Мінадукацыі: выхад студэнтаў на вуліцы - "пракол" пэдагогаў
На думку намесьніка міністра адукацыі сп-ні Кавалёвай, выхад студэнтаў на вуліцы - недагляд педагогаў, "як кіраванцаў, як студэнцкага актыва". Такую думку намесьніца міністра адукацыі агучыла на сэмінары "Студэнцкае самакіраваньне: досьвед працы і перспектывы узаемадзеяньня навучальных установаў", паведамляе БелаПАН.
"Канешне, мы занепакоеныя тым, што моладзь выйшла на вуліцы, таму што гэта "пракол" нашай з вамі працы як педагогаў, як кіраванцаў, як студэнцкага актыва" - лічыць Тацяна Кавалёва. На думку намесьніцы міністра адукацыі, моладзь "паддаецца заклікам, эмоцыям".
Па словах намесьніцы мініста адукацыі
"палітыкі спрабуюць спекуляваць на тым, што маладыя людзі, якія мінулым разам праявілі сябе, ужо адлічаныя. Усе прысутныя ведаюць, што гэта ня так".
Аднак, па інфармацыі Камітэта рэпрэсаваных ужо больш за 20 беларускіх студэнтаў згубілі магчымасьць навучаньня ў Беларусі.
Па словах Тацяны Кавалёвай, "пасьля апошніх палітычных падзеяў шмат хто абураўся сытуацыяй, якая прысутнічае ў іх асабістым жыцьці, паколькі ўсе мы дзяржаўную палітыку успрымаем так, як яна адлюстроўваецца ў нашым асабістым жыцьці".
Намесьніца міністра адукацыі Тацяна Кавалёва лічыць, што неабходна зрабіць усё для данясеньня да студэнтаў аб'ектыўнай інфармацыі аб сытуацыі ў краіне.
"Зараз, з усьведамленьнем таго, што не заўсёды добра праблемы вырашаюцца ў дэканаце, не ўсе студэнты маюць поўную інфармацыю, мы вырашылі ўсталяваць ва ўсіх ВНУ тэлефоны даверу", - паведаміла Тацяна Кавалёва.
Намесьніца міністра падкрэсьліла, што
"для нас вельмі важна, каб і да вас трапляла аб'ектыўная інфармацыя і мы валодалі такой інфармацыяй аб існуючых праблемах".
Раней паведамлялася, што за першы тыдзень пасьля прэзыдэнцкіх выбараў было затрымана звыш 500 маладых людзей, большасьць зь якіх былі студэнтамі сталічных ВНУ.