Акцыі салідарнасьці зь беларускімі студэнтамі ў Эўропе

Бэльгійскія студэнты правялі акцыю салідарнасьці ў Брусэлі, накіраваную на прыцягненьне ўвагі да праблемы парушэньня правоў студэнтаў на Беларусі. Студэнты зьбіраюцца зьвярнуцца да афіцыйных структураў Эўропы і іншых студэнцкіх арганізацыяў па падтрымку.

Апошнія падзеі на Беларусі, калі сотні студэнтаў былі зьбітыя і затрыманыя падчас мірных акцыяў пратэсту і калі яны трапілі пад пагрозу выключэньня з-за гэтага, прыцягнулі шмат увагі з боку эўрапейскіх студэнтаў. У розных краінах Эўропы зараз адбываюцца акцыі салідарнасьці насупраць амбасадаў Беларусі. Так, напрыклад, на мінулым тыдні такая акцыя была праведзена ў Кіеве.

 

Учора а 10:30 ля беларускай амбасады ў Бэльгіі зьявілася ля 30 бэльгійскіх студэнтаў з залепленымі вуснамі, сымбалізуючы адсутнасьць свабоды слова студэнтаў на Беларусі. Удзельнікі акцыі трымалі вялікія капэрты зь лістамі да амбасадара Беларусі і Лукашэнка А.Г. (спасылка на ліст Лукашэнку). Ідэя кампаніі заключаецца ў тым, каб прыцягнуць увагу да праблемаў студэнтаў на Беларусі і паказаць беларускім уладам, што за сытуацыяй у краіне ўважліва сочаць. Студэнты плянуюць распаўсюджваць заклік да іншых студэнтаў, грамадзянаў, а таксама афіцыйных установаў і міжнародных арганізацыяў, каб тыя дасылалі такі тыповы ліст пратэсту на адрэсу Лукашэнка А.Г.

 

 

Напрыканцы акцыі, паклаўшы ва ўзгаданыя вялікія капэрты першыя лісты пратэсту, іх урачыста “даслалі” (пакінулі ля ўваходу амбасады) амбасадару Беларусі ў Бэльгіі. 

Ідэя акцыі была прапанаваная флямандзкай Бэльгійскай студэнцкай арганізацыяй  Vlaamse Vereniging van Studenten (VVS), што ўваходзіць у Эўрапейскую студэнцкую арганізацыю ESIB – the National Unions of Students in Europe. Да яе таксама далучыліся – студэнцкая арганізацыя, што прадстаўляе франкамоўную частку краіны Fédération des Etudiant(e)s Francophones (FEF), а таксама шэраг студэнцкіх эўрапейскіх студэнцкіх арганізацыяў, сярод якіх ESIB – the National Unions of Students in Europe, OBESSU i AEGEE.

Як паведамілі www.studenty.by удзельнікі акцыі, амбасадар бачыў іх, калі заяжджаў на аўтамабілі на тэрыторыю амбасады, але не выйшаў да ўдзельнікаў акцыі.

“Мы зьбіраемся зьвярнуцца да нашага міністэрства адукацыі, Савета рэктараў Бельгіі з просьбай падтрымаць нашую кампанію… Мы спадзяемся, што іншыя сябры ESIB далучацца да нашай кампаніі салідарнасьці”, пракамэнтаваў пляны надалей Міхаэль Хоріг, міжнародны каардынатар VVS, а таксама сябра камітэту па Балёнскім працэсе ESIB.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0609 seconds.