Студэнтаў прымушаюць "публічна пакаяцца" за ўдзел ў акцыях пратэсту

Студэнтку Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўнівэрсытэту Тацяну Дзядок прымушаюць публічна "пакаяцца ў садзеяным" - удзеле ў акцыі пратэсту на Кастрычніцкай плошчы. Сход адбудзецца 19 красавіка ў 9:00. 

На гэтым сходзе ад групы патрабуецца публічнае асуджэньне студэнткі. Калі ж Тацяна Дзядок не пакаецца, то групу пагражаюць расфармаваць як палітычна ненадзейную. Пра гэта старасьце групы паведаміў дэкан факультэта Мікалай Кабушкін, які выклікаў яе на размову.

Сытуацыю камэнтуе на spring96.org правазнаўца Валянцін Стэфановіч:

В.С.: "Тацяна Дзядок выдатніца, яе няма за што выключаць з унівэрсытэту, вось таму і прыдумалі такі мэтад узьдзеяньня. Паводле артыкулу 33 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь гарантуецца свабода меркаваньняў і перакананьняў, а таксама зафіксавана тое, што ніхто ня можа быць прымушаны да таго, каб адмовіцца ад сваіх поглядаў і перакананьняў. Тацяна Дзядок панесла пакараньне – адміністратыўны арышт 10 сутак. І на гэтым ўсё. А ўсе гэтыя публічныя пакаяньні – гэта вяртаньне сталінізму. Студэнтам прапануецца публічна асудзіць ворага народа."

Тацяна Дзядок гаворыць, што пасьля яе затрыманьня пад час разгону намётавага гарадка і адбыцьця адміністратыўнага арышту (10 сутак), з боку адміністрацыі ўнівэрсытэта на яе аказваецца маральный ціск. Дэкан Вышэйшай школы турызма Кабушкін Мікалай Іванавіч, патрабаваў ад Тацяны Дзядок, студэнткі-выдатніцы, каб яна публічна "пакаялася" перад студэнтамі і дэканатам, а пасля гэтага каб "пакаяліся" і яе бацькі. Ён таксама паабяцаў, што ў выпадку, калі студэнтка публічна не адмовіцца ад сваіх перакананняў, ёй будуць забясьпечаны праблемы на сэсіі. Пасьля схрду ў групе 19 красавіка, студэнтка з бацькамі мусіць каяцца ў дэканаце, а потым у рэктара Шымава.

БДЭУ на працягу апошняга году займеў славу скандальнага ўнівэрсытэта, дзе парушаюцца акадэмічныя свабоды, адлічваюць студэнтаў з выдатнай пасьпяховасьцю за палітычныя погляды. У сьнежні 2005 году БДЭУ быў выключаны з Эўрапейскай асацыяцыі ўнівэрсытэтаў з-за выключэньня зь ліку студэнтаў Тацяны Хома і парушэньні правоў студэнтаў у межах унівэрсытэта. 

Нагадаем, што Радай Эўразьвязу пашыраецца сьпіс неўяздных у краіны Эўропы чыноўнікаў зь Беларусі, якія ўдзельнічалі ў фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў, а таксама чыняць перасьлед грамадзка-актыўным людзям. У гэты спіс могуць трапіць у тым ліку рэктары і дэканы беларускіх ВНУ, якія ціснуць на студэнтаў з-за палітычных прычынаў. 

У той жа час у Беларусі створаны грамадзкі камітэт у дапамогу рэпрэсаваным, які ў тым ліку дапамае выключаным па палітычных прычынах студэнтам працягнуць адукацыю ў суседніх краінах.

Тэлефоны факультэту вышэйшай школы турызму БДЭУ:

+375 17 210-56-88 - Кабушкін Мікалай Іванавіч, дэкан
209-79-20 - Гарбылёва Зоя Міхайлаўна, намесьнік дэкана
220-79-07 - cакратар
209-79-79 - дэканат

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0593 seconds.