзесяці пераможцаў паедуць на сам фэстываль "Басовішча" змагацца за галоўныя прызы. 

Нагадаем, што гурт-пераможца “Басовішча” атрымлівае прыз “Радыё Беласток” – запіс у прафэсійнай студыі ў Польшчы. Таксама на фэстывалі ёсьць шэраг іншых прызоў для гуртоў: фінансавыя ўзнагароды БАС, гміны Гарадку, Радыё Палёнія, Зьвязу беларусаў у Польшчы і інш.

Паводле атрыманых заявак журы правядзе папярэдні адбор гуртоў, якія будуць удзельнічаць у адборачным канцэрце (да 11 чэрвеня), дзе і будуць вызначаныя гурты, якія паедуць непасрэдна на “Басовішча”.

У гэты ж час будзе весьціся інтэрнэт-галасаваньне на “Тузіне Гітоў”, паводле якога будзе вызначаны яшчэ адзін гурт, які паедзе на фэстываль разам з гуртамі, абранымі журы на адборачным канцэрце.

Заяўка ад гурта на ўдзел у конкурснай праграме "Басовішча" мусіць уключаць запіс адной (ці болей) песень па-беларуску на CD-носьбіце. Да таго ж абавязковымі ўмовамі зьяўляюцца наяўнасьць 20-хвіліннай музычнай праграмы на беларускай мове, а таксама ўдзельнікі гуртоў на момант правядзеньня адборачнага канцэрту мусяць мець у пашпартох штампікі з дазволам на выезд за мяжу.

Адрэсу, на якую патрэбна дасылаць дэма-запісы, можна даведацца, патэлефанаваўшы па нумарох (+029) 6530595, (+029) 6855239 ці (+029) 2646974. Альбо ў Менску кружэлкі з запісамі можна перадаць, скантактаваўшыся папярэдне праз тыя ж нумары. 

Як паведаміў старшыня беластоцкага БАС Радаслаў Дамброўскі, ў гэтым годзе асноўнымі партнэрамі фэстывалю зь беларускага боку яны бачаць Creative Community studenty.by і адпаведна інфармацыйны рэсурс studenty.by, а таксама інтэрнэт-партал “Тузін Гітоў”. На дадзены момант ідзе стварэньне аргкамітэту па падрыхтоўчым этапе фэстывалю ў Беларусі. У аргкамітэт плянуецца запрасіць маладых спэцыялістаў у арганізацыі канцэртаў, вядомых музыкаў, журналістаў, лэйбл BMAgroup і іншых. 

Арганізатары хочуць правесьці гэты фэстываль на якасна новым узроўні. Зараз фармуецца новы склад журы, які будзе ўключаць вядомых музыкаў і журналістаў. На самім Басовішчы чакаюцца цікавыя новаўвядзеньні: вядучымі фэстывалю будуць двое – хлопец і дзяўчына, а ў праграме плянуюцца конкурсы з гледачамі і шмат іншых сюрпрызаў.

 

Чытаць усе навіны пра "Басовішча-2006" >> 

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0653 seconds.