БДУ “замінавалі”
Сёньня раніцай каля сямісот студэнтаў і выкладчыкаў, якія працавалі ў галоўным корпусе БДУ, былі пасьпешна эвакуяваныя з прычыны таго, што паступілі зьвесткі аб замінаваньні будынку. Як высьветлілася пазьней, інфармацыя апынулася хлусьлівай.
У 8.17 у аддзяленьне сталічнай міліцыі патэлефанаваў нейкі таксіст і паведаміў, што калі знаходзіўся на вуліцы Адзінцова, пачуў гутарку нейкага мужчыны па таксафоне, які папярэджваў некага аб замінаваньні галоўнага корпусу БДУ. На працягу гадзіны – да 9.30 – у будынку працавала служба размінаваньня, якая падвяла выснову: ніякай бомбы ў будынку не апынулася.
Апэратыўная група выехала ў тэрміновым парадку на вуліцу Адзінцова і злавіла мужчыну, які размаўляў праз таксафон. Як паведамляе БелаПАН, гэта быў 55-гадовы жыхар Менску. Матывы ягоных дзеяньняў высьсвятляюцца.
Што датычыцца студэнтаў, то тыя асабліва не злаваліся на “мінёра”. Пацягвалі піва, давольныя, што пары сарваліся.
Як паведаміў адзін са студэнтаў, які навучаецца ў другую зьмену, у іх заняткі прайшлі ў звычайным парадку: “Казалі, што супрацоўнікі праваахоўных ворганаў не пускалі нікога ў будынак да 12-ці гадзінаў”.
“Павыганялі таксама ўсіх, хто працуе ў будынку на Бабруйскай, 9” – адзначыў адзін з супрацоўнікаў БДУ, – “на тэрыторыю нікога не пускалі ахоўнікі. Але да абеду праца аднавілася ў звычайным парадку”.