Пернік замест кнута: Юшчанка прапанаваў украінскім студэнтам альтэрнатыву прымусоваму разьмеркаваньню

Павелічэньне стыпэндыяў амаль у чатыры з паловай разы атрымаюць 1000 украінскіх студэнтаў, якія пагодзяцца па заканчэньні ВНУ адпрацаваць па спэцыяльнасьці ў сельскай мясцовасьці 5 год. З мэтаю заахвочваньня моладзі да працы ў сельскай мясцовасьці Прэзыдэнт Украіны Віктар Юшчанка падпісаў указ, згодна якому ўсталёўваюцца акадэмічныя стыпэндыі для студэнтаў вышэйшых аграрных навучальных установаў.

Указам прадугледжваецца заснаваньне 1000 акадэмічных стыпэндыяў для студэнтаў ВНУ, якія абавязуюцца пасьля навучаньня адпрацаваць у сельскай мясцовасьці пяць год. Дадзеныя стыпэндыі выплачваюцца ў памеры 4,375 мінімальнай акадэмічнай стыпэндыі для студэнтаў ВНУ адпаведнага ўзроўня акрэдытацыі.

Гэты ўказ і зьяўляецца стымулам да такой адпрацоўкі ў сельскай мясцовасьці, бо мінімальны памер усталяваных стыпэндыяў складае 525 грыўнаў (прыблізна 105 даляраў ЗША). У параўнаньні зь сярэднім заробкам ва Ўкраіне (100-150 даляраў ЗША) новыя акадэмічныя стыпэндыі сапраўды могуць заахвоціць студэнтаў дабраахвотна ісьці на працу ў сельскую мясцовасьць.

Кабінэт Міністраў Украіны мусіць у двухмесячны тэрмін зацьвердзіць парадак прызначэньня акадэмічных стыпэндыяў Прэзыдэнта Ўкраіны для студэнтаў вышэйшых аграрных навучальных установаў I-IV узроўняў акрэдытацыі.

Практыка прымусовага разьмеркаваньня студэнтаў, як тое дзейнічала ў часы СССР, а таксама існуе зараз у Беларусі, Украінай не выкарыстоўваецца. На пачатку мінулага сэмэстру Вярхоўная Рада Украіны падрыхтавала праект Закону "Аб вышэйшай адукацыі". Асаблівасьцю законапраекта, які выклікаў абурэньне ўкраінскіх студэнтаў, зьяўлялася ўвядзеньне разьмеркаваньня выпускнікоў на 3 гады. Але праз правядзеньне мірных акцыяў пратэсту студэнты дамагліся ад Прэзыдэнта Віктара Юшчанка, каб ён наклаў вэта на законапраект, які парушае правы студэнтаў на вольны выбар працы.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0899 seconds.