Прэм'ер-міністар РП: Польшча прыме выключаных беларускіх студэнтаў

Сёньня ў Варшаве адбудзецца падпісаньне Дэклярацыі аб намерах у справе прыёму на вучобу ў Польшчу беларускіх студэнтаў, выключаных са сваіх ВНУ за палітычную і грамадзкую дзейнасьць. Дакумэнт разам з рэктарамі вядучых польскіх ВНУ падпішуць Аляксандар Мілінкевіч і прэм’ер-міністар Польшчы Казімеж Марцінкевіч.

Рашэньне на дзяржаўным узроўні падтрымаць беларускіх студэнтаў – беспрэцэдэнтнае. Нічога падобнага Польшча раней ніколі не рабіла.

Паводле прэсавага сакратара польскага ўраду Конрада Цесялкевіча, беларусы могуць разьлічваць прынамсі на 300 месцаў у польскіх ВНУ – ім будуць аплачаныя кошты навучаньня і пражываньня ў краіне.

Ужо ад ліпеня ў ВНУ Польшчы пачнуцца курсы польскай мовы для беларускіх студэнтаў, пачатак заняткаў – сёлета 1 кастрычніка.

У часе цырымоніі ў Варшаўскім унівэрсытэце Дэклярацыю аб намерах стварэньня фонду дапамогі студэнтам імя Кастуся Каліноўскага падпішуць рэктары ўнівэрсытэтаў Варшавы, Кракава, Познані і яшчэ шэрагу вядучых ВНУ Польшчы.

Рэктар Політэхнічнай акадэміі ва Ўроцлаве і адначасова старшыня Канфэдэрацыі рэктараў акадэмічных ВНУ Польшчы прафэсар Тадэвуш Люты кажа, што заклік дапамагчы беларускім студэнтаў скіраваны да ўсіх польскіх ВНУ.

(Люты: ) “Мы зьвяртаемся таксама да ўсіх ВНУ нашай краіны, каб яны шырэй адчынілі дзьверы для беларускіх студэнтаў”.

Ягоная навучальная ўстанова ўжо прыняла на вучобу некалькіх беларусаў – яны вучацца бясплатна, маюць таксама месца ў інтэрнаце. Васьмёра студэнтаў з зачыненага беларускімі ўладамі ЭГУ таксама бясплатна вучацца ў Беластоку – у Вышэйшай школе грамадзкай адміністрацыі.

Рэктар школы і адначасова дэпутатка Эўрапейскага парлямэнту, прафэсар Барбара Кудрыцка сказала, што яе навучальная ўстанова падрыхтаваная да таго, каб прыняць чарговых беларускіх студэнтаў.

Падтрымку дэкляруе і прафэсар Ежы Нікітаровіч – рэктар Беластоцкага ўнівэрсытэту.

//Радыё Свабода 

12:00, 30/03/2006 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.3595 seconds.