Адбылося першае паседжаньне суда Тацяны Хома супраць БДЭУ

Сёньня ў судзе Заводзкага раёну Менску пачаўся суд па справе Тацяны Хомы супраць Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўнівэрсытэту. Выключаная студэнтка падала ў суд на свой былы ўнівэрсытэт, бо лічыць беспадстаўным і незаконным загад аб сваім адлічэньні.

Сёньня судзьдзя Ірына Мардовіч выслухала два бакі: Тацяну зь ейным адвакатам сп. Сапелкам і юрысконсультам БДЭУ сп. Сьпіравым.

Адвакат спадар Сапелка ў сваім выступе зьвярнуў увагу суда на тое, што прававых нормаў згодна зь якімі было можна выключыць Тацяну з БДЭУ не існуе. Бо ні ў адным нарматыўным акце не пазначаныя "самавольны выезд за мяжу" альбо "грубейшае парушэньне правілаў унутранага распарадку" як прычыны, паводле якіх можна адлічыць студэнта. Спадар Сапелка адзначыў, што парушэньне правілаў унутранага распарадку згодна з інструкцыяй №192 Міністэрства Адукацыі РБ павінна быць сыстэматычным, для таго каб стаць падставай для адлічэньня студэнта. 

Юрысконсульт БДЭУ сп. Сьпіраў блытаўся ў сваіх заявах. У часе судовых прэньняў ён зазначыў, што выключэньне Тацяны Хомы сапраўды выпадак неардынарны - "эксклюзыўны", як ён сказаў. Зь яго словаў, адміністрацыя ўнівэрсытэта зьвярнула ўвагу на факт выезду студэнткі за мяжу пасьля абраньня Тацяны ў кіраўніцтва ESIB, пра што яны даведаліся з прэсы.

Тацяна Хома пракамэнтавала studenty.by сёньняшняе паседжаньне. 

Т.Х.: Нават, калі прычыну маёй адсутнасьці на занятках у тыя 4 дні і нельга лічыць зважальнай, то ўгледзець у гэтым сыстэматычнасьць дакладна немагчыма. А са словаў прадстаўніка ўнівэрсытэта атрымоўваецца, што нават два спазьненьні на заняткі можна разглядаць, як сыстэматычнае парушэньне правілаў унутранага распарадку, а значыць – прычыну да адлічэньня!

Таксама ўразіла абгрунтаваньне адлічэньня выхаваўчымі матывамі. Каго яны хацелі выхаваць? Думаю, што дакладна не мяне. Мэтай было паказаць усім іншым, што беларускія студэнты ня могуць ездзіць туды, куды хочуць і калі хочуць.

Паслухаўшы шэраг яго разьвітых лекцыяў, мне стала сумна за тых людзей, якія зараз навучаюцца ва ўнівэрсытэтах, бо беларускія ВНУ уявіліся, як тое ж Акрэсьціна, дзе ў цябе няма правоў, а толькі абавязак жыць па ўсталяваным рэжыме.


6-гадзіннае паседжаньне суда завершылася прапановай судзьдзі працягнуць разгляд справы заўтра ў 11.30. Паседжаньне суда адкрытае, уваход вольны.

Тацяна Хома была выключаная з 4 курса факультэта міжнародных эканамічных зносінаў БДЭУ пасьля таго, як яе абралі ў Праўленьне Зьвязу нацыянальных студэнцкіх аб’яднаньняў Эўропы (ESIB). Зьезд гэтай арганізацыі адбываўся ў лістападзе мінулага году ў Францыі. У падтрымку Тані выступіла міжнародная студэнцкая супольнасьць, рэктары і міністры адукацыі многіх эўрапейскіх краінаў.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.007 seconds.