11 студэнтаў затрымалі на акцыі ў падтрымку Тацяны Дзядок

Студэнтку БДЭУ Тацяну Дзядок дэкан прымушаў публічна "пакаяцца ў садзеяным" - удзеле ў акцыі пратэсту на Кастрычніцкай плошчы, за які дзяўчына адбыла пакараньне ў 10 сутак у турме на Акрэсьціна. Сёньня аб 11-й гадзіне завершыўся сход, які й мусіў асудзіць дзеяньні Тацяны. Побач з факультэтам сабраліся студэнты ў падтрымку Тацяны. Аднак людзі ў цывільным блякавалі ўваход у навучальны корпус і затрымалі 11 студэнтаў.

Тацяна Дзядок неаднаразова адзначала, што свае пазыцыі не зьмяніла і не мае намеру рабіць на сходзе “пакаяньня”. 

Напачатку на факультэце вышэйшай школа турызму БДЭУ, дзе навучаецца Тацяна, ад яе патрабавалі напісаць тлумачальную, што яна апынулася на плошчы выпадкова. Студэнтка напісала праўду, што прыйшла на плошчу згодна са сваімі палітычнымі поглядамі. На наступны дзень Тацяна напісала заяву ў дэканат, дзе спаслалася на 33 артыкул Канстытуцыі – “свабода поглядаў і меркаваньняў”. 

Дэкан факультэту Мікалай Іванавіч Кабушкін заявіў старасьце групы, што яны павінныя на сходзе асудзіць дзеяньні Тацяны Дзядок і ўзяць яе на перавыхаваньне. Інакш дэкан паабяцаў расфармаваць групу як палітычна ненадзейную.

Як паведаміла Тацяна “Радыё Свабода”, за пару дзён да заплянаванага сходу ў дэканат выклікалі чацьвярых Тацяніных аднагрупнікаў: дзяўчыну, якая чакала пакой у студэнцкім інтэрнаце, хлопца, які добра вучыцца, але мае дазвол дэканату на вольнае наведваньне заняткаў, і двух “двоечнікаў”... Іх папярэдзілі, што калі яны выкажуцца на сходзе за Тацяну, то будуць мець праблемы. Але студэнты кажуць, што падтрымліваюць Тацяну. 

 

Да дэкана факультэту датэлефанавацца немагчыма. Але карэспандэнту “Салідарнасьці” гэта ўдалося. Вось які дыялёг атрымаўся паміж імі 17 красавіка.   

М.К.: Слухайце, закалябалі вы са сваёй Тацянай Дзядок. Ужо надрукавалі ў інтэрнэце на мяне кляўзу… Тацяна Дзядок зьдзейсьніла адміністратыўнае правапарушэньне, і мы хочам, каб яна ўсьвядоміла свой праступак. Яна ж ня ў лесе жыве – яна зганьбіла групу, факультэт, унівэрсытэт. І ніякая палітыка тут ні пры чым.  

“С.”: А калі не ўсьвядоміць, ці будзе пакараньне? 

М.К.: Такое, якое я палічу патрэбным, якое група вырашыць.

“С.”: Але ж яна ўжо панесла адміністратыўнае пакараньне… 

М.К.: Па-першае, я папрасіў, а не патрабаваў. Вучыцца яна нармалёва, з наведвальнасьцю ў яе ўсё ў парадку (зараз адпрацоўвае прапушчаныя заняткі). Ня трэба каяцца – няхай усьвядоміць праступак. А не – гэта яе справа, у нас жа ж дэмакратыя. Я, магчыма, таксама не крыштальны чалавек. Можа, ніякага сходу яшчэ й ня будзе. Ня трэба мяне, доктара навук, паліваць брудам, што зараз адбываецца ў інтэрнэце. І ад бацькоў яе, як там пішуць, я не прасіў “пакаяньня”. Яе бацька, Міхаіл Аляксеевіч, сам хацеў са мной сустрэцца. Так што наша сустрэча адбылася па яго ініцыятыве… Так што я яшчэ папрашу Тацяну напісаць тлумачэньне, чаму наша размова зьявілася ў інтэрнэце ў перакручаным выглядзе.

Сёньня каля 11-й гадзіны сход групы завершыўся. Вынікі сходу пакуль невядомыя.

У інтэрнэце за гэтыя дні паднялася хваля ў падтрымку Тацяны Дзядок. БДЭУ на працягу апошняга году займеў славу скандальнага ўнівэрсытэта, дзе парушаюцца акадэмічныя свабоды, адлічваюць студэнтаў з выдатнай пасьпяховасьцю за палітычныя погляды.

Сёньня да навучальнага корпусу, дзе месьціцца факультэт вышэйшай школы турызму, пачалі зьбірацца студэнты – як з БДЭУ, так і зь іншых ВНУ. Але яшчэ на падыходах да ўнівэрсытэту іх спынялі людзі ў цывільным.

Каля двух дзясяткаў людзей у цывільным блякавалі ўваход у ВНУ і здымалі ўсё на відэа. У выніку людзі, якія прыйшлі падтрымаць Тацяну, мусілі стаць у сквэрыку насупраць будынку.

Як паведамляе “Радыё Свабода”, пры гэтым 11 чалавек затрымалі. Частку зь іх адпусьцілі, перапісаўшы пашпартныя дадзеныя. Астатніх павезьлі ў адзін з райаддзелаў міліцыі. Дакладнае іхнае месцазнаходжаньне цяпер невядомае.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0653 seconds.