ЭГУ атрымаў афіцыйны статус ўнівэрсытэта ў Літве
Урад Літвы даў згоду на заснаваньне беларускага Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэта ў выгнаньні. “Міністэрства асьветы і навукі, усьведамляючы важную і выключную сытуацыю ўнівэрсытэта, прапанавала ўхваліць заснаваньне ўнівэрсытэта ў выгнаньні”, -- паведаміў Міністар асьветы і навукі Літвы Рэмігіюс Мотузас (Remigijus Motuzas).
Экспэрты, вывучылі падрыхтаваныя ўнівэрсытэтам умовы навучаньня, выкладчыцкі склад і ягоную кампэтэнцыю, абмеркавалі пэрспэктывы дзейнасьці па падрыхтоўцы спэцыялістаў высокай кваліфікацыі, якія садзейнічалі б дыялёгу паміж культурамі Усходняй і Заходняй Эўропы, а таксама разьвіцьцю грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі і ўхвалілі заснаваньне Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэта ў выгнаньні.
Заснаваньне вышэйшай навучальнай установы рэглямэнтуецца Законам аб вышэйшай адукацыі Літоўскай Рэспублікі і іншымі прававымі актамі. Іх абавязаныя выконваць усе ствараемыя вышэйшыя навучальныя ўстановы.
Заяўка заснавальніка Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэта ацэньвалася на падставе прававых актаў Літоўскай Рэспублікі Экспэртным саветам па якасьці адукацыі і Унівэрсытэцкай камісіяй Савета ацэнкі навуковых і навучальных установаў. 7 лютага адбылося паседжаньне Савета ацэнкі навуковых і навучальных устаноў, дзе была дадзена згода на заснаваньне ў Літве беларускага Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэта ў выгнаньні, да таго часу, пакуль не зьявяцца ўмовы для працягненьня дзейнасьці ўнівэрсытэта ў Беларусі.
Паводле прэс-рэліза ЭГУ