Новы ўказ пра платнае навучаньне

Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ пра некаторыя адметнасьці платнага навучаньня ў дзяржаўных навучальных установах вышэйшай і сярэдняй адукацыі ад 28.02.2006г. Паводле прэсавай службы прэзыдэнта, дакумэнт усталёўвае адзіны падыход у пытаньні кошту платнага навучаньня ў дзяржаўных установах вышэйшай і сярэдняй адукацыі.

Максымальны ўзровень рэнтабэльнасьці пры фармаваньні кошту навучаньня не павінен перавышаць 30 працэнтаў. Ва ўказе таксама гаворыцца, што грошы студэнтаў мусяць выдаткоўвацца, у прыватнасьці, на такія мэты як аплата працы выкладчыкаў і гаспадарчыя патрэбы.

На думку незалежных экспэртаў, дакумэнт скіраваны на ўмацаваньне цяперашняга дзяржаўнага курсу ў сфэры адукацыі. Былы прарэктар Белдзяржунівэрсытэту Анатоль Паўлаў так пракамэнтаваў Радыё Свабода сваю думку:
“Платная адукацыя ў дзяржаўных установах азначае, што насельніцтва плаціць двойчы за адукацыю. Спачатку яны адлічылі падаткі, каб утрымліваць так званую бясплатную адукацыю. А потым калі дзіця не паступіла, кажуць, што ты яшчэ раз заплаці. Калі б кіраўніцтва клапацілася насамрэч пра моладзь, дык выдзяляла б з бюджэту дадатковыя асыгнаваньні”.
Паводле спадара Паўлава, платнае навучаньне павінна мець месца толькі ў прыватных навучальных установах. Былы прарэктар Белдзяржунівэрсытэту перакананы, што са зьменай улады ў Беларусі зьменіцца і палітыка ў гэтай сфэры, паводле якой платнага навучаньня ў дзяржаўных установах не будзе.
tarka 13:00, 03/03/2006
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.7105 seconds.