Сусьветная адукацыя патрабуе ад Беларусі i Расеі карэнных рэформаў
Удзел Расеі ў сусьветнай адукацыйнай праграме (Балоньскі працэс) ня будзе паўнапраўным да 2010 года. Адной з прычынаў такога рашэньня ёсьць нелегальны продаж дыплёмаў, што вельмі распаўсюджаны ў Расеі.
Міністар адукацыі РФ Уладзімір Філіпаў кажа, што “дадзеная праблема будзе вырашаная праз стварэньне агульнасусьветнага банку дыплёмаў з нумарамі, па якіх заўсёды лёгка будзе праверыць сапраўднасьць дакуманта”. Але больш цяжкім для Расеі будзе рэарганізацыя шматузроўневай сыстэмы адукацыі, што актуальна і для Беларусі. На Захадзе ж на школьную адукацыю сыходзіць 12-13 гадоў, а на бакаляўрыят і магістратуру – па тры і два гады, адпаведна.
Нагадаю, што Беларусь таксама не далучаная да Балоньскага працэсу. Нашае Mіністэрста Адукацыі імкнецца як мага больш наблізіць беларускую сыстэму адукацыі да сусьветнай, але ў асноўным толькі на словах. Таму беларускіх прадстаўнікоў наагул не запрашаюць на паседжаньні міністраў розных краінаў дзеля абмеркаваньня Балоньскага працэсу. Галоўная прычына таму – неадпаведнасьць беларускай сыстэмы адукацыі сусьветнай.
Але вельмі істотным зьяўляецца і тое, наколькі вольна сябе пачуваюць студэнты ў Беларусі. Для краінаў-удзельніцаў Балоньскага працэсу важна, у якой ступені парушаюцца правы студэнтаў у Беларусі. Эўрапэйскі студэнцкі зьвяз ESIB (www.esib.org) рэгулярна наведвае паседжаньні міністраў па Балоньскім працэсе і дае свой агляд сытуацыі са студэнцкімі свабодамі ў эўрапэйскіх краінах, у тым ліку і аб сытуацыі ў Беларусі.
“Далучэньне Беларусі да Балоньскага працэсу на дадзеным этапе адмоўна адбілася б на сытуацыі з парушэньнямі правоў студэнтаў у Беларусі. Уваход Беларусі на дадзеным этапе ў Балоньскі працэс азначаў бы прызнаньне Эўропай Беларусі як краіны з дэмакратычнай сыстэмай адукацыі, што далёка ня так. Мы павінныя прымусіць нашае Міністэрства адукацыі спыніць найбольш частыя парушэньні студэнцкіх правоў”, - камэнтуюць сябры беларускага студэнцкага зьвязу ЗБС, якія прадстаўляюць Беларусь у Эўропе праз сяброўства ў ESIB.
Патрабаваньні, якія мусіць выканаць МінАдукацыі РБ дзеля далучэньня да Балоньскага працэсу, на думку ЗБС, наступныя:
- адмена прымусовага разьмеркаваньня студэнтаў
- спыненьне палітызацыі адукацыі (адмена прадмета “беларуская дзяржаўная ідэалёгія”, спыненьне прымусовага запісваньня студэнтаў у прадзяржаўныя арганізацыі)
- стварэньне рэальных магчымасьцяў для працы студэнцкага самакіраваньня
- стварэньне магчымасьцяў (а не перашкодаў) навучаньню на роднай мове
На мінулае паседжаньне міністраў аб Балоньскім працэсе, што адбывалася ў верасьні ў Бэрліне, прыбыў і прадстаўнік МА Беларусі. Без афіцыйнага запрашэньня. Гэта быў спадар Ціханаў. Дадзеная імпрэза была зусім абдзеленая ўвагаю з боку беларускай прэсы.
Але ж для Беларусі дадзенае паседжаньне мела наступны вынік: Беларусь ня будзе далучаная да Балоньскага працэсу пакуль не зрэалізуе рэформу адукацыі, якая наблізіць беларускую адукацыю да сусьветнай. Больш таго, беларускія прадстаўнікі ня будуць прысутнічаць на наступных паседжаньнях па пытыньнях Балоньскага працэсу да рэальных зрухаў у рэформе адукацыі.