Першыя курсы павышэньня кваліфікацыі для спэцыялістаў у галіне абароны інфармацыі адкрыліся ў БДУ

У Белдзяржунівэрсытэце 16 чэрвеня адкрыліся першыя курсы павышэньня кваліфікацыі "Сучасныя сродкі забесьпячэньня бясьпекі інфармацыі ў інфармацыйных сістэмах дзяржаўных органаў". Сярод слухачоў - прадстаўнікі Адміністрацыі Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага банка, міністэрстваў па падатках і зборах, сувязі, адукацыі, аховы здароўя, Камітэта па стандартызацыі, мэтралёгіі і сэртыфікацыі пры Савеце Міністраў, Дзяржаўнага мытнага камітэта, Мінгарвыканкама і Нацыянальнага выставачнага цэнтра "Белэкспа". Арганізавалі курсы БДУ і Дзяржаўны цэнтр бяспекі інфармацыі пры прэзыдэнце Беларусі.

Як расказаў у гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА дэкан факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі Белдзяржунівэрсытэта Павел Мандрык, "цяпер неабходна стварыць сістэмны падыход да арганізацыі і распрацоўкі мэтадаў і сродкаў абароны інфармацыі. Вырашыць гэту праблему і прызначаны курсы, таму што вучыцца разам будуць кіраўнікі і іх падначаленыя".

Акрамя таго, адзначыў Павел Мандрык, спэцыяліст, які стварыў сістэму абароны інфармацыі, можа яе і "ўзламаць". Таму на курсах шмат увагі будзе ўдзелена маральна-прававому аспэкту ў гэтай галіне.

Усяго ж слухачам першай плыні прапанавана больш за дзесятак тэм. Сярод іх - асновы прававога рэгуляваньня ў інфармацыйным асяродзьдзі, стандартызацыя і сэртыфікацыя сродкаў абароны інфармацыі ў Беларусі, праблемы ўкараненьня тэхналёгій электронных дакумэнтаў і электроннага лічбавага подпісу, праграмна-тэхнічныя сродкі абароны інфармацыі ў кампутаровых сістэмах, сучасныя тэндэнцыі развіцьця шкодных праграм і ўдасканаленьне сродкаў барацьбы зь імі. Усе слухачы, якія прайшлі падрыхтоўку, атрымаюць адпаведныя пасведчаньні дзяржаўнага ўзору.

Дарэчы, у БДУ, паведаміў дэкан факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі, набыты вялікі навукова-даследчы вопыт у галіне абароны інфармацыі. Гэтымі праблемамі ў ВНУ займаліся яшчэ ў часы Савецкага Саюза. А ў мінулым годзе адбыўся першы набор студэнтаў на новую спэцыяльнасьць "Кампутаровая бясьпека" адразу на двух факультэтах БДУ - прыкладной матэматыкі і інфарматыкі, радыёфізыкі і электронікі.

@ptymist 00:00, 18/06/2003 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0048 seconds.